Фестываль «ДДН»: усё не так проста [+фотарэпартаж]

Сабрацца разам, каб проста паслухаць? Каб ацаніць? А, можа, каб памаліцца? Ці проста ўбачыць знаёмых? Каб паспаборнічаць у «крутасці»? Ці каб сказаць праз песні штосьці важнае? Паказаць сябе? Ці звярнуцца да Яго? Шмат, занадта шмат пытанняў правакуе ўва мне сёлетні фестываль «ДДН» («Дастукацца да нябёсаў»), які адбыўся 9 лютага ў Баранавічах. У гэтым артыкуле — некалькі асабістых думак і, як заўсёды, выдатны фотарэпартаж ад Даніка Ліцкевіча.


Маштабы павялічваюцца

Больш за тысячу людзей ужо традыцыйна з’ехаліся з усёй Беларусі ў лютым месяцы ў мясцовы ДК на фестываль хрысціянскай музыкі. Сёлета выступала 6 гуртоў: «Ave» (гурт з гродзенскай семінарыі), «Talitha kum» (каманда віцебскай каталіцкай моладзі), «Open» (гурт моладзевага душпастырства ў Гродне), «ХДН» (пратэстанцкі гурт з Мінска), «Рыбы» і «Crossway» (каманда баранавіцкай каталіцкай моладзі).

Канцэрт доўжыўся амаль 4 гадзіны, а людзей было яшчэ больш, чым у мінулыя гады. «ДДН» ужо з’яўляецца самым буйным фестывалем у каталіцкім музычным жыцці, але арганізатары на чале з кс. Паўлам Рудзьманам не збіраюцца спыняцца — плануецца толькі павялічваць маштабы, выходзіць на большую сцэну. Гэта мэтазгодна, бо сёлета было вельмі цяжка змясціцца ў зале ДК. Свет, гук, вялікі экран, фотазона — усё было на ўзроўні, у зале працавала некалькі камер, вялася прамая трансляцыя канцэрту на youtube, запіс даступны і цяпер. А каманда валанцёраў налічвала каля 150-ці чалавек... Прыемна, што падчас канцэрту ўжо традыцыйна збіраліся ахвяраванні для гомельскай дабрачыннай арганізацыі «Caritas».

У чым сутнасць фестываля?

Можна доўга расказваць і пра выдатную арганізацыю, і пра тое, як паляпшаецца якасць хрысціянскай музыкі ў Беларусі. Але факт застаецца фактам — мы ніколі ў майстэрстве не дагонім свецкую сцэну. Мы і не павінны гэтага рабіць. А што тады самае галоўнае ў хрысціянскай музыцы, якая гучыць са сцэны «ДДН»? Вось гэтае пытанне найбольш хвалюе.

Запытаўшыся ва ўдзельнікаў гуртоў «Ave» і «Open», чым для іх з’яўляецца «ДДН», адказ пачула адназначны — праслаўленнем Бога. Здаецца, гэта відавочна. Але не ўсё так проста. Як гэта — праслаўляць Бога на фестывалі? Для кагосьці гэта звычайная радасць, весялосць. Католікі, напрыклад, разам збіраюцца часцей за ўсё на малітву ў касцёле, а тут — канцэрт, можна і паскакаць нарэшце. Для кагосьці праслаўляць Бога — гэта спяваць добрую песню пад узнятыя рукі, пад запаленыя аганькі тэлефонаў. Файна таксама, калі на сцэну запрашаюцца дзеці, у залу кідаюцца шарыкі, а пад фінальную песню эфектна выходзяць на сцэну людзі са сцягамі. Спяваюцца таксама і нехрысціянскія песні, але з добрым гуманным пасылам. Праўда, сёлетняе выкананне хіта «Сансара» вельмі здзівіла, бо, апроч чалавечнага, песня нясе адкрыты індуісцкі пасыл. Гурты вельмі добра рыхтуюцца выступіць на сцэне «ДДН» і, як бы хораша ні гучала іх мэта — праславіць Бога, часта выканаўцы настолькі стараюцца класна выступіць, што перажыванне, глыбокі пасыл хрысціянскай песні можа згубіцца.

Спяваць для Яго

Пытанне пра малітву на сцэне «ДДН» ляжыць на паверхні, напэўна, па той прычыне, што сёлета ад каталіцкіх выступаў вельмі моцна, на маю думку,  адрозніваўся выступ пратэстанцкай каманды «ХДН». Чамусьці менавіта падчас іх выступлення малітоўны дух напоўніў усю залу, увайшоў у сэрца. Глыбокая ўсвядомленасць і засяроджанасць над тэкстамі ад выканаўцаў перадавалася гледачам. Са сцэны ўвесь час гучала заахвочванне маліцца, аддаць сваё жыццё Богу.

— У нас такія канцэрты звычайна называюцца „Вечар хвалы“. Гэта песні, якія напрамую звязаныя з Богам, з праслаўленнем Яго Імя. Мы не выконваем нейкія аўтарскія песні пра наш зямны шлях ці пра нейкія перажыванні. Часцей за ўсё гэта прамы пасыл, што Бог святы, што мы Яго славім, што мы Яго любім. Гэта малітва праз песні, — пракаментавалі сваё выступленне ўдзельнікі гурта «ХДН».

Становіцца зразумела, што для гэтай каманды не бывае проста канцэрта хрысціянскай музыкі, для іх гэта заўсёды малітва. Спяваючы, яны звяртаюцца да Бога, натхняючы ў гэты час і ўсіх астатніх звяртацца да Яго словамі спеваў.

У католікаў такая форма малітва як канцэрт не вельмі распаўсюджаная, хаця ў Польшчы, напрыклад, некалькі разоў на год арганізуюцца шматтысячныя канцэрты праслаўлення. Думаю, нашая задача — вучыцца праз хрысціянскія спевы несці самае важнае — перажыты глыбокі сэнс і шчыры пасыл.

Няма сэнсу ў майстэрстве, у добрай арганізацыі, калі не праслаўляць Бога ўсім сэрцам, поўным любові і пашаны да Яго. Няма сэнсу ў тэхніцы і ў самых модных і прыгожых аранжыроўках, калі не рабіць гэтага дзеля малітвы, дзеля аддання свайго сэрца Езусу як свайму Пану і Збаўцу. Але што дапаможа дасягнуць такой мэты? Думаю, інтэнцыя. Калі ўнутры будзе намер праславіць Бога — ты будзеш Яго праслаўляць.

Шукаць плюсы і мінусы, рэфлексаваць над сэнсам «ДДН» можна бясконца. Урэшце, відавочна тое, што для хрысціянскай музыкі гэты фестываль — падзея. Для музыкаў — гэта стымул у творчасці, для людзей — гэта свята, радасць і малітва. Будзем глядзець на будучыню «ДДН» як на вялікае, маштабнае, малітоўнае спатканне дзеля хвалы Бога і дабра людзей.

Больш фота тут.


Вольга Качалка
Фота Данііла Ліцкевіча

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла