Топ-7 хрысціянскіх youtube-каналаў, якія хочацца глядзець. Частка 2

Мы працягваем расказваць пра ютуб-каналы, якія глядзім і якія раім паглядзець і вам. Зразумела, ёсць і іншыя добрыя хрысціянскія каналы, пра якія, магчыма, мы яшчэ не ведаем. Таму просім вас, дарагія чытачы, пашыраць наш кругагляд на хрысціянскую прысутнасць у онлайн-прасторы, пішыце нам, каментуйце нашыя публікацыі ў сацсетках. А пакуль — новая порцыя добрага відэа-кантэнту!


«Langusta na palmie»

«Лангуст на пальме» — гэта відэа-блог а. Адама Шустака ОР. Канал, які не пакідае нікога абыякавым.

Раніцай, сонная, ідучы на кухню, я бяру з сабою смартфон і ўключаю ў ютубе Шустака. Пакуль варыцца мая кава, я паспяваю паглядзець невялічкі ранішні влог гэтага святара-дамініканіна. Так пачынаецца амаль кожны мой дзень. Знаёмства з айцом Адамам Шустакам ОР і яго ютуб-каналам «Лангуст на пальме» пачалося для мяне некалькі гадоў таму. Першае, што я паглядзела — гэта лекцыя айца Адама на нейкую актуальную для маладых людзей тэму. Я падумала: як жа крэатыўна ён падыходзіць да тлумачэння біблійных урыўкаў! А таксама мне было важна, што ён дае файныя парады, якія рэальна працуюць.

З цягам часу я падпісалася на ютуб-канал «Lаngusta na palmie», глядзела і слухала лекцыі, влогі, рэкалекцыйныя серыі. А чаго толькі вартае сведчанне айца Адама пра навяртанне! Многія мае сябры таксама пачалі глядзець гэты канал і мы часта абмяркоўвалі тое, што кажа Шустак, нас часта выручалі яго каментары Святога Пісання на нашых біблійных групках. Адным словам, сказаць, што гэты дамініканін мне падабаецца — нічога не сказаць, ён стаў для мяне і аўтарытэтам, і «сябрам».

Тое, што айцец Адам вядзе свой канал па-польску, можа напужаць тых, хто гэтай мовы не ведае. Але гэта не павінна быць вялікай перашкодай, калі вы толькі крыху разумееце польскую. Бо мой тата, калі паглядзеў адно відэа, упэўнена сказаў, што гэты дамініканін — з нашых, беларускіх, мясцінаў (насамрэч — не), бо кажа вельмі проста і зразумела.

Сёння я ўжо не так часта гляджу Шустака, як раней. Думаю, павінны быць нейкія перыяды ў жыцці: час вучыцца і час прымяняць у жыцці тое, чаму навучыўся. Але я ведаю, што заўсёды магу ўзяць там цудоўныя разважанні пра самыя розныя сферы жыцця хрысціяніна. Бо гэта так добра, што ёсць магчымасць паслухаць меркаванне такога святара, які любіць Бога і людзей.

«Лекции сестры Павлы»

— гэта відэзапісы лекцый сястры Паўлы Бобер MSF — тэолага, псіхолага, псіхатэрапеўта.

Калісьці мая сястра ў перыяд яе вялікай зацікаўленасці псіхатэрапіяй  параіла мне паглядзець лекцыі сястры Паўлы. Спачатку я не затрымалася на гэтым ютуб-канале, бо відэа былі аб’ёмныя, не вельмі добрай якасці — гэта былі запісы лекцый шматгадовай даўніны. Але ў нейкі момант я вырашыла цалкам паглядзець адно відэа. Пасля гэтага я пераглядзела бадай усё, што ёсць на гэтым канале. Справа ў тым, што сястра Паўла Бобер MSF не проста добры псіхатэрапеўт, яна вельмі кампетэнтна ўваходзіць і ў духоўную сферу чалавека, дзе псіхатэрапія ўплывае на духоўнае жыццё і — наадварот.

Мне вельмі падабаецца, што сястра Паўла дае заданні падчас сваіх лекцый. Хоць, на жаль, мне самой цяжка прымусіць сябе працаваць над сабою ў офлайн-рэальнасці, хочацца проста паглядзець класную лекцыю, думаючы, што ўжо толькі гэта можа мяне змяніць.

Калі ўсе лекцыі сястры Паўлы на ютубе перагледжаны, а хочацца яшчэ больш інфармацыі, то можна зайсці на яе сайт sestrapavla.ru, дзе змешчаны аўдыё і тэкставыя запісы яе лекцый. Дарэчы, у нашым часопісе ўжо некалькі гадоў вядзецца рубрыка «Старонка псіхолага» паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер.

«Студня Якуба»

— гэта праект айца Яўгена Голуба OFMConv, беларуса. Айцец дапамагае ўчытвацца ў Божае слова і запрашае «прысесці» ля студні, каб сустрэцца з Богам і самім сабою.

Некалькі гадоў назад, калі гэта яшчэ не было так папулярна (мэйнстрымам!), айцец францішканін Яўген Голуб стварыў ютуб-канал з арыгінальнаю назваю. Не буду хаваць, найперш гэты канал зачапіў тым, што айцец запісвае влогі па-беларуску (ну дык ён жа і ў жыцці такі), а яшчэ тым, што мне асабіста тое, што кажа а. Яўген — вельмі блізкае. Хто ведае айца, той бачыць, што гэты чалавек жыве тым, пра што кажа, і не кажа пра тое, чым не жыве...

Як і многія святары, айцец Яўген загружаны рознымі абавязкамі. Таму відэа на канале з’яўляюцца не штодня, але затое атрымаць добрую «порцыю» відэа-рэкалекцый там заўсёды можна. А гэта серыі «7 імёнаў Збаўцы», «Нататкі на палях», «#пераПост» і многія іншыя відэа.

Дзякуй, айцец Яўген, што Вы ёсць на ютубе! Вы нам там сапраўды патрэбны...

«Dominikanie.pl»

— гэта каталіцкі Netflix. Ну, амаль...

З лёгкай падачы айца Адама Шустака палова аўдыторыі яго ютуб-канала падпісалася яшчэ і на канал «Paśnik», дзе іншыя дамініканскія святары рабілі цэлыя серыі відэа, прысвечаных Бібліі, хрысціянскаму жыццю, малітве і г.д. Зусім нядаўна польскія дамінікане анансавалі стварэнне каталіцкага Нэтфлікса на базе ютуб-канала «Paśnik» і інтэрнэт-партала Dominikanie.pl. Цяпер новы  ютуб-канал будзе ствараць відэа-кантэнт не толькі са святарамі, але і са свецкімі католікамі, кампетэнтнымі ў пэўнай сферы, там можна знайсці таксама і кантэнт для дзяцей. На тое і ордэн прапаведнікаў, каб асвойваць інтэрнэт-прастору на ўсю поўніцу!

Зразумела, ютуб-канал Dominikanie.pl вядзецца па-польску. Але ёсць на ім каментары да Евангелля на кожны дзень і з рускімі субтытрамі, праўда, гэта толькі адзін праект а. Войцеха Енджаеўскага — #ЕвангелиарийОР. Будзем спадзявацца, што субтытры з’явяцца і на іншых серыях відэа.


Вольга Качалка

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла