«Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце…»

Шостая звычайная нядзеля, год С (17.02.2019)

Калі сышоў з імі ўніз і стаў на раўніне, быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона.

А Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:

«Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.

Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.

Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.

Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.

Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне! 

Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце! 

Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце! 

Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.

(Лк 6, 17. 20–26)

«Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце…»

Думаю многія з вас былі сведкамі падобнай сцэны: дзіця, убачыўшы штосьці прывабнае ў краме, хоча абавязкова гэта мець і пачынае рабіць усё, каб бацькі (часцей мама) гэтую рэч набылі. Што тады робяць бацькі? Некаторыя пачынаюць угаворваць дзіця, аргументуючы, што яно ўжо мае дома штосьці падобнае і яшчэ адна рэч яму непатрэбная. Хтосьці катэгарычна адмаўляе дзіцяці, нічога не тлумачачы. Але большасць у рэшце рэшт паддаецца і набывае рэч, якая мусіць прынесці шчасце дзіцяці і супакой самім бацькам. Здаецца, усе задаволеныя і гісторыя шчасліва заканчваецца. Але аказваецца, што «шчасце» ад нованабытай рэчы трывае толькі некаторы час. І пры наступным наведванні якой-небудзь гандлёвай кропкі паўтараецца той жа альбо падобны сцэнар. Не думайце, што з дарослымі бывае іначай. Рэклама і ціск грамадства робяць сваю справу: «Ён (яна) мае, а я што, горшы?» І калі магчымасці дазваляюць, мы задавольваем сваё жаданне. На нейкі час.

У нядзельным Божым слове Пан Езус звяртае нашую ўвагу на вартасць прагнення, недахопу. Мы не любім гэтага стану, адчуваем сябе ў ім няпэўна. Мы стараемся як мага хутчэй, любым спосабам заспакоіць голад, сум, няўважлівасць з боку іншых. А можа варта затрымацца на хвіліну ў гэтым стане нястачы і прагнення, можа гэта адкрые нам нешта новае пра нас саміх, пра бліжняга, пра Бога, і мы выйдзем з гэтага стану мудрэйшымі.

Добрай ілюстрацыяй стану «яшчэ не...» можна назваць пешую пілігрымку. Што такое пілігрымка? Па сутнасці, гэта вандроўка з пункта А ў пункт В. А цяпер, калі вы былі ў пілігрымцы, паразважайце (а калі не былі, спытайцеся ў тых, хто быў), дзе адбываецца самае галоўнае: на пачатку шляху, у дарозе, ці калі прыходзіш да мэты?

А яшчэ варта верыць гэтым словам Евангелля аб вартасці прагнення таму, што іх кажа Езус. Бо толькі Ён можа сапраўды заспакоіць, суцешыць і ацаніць вартасць кожнага чалавека. Таму наступным разам, калі нам не будзе хапаць нечага істотнага ў жыцці, затрымаймася ў гэтым стане. Магчыма, у гэты час мы сустрэнем Хрыста.


Айцец Павел Мажэйка OP

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла