Ад вытокаў веры: першая працэсія-перапрашэнне ў Стоўбцах у фотаздымках

У мінулым годзе споўнілася 60 гадоў з моманту знішчэння каталіцкай святыні ў Стоўбцах – старажытнага касцёла св. Казіміра, фундамент якога сёння знаходзіцца на стадыёне стаўбцоўскай сярэдняй школы №2, у якой нядаўна здарылася жудасная трагедыя.


Менавіта на месцы  знішчанага ў 1958 г. касцёла св. Казіміра сабраліся 2 сакавіка шматлікія вернікі, каб перапрасіць Бога і аддаць пашану тым, чые парэшткі знаходзяцца глыбока пад гэтым стадыёнам. На чале з арцыбіскупам мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам упершыню пасля столькіх гадоў нябыту тут адбылася малітва-перапрашэнне.

Пасля малітвы арцыпастыр заклікаў прысутных будаваць жыццё на духоўным фундаменце. “Без фундамента мы не збудуем нічога. Кожны ведае, што дом без моцнага фундамента доўга не пастаіць – разваліцца, – падкрэсліў ён. – Аб гэтым нам нагадвае Езус Хрыстус у Евангеллі, калі гаворыць пра будаванне дома на скале. Гэтай духоўнай скалою з’яўляецца нашая вера. Таму асабліва ў сем’ях і ва ўсіх іншых інстытуцыях на розных этапах навучання трэба звяртаць асаблівую ўвагу на духоўнае выхаванне чалавека”. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў  спачуванні сем’ям загінулых нядаўна ў СШ №2, сем’ям параненых, школе, усяму гораду і яго кіраўніцтву. “Будзем сёння маліцца таксама на гэтым месцы, просячы нашых заступнікаў арханёла Міхала і св. Казіміра, каб ніколі падобнае не паўтарылася… Чаму так здарылася? Напэўна, сярод шматлікіх адказаў будзе адказ, што гэта здарылася з-за духоўнай хваробы нашага грамадства. І яе трэба лячыць і лячыць як мага хутчэй. Таму няхай сённяшняя наша малітва і працэсія з фігурай апекуна Беларусі св. Арханёла Міхала, імя якога азначае “Хто ж як Бог” паспрыяе, каб мы ў сваім жыцці паставілі Бога на першае месца. І менавіта адсюль мы пачынаем працэсію з фігурай св. Арханёла Міхала, з абразом св. Казіміра, апекуном стаўбцоўскай каталіцкай парафіі, і абразом Маці Божай Суцяшэння, каб выпрасіць у Бога вялікую ласку – ласку супакою… Тая трагедыя, якая здарылася ў школе, – гэта знак таго, што мы павінны перагледзець сваё жыццё, асабліва духоўнае жыццё, што павінны звяртаць як мага больш увагі на маральнае і духоўнае выхаванне чалавека. І няхай у гэтым нам дапамогуць св. Арханёл Міхал і св. Казімір. Няхай яны выпрошваюць у Бога ласку мірнага жыцця на гэтай зямлі, выпрошваюць ласку супакою для нашых сем’яў, для нашага грамадства, а асабліва ласку радаснай будучыні для моладзі, якая з’яўляецца надзеяй Касцёла, надзеяй Царквы і надзеяй усяго нашага грамадства”.

Капліца не змагла змясціць усіх вернікаў

Падчас падрыхтоўкі да малітвы адбылося нечаканае. Пэўная жанчына прынесла да палявога алтарыка на стадыёне абраз Маці Божай Суцяшэння – гэты абраз са знішчанага касцёла св. Казіміра, які яна захавала. Узрушаныя вернікі ўспрынялі гэты знак як апеку Багародзіцы, якая ніколі не пакідае сваіх дзяцей і хоча быць разам з імі…

Працэсія рушыла па цэнтральных вуліцах горада, якія напоўніліся ружанцовай малітвай. Пасля працэсіі ў капліцы адбылася галоўная падзея дня – Святая Эўхарыстыя, падчас якой стаўбцоўскай парафіі св. Казіміра быў перададзены старажытны абраз св. Казіміра, што захоўваўся ў нясвіжскім касцёле Божага Цела. Ксёндз-канонік, пробашч касцёла Божага Цела, з радасцю перадаючы абраз кс. пробашчу Ігару Лашуку, адзначыў, што абраз гэты трапіў у нясвіжскую святыню падчас знішчэння атэістамі сакральных будынкаў і ўсяго, што знаходзілася там. “Гэты абраз намолены пакаленнямі вернікаў, веру, што святы Казімір у выяве абраза будзе выпрошваць усім вам неабходныя ласкі, каб неўзабаве быў дабудаваны касцёл пад тытулам гэтага святога”.

Ксёндз Ігар Лашук, пробашч парафіі св. Казіміра, ініцыятар гэтай урачыстасці, падзякаваў усім прысутным святарам з Мінска і Мінскай вобласці, якія прынялі ўдзел у гэтым свяце, і запрасіў усіх на наступны год, калі плануецца аднавіць традыцыйнае раней свята “Стаўпецкія казюкі”. Гаворачы пра абраз Маці Божай Суцяшэння, які верніца захавала і перадала парафіі, ён сказаў, што на месца малітвы на стадыёне чамусьці не падумалі ўзяць абраз ці фігуру Маці Божай, а Яна прыйшла сама. “Гэта своеасаблівы знак з Неба, – зазначыў ён, – бо на абразе выява менавіта Маці Божай Суцяшэння. А сёння ўсім нам вельмі патрэбна Божае Суцяшэнне”…

Цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшэння са знішчанага касцёла св. Казіміра

 

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
падпісвае Акт аб перадачы абраза св. Казіміра

2 сакавіка ў будынку раённага Цэнтра культуры адбыўся біблійны сімпозіум,
прысвечаны першаму поўнаму афіцыйнаму выданню Новага Запавету на беларускай мове.
На ім быў прэзентаваны Новы Запавет у перакладзе на беларускую мову.


Падрыхтавала Ганна Жодзік
Фотарэпартаж Міколы Новікава

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла