Я — Божае дзіця

Чацвёртая нядзеля Вялікага Посту, год С (31.03.2019)

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён устаў, і пайшоў да свайго бацькі.

А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.

А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».

(Лк 13, 1–9)

Я — Божае дзіця

Чацвёртая нядзеля Вялікага посту называецца таксама нядзеляй laetare — нядзеляй радасці. Фрагмент з сённяшняга евангельскага чытання гаворыць нам, што мусіць нас усцешваць. Нашая радасць павінна вынікаць з таго, што мы з’яўляемся Божымі дзецьмі нават тады, калі мы, як марнатраўны сын, адчуваем, што не заслугоўваем гэтага, нават тады, калі мы баімся скарыстацца гэтаю годнасцю, як старэйшы сын з сённяшняй прыпавесці.

Малодшы сын, які здзейсніў грэх, дзівіцца міласэрнасці айца. Той не толькі ласкава прымае яго дома, але і вяртае яму сыноўскую годнасць: апранае на ногі сандалі, якія ў тыя часы былі прывілеем вольных людзей, дае яму найлепшае адзенне і пярсцёнак — сімвалы страчанай годнасці гаспадарскага сына. Дзеля яго ладзіцца святочная вячэра, дзе ён сядзіць побач з бацькам, сям’ёю і сябрамі, — гэта сведчыць, што, нягледзячы на свой грэх, ён ім роўны.

Старэйшы сын выказвае бацьку прэтэнзіі, што ніколі не атрымліваў ад яго прывілеяў, якія дасталіся малодшаму брату. Бацька ж звяртае ягоную ўвагу на тое, што ён мог карыстацца ўсім, да ўсяго меў доступ, у адрозненне ад малодшага. Але старэйшы ніколі не рабіў гэтага ад страху: ён не адчуваў, што мае права ўзяць тое, што яму належыць. Ён баяўся пакрыўдзіць айца, скарыстаўшыся яго дабротамі.

Айцец з прыпавесці паказаў сваім дзецям, што ён гарантуе ім годнасць яго сыноў, яго нашчадкаў. Яны — сыны толькі таму, што ён — іх бацька. Гэтак жа будуюцца і нашыя адносіны з Богам Айцом. Мы — Ягоныя дзеці, бо Ён — наш Айцец. Грэх або страх перад Богам могуць прымусіць нас адчуваць сябе «не вартымі называцца яго сынамі».

Але нашая сыноўская годнасць вынікае з Божай волі, і Той, хто даў нам гэтую годнасць, у сваёй бясконцай міласэрнасці можа аднавіць яе ў нас. Вялікі пост — гэта час, калі мы можам заглыбіцца ў гэтую міласэрнасць, каб аднавіць у сабе радасць таго, што мы «называемся дзецьмі Божымі і з’яўляемся імі» (пар. 1 Ян 3, 1).


Айцец Марыюш Куліг OP
Па матэрыялах партала W drodze

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла