Пятая звычайная нядзеля, год С (10.02.2019)

Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна.

Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

(Лк 5, 1–11)

Сустрэча

Мне вельмі падабаецца сённяшні ўрывак з Евангелля. Ён добра паказвае, наколькі пераборлівым можа быць чалавечае ўспрыманне, у тым ліку і ў духоўных справах. Пётр ужо нейкі час з’яўляецца вучнем Езуса, спадарожнічае Яму, слухае Яго навуку, бачыць знакі і цуды. Езус аздараўляе многіх людзей, з якімі яны сустракаюцца, у тым ліку і з сям’і самога Пятра. У ягоным доме Езус аздараўляе цешчу ад гарачкі. Гэта ўсё ўражвае Пятра, але ён успрымае тое, што адбываецца, на такім ўзроўні незвычайнага, які яшчэ можна падпарадкоўваць сабе, кантраляваць. Пётр бачыць сябе ў ролі такога сакратара ці нават мэнэджара па справах у незвычайнага Настаўніка, якім у ягоных вачах ёсць Езус. Той факт, што Езус вучыць натоўп, седзячы ў Пятровым чаўне, з’яўляецца для яго пацвярджэннем высокага становішча, абаронаю ў правах.  Скончыўшы прапаведваць, Езус загадаў Пятру выплыць на глыбіню і закінуць сеткі. Для рыбака гэта быў абсурдны загад, бо пасля няўдалага начнога лову немагчыма злавіць яшчэ нешта. Але Пётр вырашае даверыцца аўтарытэту Настаўніка. У вялікіх людзей — свае прыхамаці і капрызы…

Тое, што адбылося пасля, змяніла жыццё Пятра. Мы маглі б палічыць багаты ўлоў выпадковасцю, цікавым здарэннем, а Пётр перажывае Божае Аб’яўленне. Той самы Пётр, які да гэтага спакойна назіраў, як аздараўляюцца людзі, падчас лоўлі рыбы сустракаецца з Богам, які дзейнічае ў ягоным жыцці. У чаўне, дзе ў сетках б’ецца вялікае мноства рыбінаў, ён сутракаецца з Божаю веліччу, якая прымушае яго ўпасці ніцма. Пётр ужо не бачыць у Езусе толькі Настаўніка і цудатворцу, ён разумее, што сустрэў Бога. У святле гэтага досведу ён адчувае ўласную нікчэмнасць, слабасць і грэшнасць, траціць упэўненасць у сабе. Пётр ужо не ведае нічога і не кантралюе тое, што адбываецца. Як ізраільцяне каля гары Гарэб, ён адчувае страх перад Божаю веліччу. Адзінае, што можа Пётр — гэта прасіць: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны».

Але гэта толькі пачатак Божага Аб’яўлення ў жыцці Пятра. Езус не адыходзіць, Яму не агідна бачыць слабасць і грэшнасць вучня. Ён прыйшоў менавіта з гэтай прачыны — каб вызваліць нас ад іх. Мы атрымліваем збаўленне не дзякуючы сваім заслугам, а па Божай волі. Насамрэч, гэта выпрабаванне нашай веры. Нашмат лягчэй паверыць у магчымасць багатага ўлову на бязрыб’і, чым у тое, што Бог можа даць багаты плён у нашым малым і слабым жыцці. Вера ў тое, што нашая слабасць можа быць месцам, дзе Бог жадае аб’явіцца ў сваёй ласцы, ужо з’яўляецца ўдзелам у Ягоным збаўленні. Усемагутны Бог прагне, каб мы ў веры дазволілі Яму дзейнічаць праз нас.


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней