«Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце…»

Сёмая звычайная нядзеля, год С (24.02.2019)

Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце. Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.

Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.

Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».

(Лк 6, 27–38)

«Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце…»

Перш чым узяцца за нейкую справу, кожны майстар павінен уявіць, што канкрэтна ён хоча атрымаць пасля заканчэння працы, і адпаведна з гэтым выбраць сродкі, якія лепш за ўсё дапамогуць ажыццявіць яго задуму. Наўрад ці хто ў здаровым розуме стане займацца справаю без мэты або з заведама шкодным для яго вынікам. У кожным нашым учынку мусіць прысутнічаць станоўчы сэнс, бо чалавек — разумная істота, а значыць, здольны лагічна і творча мысліць. Пры гэтым неабходна таксама ўсведамляць, што карысным для ўсіх людзей з’яўляецца сапраўднае дабро, якое трэба ўмець адрозніць ад зла, што выступае пад яго выглядам. На жаль, першародны грэх так аслабіў вышэйшыя ўлады душы — розум і волю — што гэта не дазваляе нам карыстацца імі ў поўнай меры, і часта людзі кіруюцца яе ніжэйшымі ўладамі — пачуццямі, атаясамліваючы прыемнасць з дабром, а непрыемнасць — са злом, а гэта далёка не заўсёды супадае. Прыемная, але шкодная ежа прыводзіць да хваробы, а непрыемныя лекі вяртаюць здароўе. Толькі людзі лёгка пра гэта забываюцца і падманваюцца ў сваім выбары, ідучы за фальшывым дабром або выбіраючы дрэнныя сродкі, якія не могуць прывесці да добрай мэты. Але ўсё ж першародны грэх не змог да канца знішчыць у чалавечай натуры імкненне да дабра і жаданне пазбягаць зла, прынамсі ў адносінах да сябе. На гэтым грунтуецца вучэнне Пана Езуса: перш чым нешта сказаць або зрабіць у адносінах да бліжняга, Ён заклікае задумвацца, ці спадабалася б нам асабіста, калі б іншыя чынілі так у адносінах да нас? Пры жаданні не так цяжка прызвычаіцца гаварыць «стоп» сваім эмоцыям і спрабаваць прадбачыць наступствы ўласных словаў і ўчынкаў, да якіх яны падштурхоўваюць… Не трэба вялікай мудрасці, каб усведамляць, што нікому не падабаецца, калі ў адносінах да яго дапускаецца крыўднае слова або шкоднае дзеянне, і наадварот, ветлвіае выказванне або добры ўчынак успрымаюцца адрасатам станоўча. І марна спадзявацца, што пасля таго, як мы гнеўна выкажам чалавеку ўсё, што пра яго думаем, ён цудоўным чынам навернецца: калі б так было, па зямлі хадзілі б адны анёлы… Хутчэй за ўсё гэта выкліча адмоўную рэакцыю і ланцужок зла будзе станавіцца ўсё даўжэйшым і мацнейшым. Перарваць яго зможа толькі дабро, якім зло нейтралізуецца і не распаўсюджваецца далей.

Кожны прагне паблажлівага стаўлення да ўласных слабасцяў, але далёка не ўсе здольныя прабачыць слабасць бліжняму. Можа таму, што многія не маюць міласэрнасці нават да сябе саміх і думаюць, што, носячы ў сабе крыўду і прычыняючы іншым зло, яны здабудуць нейкія даброты. Грэх пазбаўляе чалавека ласкі, а значыць, і здольнасці кіравацца розумам, а неразважлівасць вядзе да яшчэ большага граху. Вярнуць жа ласку, а разам з ёю і здольнасць лепш карыстацца вышэйшымі ўладамі душы, заўсёды выбіраючы аб’ектыўнае дабро, можа толькі Божая міласэрнасць. А прыняць яе па-сапраўднаму будзе здольны той, хто навучыцца ставіць сябе на месца бліжняга і, нягледзячы на яго адносіны, будзе імкнуцца рабіць яму тое ж, што спадзяецца атрымаць ад добрага Бога, і нават у думках не стане жадаць іншым таго, чаго сам хацеў бы пазбегнуць.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла