Дашлюбная чыстасць

Чатырнаццатая звычайная нядзеля, Год С (07.07.2019)

Радуйцеся разам з Ерузалемам і весяліцеся ў ім
усе, хто любіць яго.
Радасна весяліцеся разам з ім
усе, хто плакаў над ім,
каб вы карміліся і насычаліся ўдосталь
з грудзей яго суцяшэння,
каб вы ўпіваліся і напаўняліся асалодай
з грудзей ягонай славы.
Бо так кажа Пан:
Вось Я скірую да яго спакой, як раку,
і хвалу народаў, як паўнаводны паток.
Вас будуць карміць і насіць на руках,
і на каленях будуць песціць вас.
Як кагосьці суцяшае маці,
так Я буду суцяшаць вас,
і атрымаеце суцяшэнне ў Ерузалеме.
Убачыце, і ўсцешыцца вашае сэрца,
і косці вашы расквітнеюць, як трава.
І адкрыецца рука Пана слугам Ягоным.

(Іс 66, 10–14с)

Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету. Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але новае стварэнне. І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, — спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым. Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на сваім целе раны Езуса. Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым, браты.

(Гал 6, 14–18)

Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”».

(Лк 10, 1–9)

Дашлюбная чыстасць

Прачытаўшы фрагменты Святога Пісання, якія прапануе Касцёл, я падумаў, як часта і з якім захапленнем святы Павел у пасланнях гаворыць пра Хрыста, ссвайго Пана, вобраз нябачнага Бога. Апостал народаў ведае і любіць Таго, хто стаў цэнтрам гісторыі свету. Ён служыць Хрысту, Езус — яго жаыццёвы выбар. Сёння мы чытаем, як святы Павел дзякуе Хрысту за крыж, праз які атрымаў свабоду і стаў новым стварэннем…

Я сам ведаю некалькі выпадкаў, а пра некаторыя чыў або чытаў, калі дзяўчына або юнак, якія выхоўваліся ў духу традыцыйных каталіцкіх каштоўнасцяў, вучыліся маліцца, хадзілі на нядзельную святую Імшу, спавядаліся, прымалі Святую Камунію, прыступілі да сакрамэнту канфірмацыі — «сакрамэнту сталасці», а пасля нешта пайшло не так. Маючы 19–20 гадоў, такая дзяўчына сустракае хлопца, і іх каханне і адносіны пачынаюць развівацца так, што ўсе каштоўнасці, якімі яна жыла, трацяць значэнне. Няверуючы хлопец цягне дзяўчыну ў сваю пустку і часцей за ўсё — у грэх супраць шостай запаведзі. У палоне прыгожага новага пачуцця дзяўчына слепа ідзе за каханым, забываючы пра малітву і рэлігійныя практыкі. Так дзейнічае грэх — забівае дух чалавека. Гэта страшна! Не да гэтага павінна весці сустрэча закаханых!

Я ўяўляю, што Бог пасылае дзяўчыне хлопца, спадзеючыся, што яна, Яго руплівая вучаніца, навучыць хлопца шанаваць яе жаноцкасць, пакажа прыгажосць хрысціянскага ладу жыцця і пазнаёміць з каштоўнасцямі, якія пазнала, а калі Бог дасць асаблівую ласку, гэты хлопец атрымае дар веры. Гэта цудоўны сцэнар магчымай сустрэчы, але, на жаль, так бывае рэдка. Звычайна здараецца наадварот. Чаму так? Напэўна таму, што дзяўчына (паўтару, гэта часта бывае і з хлопцамі) не прачытала ўважліва ніводнай кнігі пра тое, як будаваць адносіны з хлопцам перад шлюбам. Магчыма, яна не размаўляла ні з кім, хто добра ведае, як будуюцца такія адносіны, або не паслухалася парадаў мудрых людзей.

Аднак галоўная прычына ў тым, што вера дзяўчыны была павярхоўнай, яна не зрабіла свядомы выбар на карысць Хрыста, не прыняла Яго як Гаспадара свайго жыцця. Святы Павел ведаў, хто такі Езус, і аддаў сябе Яму ва ўлснасць. Маладым дзяўчатам і хлопцам неабходна свядома выбраць Хрыста. У гэтым узросце яны часта перажываюць крызіс веры, і гэта нагода зрабіць нарэшце выбар, інакш усё скончыцца падобнай сумнай гісторыяй, пра якую я распавёў. Вядома, няпроста зрабіць свядомы выбар, пра які гаворыць святы Павел, для гэтага патрэбныя высілкі, і перадусім засяроджанае сузіранне Крыжа Пана Езуса. Калі мы гатовыя да ахвяры па прыкладзе Хрыста, свет і яго спакусы трацяць прывабнасць. Як піша святы Павел, «свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету».
Ідэальны сцэнар сустрэчы закаханых, калі дзяўчына верніца прыводзіць хлопца да Хрыста (або хлопец вернік — дзяўчыну), падобны да сцэны з сённяшняга Евангелля. Вучні радаваліся, што могуць паўдзельнічаць у евангелізацыі, прынесці плён, выканаць наказ Пана Езуса. Дзяўчына або хлопец, якія вераць у Хрыста, пасланыя, як тыя 72 вучні, каб несці супакой Езуса і выганяць злых духаў. Бяда, калі яны вырашаць дзейнічаць самастойна, без дапамогі духоўнага кіраўніка або парадаў мудрага сябра, які жыве з Богам. Нездарма Езус пасылаў вучняў па двое. Калі каханы або каханая адмаўляюцца ад каштоўнасцяў Евангелля, трэба абтрэсці пыл з сандаляў і пакінуць таго, хто не жадае прыняць прыгажосць Добрай Навіны. Паддацца дрэннай навіне, распусці, нячыстасці, атэізму — найбольшая бяда для евангелізатара, а значыць для кожнага хто прыступіў да сакрамэнту канфірмацыі, бо Езус пасылае нас усіх у свет, каб мы былі Яго вучнямі. Каб паспяхова выканаць сваё заданне, трэба найперш паставіцца да яго адказна, свядома, і дзейнічаць так, як наказвае Пан Бог, зважаючы на Яго волю. Тады ў нашым жыцці будзе адбывацца так, як піша прарок Ісая ў першым чытанні з сённяшняй літургіі. Мы будзем радавацца і весяліцца, і Бог адорыць нас сваім спакоем.

Традыцыйна падчас шлюба святар звяртаецца да маладой, называючы яе «паннаю». Некалі было відавочна, што жанчына выходзіць замуж дзявіцаю, на знак гэтага яе ўпрыгожывалі вянком з белых кветак. І сёння, дзякуй Богу, бывае, што маладыя людзі жывуць у перадшлюбнай чыстасці. Але як глядзіць на гэта свет, далёкі ад маралі? Дзявоцкасць высмейваюць, не бачачы, не разумеючы, што гэта знак вялікай сталасці і пашаны да цела — святыні жывога Бога. У нашыя часы вельмі патрэбная чыстасць. Гэта спосаб евангелізаваць «сапсаваных» людзей, якія часта мысляць і чыняць так, што становяцца ворагамі Бога.


Айцец Раман Шульц ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла