Тры пакліканні

Чацвёртая звычайная нядзеля, год С (03.02.2019)

Cкіраваў да мяне Пан слова, кажучы: Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам для народаў.

Ты падпяражаш свае бёдры, устанеш і скажаш ім усё, што Я табе загадаю. Не бойся іх, інакш Я напоўню цябе страхам перад імі.

Вось Я зрабіў цябе сёння ўмацаваным горадам, жалезным слупом і меднымі мурамі супраць усёй зямлі, супраць каралёў юдэйскіх, супраць правадыроў іхніх, супраць святароў і народу гэтай зямлі.

Яны будуць ваяваць з табою, але не перамогуць цябе, бо Я з табою, — кажа Пан, — каб ратаваць цябе.

(Ер 1, 4–5. 17–19)

Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.

Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца. Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым, а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне. Калі я быў дзіцём, то як дзіця гаварыў, як дзіця думаў, як дзіця разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае. Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.

А цяпер трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў.

(1 Кар 13, 4–13)

І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі». Усе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: «Ці ж не сын Юзафа гэта?» А Ён сказаў ім: «Напэўна, скажаце мне такую прыказку: “Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”». І сказаў: «Сапраўды кажу вам: ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго. Сапраўды кажу вам: шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было зачынена тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана».

Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў.

(Лк 4, 21–30)

Тры пакліканні

Сённяшняе першае чытанне нагадвае нам аб прароцкім пакліканні, якое, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, існуе ў жыцці кожнага хрысціяніна разам са святарскім і каралеўскім пакліканнямі. Гэтыя тры паклікання, тры місіі, утвараюць адзінства.

Быць прарокам — азначае любіць праўду, жыць праўдаю і абвяшчаць яе, пачынаючы з пошуку праўды і будавання жыцця паводле яе, што неабходна, каб ствараць давер паміж людзьмі ў штодзённым жыцці. Любая хлусня супярэчыць гэтаму. Але гэта азначае таксама ісці глыбей, набліжаючыся да той Праўды, якою ёсць Езус Хрыстус.

Каралеўскае пакліканне вынікае з разумення, што Праўда-Хрыстус прыйшоў у свет для таго, каб служыць, і таму каралеўская ўлада заключаецца ў служэнні бліжнім, разуменні іх патрэбаў і падтрымцы іх у той меры, у якой гэта дазволена нам Богам. Гэтаму трэба вучыцца ў святле Божага слова.

Святарскае пакліканне (тут не маецца на ўвазе сакрамэнт святарства) — гэта наступны этап хрысціянскага паклікання, якое заключаецца ў тым, каб аддаваць жыццё за бліжніх. Яно заключаецца ў малітоўных просьбах і ўдзячнасці за братоў і сясцёр і ахвяры за іх. Ахвяра на карысць бліжніх і за іх — гэта не толькі матэрыяльная дапамога, а таксама пост і пакута, асабліва ў інтэнцыі тых, хто жыве ў цяжкім граху, і тых, хто страціў пачуццё граху. Я згадваю заклік Маці Божай Фацімскай, якой балюча таму, што шмат грэшнікаў ідзе ў пекла, бо ніхто за іх не моліцца. Дзеля гэтай справы можна ахвяроўваць Богу за бліжніх і за душы чыстцовыя свае цяжкасці, хваробы і праблемы, з якімі кожны сутыкаецца штодня. Нельга забывацца і пра моц Ахвяры Хрыстовай, Эўхарыстыі, якая з’яўляецца лекам на кожнае зло. Ці хапае нам веры, каб ахвяроўваць святую Імшу за нашых «складаных» бліжніх, за ворагаў, за згубленых людзей, за бязбожнікаў?

Узгадаем цудоўную праўду, пра якую нагадвае нам сённяшняе другое чытанне — гімн любові святога апостала Паўла. Усе нашыя таленты і справы маюць каштоўнасць у Божых вачах толькі тады, калі служаць любові. Таму трэба штодзённа прасіць Пана Бога аб сапраўднай духоўнай любові, аб чысціні інтэнцый нашых справаў. Чытанне з Евангелля нагадвае нам, што, як гэта адбылося ў жыцці Езуса,  пакліканне кожнага хрысціяніна, якое складаецца з прароцкай, каралеўскай і святарскай місіі, можа быць сустрэта супрацівам з боку людзей, што «духоўна аўдавелі» — гэта значыць, страцілі сапраўдныя адносіны з Богам, і «духоўна пракажоных» людзей — тых, хто патанае ў граху бязвер’я, абыякавасці і нянавісці. Неабходна быць гатовымі сустрэцца з падобным стаўленнем, каб, калі нас адкідаюць, адказваць дабром на зло, як сапраўдныя вучні Хрыста.


Айцец Раман Шульц OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Чацвёртую звычайную нядзелю, год С:
айцец Марцін Грандынгер OP «Добрая навіна для ўсіх»

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла