«Касцёл не ад гэтага свету, але існуе ў гэтым свеце». Адкрылася выстава сакральнай культуры Касцёла ў Беларусі

«Святы папа Ян ХХІІІ любіў казаць, што хаця Касцёл не ад гэтага свету, але існуе ў гэтым свеце. Ён стараецца дапамагаць гэтаму свету развівацца, дасканаліцца на хрысціянскіх каштоўнасцях», – гэтымі словамі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча распачалося адкрыццё выставы, прысвечанай каталіцкай сакральнай культуры нашай краіны.


14 лютага ў Нацыянальны гісторычны музей Рэспублікі Беларусь сабралася шмат гасцей, афіцыйных асобаў, журналістаў у сувязі з адкрыццём выставы «Сакральная культура Касцёла Беларусі», якая будзе дзейнічаць да 19 сакавіка. Выстава ўзнікла па ініцыятыве мастачкі Надзеі Бука і намесніка дырэктара гістарычнага музея Аляксандра Храмога. Папярэдне паміж гістарычным музеем і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве, які ўжо сёння ажыццяўляецца дзякуючы камандзе арганізатараў гэтай сапраўды цікавай выставы. Як адзначыў дырэктар гістарычнага музея Павел Сапоцька, «заўсёды прыемна, калі рэалізуюцца ўсе тыя дамовы, мемарандумы, якія мы падпісваем».

Выстава змяшчаецца ў адной з залаў музея і ўключае ў сябе сакральныя прадметы рознага прызначэння. Гэта вельмі каштоўныя экспанаты, якім больш за 100 гадоў: арнаты, манстранцыі, богаслужбовыя кнігі, распяцце і іншыя драўляныя скульптуры, абразы. У сваёй прамове мітрапаліт Тадэвуш вельмі трапна адзначыў:

«Культура, мастацтва – адзін са шляхоў новай евангелізацыі, бо мастацтва прамаўляе да кожнага. Калі мы зойдзем у старыя кляштары, касцёлы, то знойдзем шмат біблійных малюнкаў ці фрэскаў на сценах. Якое яны мелі значэнне? Гэта была Біблія для тых, хто не ўмеў чытаць, але гэтыя людзі маглі ўбачыць біблійныя сюжэты і гэткім чынам пазнаваць Евангелле. Спадзяюся, гэтая выстава дапаможа людзям прыйсці да Бога, да Евангелля, жыць праўдай Евангелля, каб будаваць цывілізацыю жыцця, а не цывілізацыю смерці, каб тое, што адбылося некалькі дзён таму назад у Стоўбцах, ніколі не паўтарылася на нашай зямлі».

Ад гасцей мерапрыемтсва прысутныя пачулі вельмі цёплыя, сяброўскія прывітальныя прамовы. Словы ўдзячнасці былі скіраваныя ўсім тым, хто спрычыніўся да стварэння і арганізацыі выставы. А гэта: куратар выставы Аляксандр Храмы, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь; мастачка Надзея Бука, кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва «Крылы натхення» пры касцёле Св. Тройцы (св. Роха) у Мінску; Аліна Красоціна, загадчыца навукова-метадычнага аддзела музея; Ігар Сурмачэўскі, калекцыянер, мастак, рэстаўратар; Сяргей Харэўскі, кандыдат мастацтвазнаўства, даследчык, культуролаг; кс. Віталь Драздоўскі, дзякуючы якому вялікая частка экспанатаў увайшла ў выставу; кс. Дзмітрый Дубовік, пробаш парафіі ў Будславе; кс. канонік Юрый Санько, адзін з ініцыятараў выставы. Да арганізацыі спрычыніліся таксама і іншыя асобы, напрыклад, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, які ў сваёй прамове вельмі слушна сказаў, што кніга – адзін з самых важных кампанентаў беларускай сакральнай культуры, без кнігі цяжка сабе ўявіць хрысціянскае жыццё чалавека. Спадар Раман адзначыў таксама, што такога роду выставы – гэта выдатны прыклад таго, як могуць супрацоўнічаць духавенства і свецкія асобы для распаўсюджання ў грамадстве прынцыпаў дабра і святла.

Старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Сртужэцкі звярнуў увагу ўсіх прысутных на тое, якім плённым можа быць супрацоўніцтва з Каталіцкім Касцёлам:

«Хацеў бы падзякаваць Касцёлу за тое, што так шмат робіць у адраджэнні і папулярызацыі нацыянальнай культуры і нацыянальнай мовы. Гэта сапраўды выдатны партнёр для дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Таму што ў такім  супрацоўніцтве мы можам дасягнуць значна большых вынікаў, чым працуючы паасобку. На жаль, часта нашыя ўстановы культуры працуюць паводле пэўнай формы, а Касцёл працуе па сутнасці. Калі мы злучым форму і сутнасць, мы дасягнём добрых вынікаў».

Напрыканцы мерапрыемства спадар Аляксандр Храмы пастараўся коратка патлумачыць сэнс падборкі тых ці іншых экспанатаў. Напрыклад, у адным з куткоў залы знаходзіцца невялічкая «інсцэніроўка» з экспанатаў, якая дэманструе тры асноўныя шляхецкія каштоўнасці: адданасць Богу, Айчыне і сям’і. Адпаведна мы бачым посуд для хросту як знак даручэння сябе Богу, дзве шаблі як сімвал вернасці Айчыне і слуцкі пояс як сімвал сямейных каштоўнасцяў. Таксама на выставе можна ўбачыць кленчнік 30-х гадоў ХХ ст., прывезены з Навагрудка, на якім маліліся сёстры-мучаніцы.

А каб зусім заінтрыгаваць нашых чытачоў, мы агучым адзін цікавы факт, які пачулі ад кс. Дзмітрыя Дубовіка. Дэманструючы старажытны арнат, які для выставы быў прывезены з Будслава, святар звярнуў нашую ўвагу, што ён пашыты з сапраўднага слуцкага пояса. Прычына гэтаму наступная: у ХІХ ст., калі Беларусь гвалтоўна апынулася ў складзе Расійскай Імперыі, улады вышуквалі слуцкія паясы, якія былі абавязковым элементам шляхецкага строю, і спальвалі іх. З мэтаю зберагчы гэтую спадчыну, людзі аддавалі паясы ў касцёлы на захаванне. А ўжо пасля з іх шыліся арнаты – літургічны строй святара.

Дарагія чытачы, шчыра запрашаем вас наведаць выставу «Сакральная культура Касцёла Беларусі» ў Нацыянальным гістарычным музеі і на ўласныя вочы пабачыць усю экспазіцыю. Выставу суправаджаюць работы фотамастака Сяргея Плыткевіча, а таксама ў музеі вывешаныя фотаздымкі пачатку 90-х гадоў, дзе ўвекавечаны працэс вяртання вернікам Чырвонага касцёла ў Мінску.

Нагадваем, што выстава працуе да 19 сакавіка.


Вольга Качалка
Фота Міколы Новікава

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла