«Ідзі і ты рабі так…»

Пятнаццатая звычайная нядзеля, Год С (14.07.2019)

Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе». Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць». Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»

На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».

(Лк 10, 25–37)

«Ідзі і ты рабі так…»

Пытаючыся ў Пана Езуса, што трэба рабіць, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё, кніжнік хоча ўпэўніцца, з кім сутыкнуся. Няўжо Настаўнік, пра якога ён так шмат чуў, — гэта сапраўды чалавек, здольны дапамагчы яму стаць паспяховым у духоўных справах і выйграць, калі на кон пастаўлена вечнае жыццё? Калі Рабі з Назарэту і праўда нешта ўмее, то Ён раскажа пра розныя практыкі і метады, якія дапамогуць дасягнуць духоўнай дасканаласці.

Аднак адказ Езуса расчараваў кніжніка. Настаўнік толькі паўтарыў тое, што і так ведае кожны сумленны габрэйскі хлопчык. Кніжнік, вядома, не мог паставіцца да найважнейшай запаведзі Торы з непавагаю, і таму шукаў іншага спаосабу распачаць з Езусам дыскусію: так, вядома, Бога трэба любіць усім сэрцам і ўсёю душою, а бліжняга — як самога сябе, але хто такі гэты бліжні? Каго я мушу любіць, а каго не абавязаны лічыць сваім братам?

Пан Езус не дае ў адказ тэарэтычных выкладак, Ён апавядае пра канкрэтнага чалавека. Яму няцяжка было б разважаць у абстрактных катэгорыях, але справа не ў гэтым — Езус хоча змяніць разуменне кніжніка аб тым, што ёсць духоўнаю дасканаласцю. Так, гэта азначае прымаць удзел у святасці Божай. Аднак Бога нельга зразумець без любові, не ўваходзячы ў адносіны з Ім і з іншымі людзьмі. Усе пытанні пра тое, як дакладна ўзрастаць у святасці, можна выразіць інакш: што рабіць, каб больш любіць Бога і брата? Не абстрактную ідэю, а чалавека. Любіць ідэю нашмат прасцей, бо гэта частка майго ўяўлення. А каб любіць бліжняга, трэба выйсці за ўласныя межы яму насустрач.  Не так проста ўбачыць брата ў іншым чалавеку. Мы схільныя апраўдваць сваю нелюбоў з прычыны розных асабістых перакананняў і прымхаў. Габрэі не падтрымлівалі адносінаў з самаранамі, і мы таксама не любім пэўных людзей. Цяпер, калі так лёгка стварыць асобную размову або групу ў сацсетках, гэта бывае вельмі выразна бачна. Любіць бліжняга — не азначае ва ўсім згаджацца з іншымі людзьмі. Неабходна ўбачыць брата нават у тым, з кім я нязгодны, хто стаіць на іншым баку ў справах, якія для мяне важныя. Я мушу ўбачыць у гэтым чалавеку брата, бо сам Бог пажадаў стаць яго братам і збавіць яго сваім крыжам. Калі ў сваім жыцці я хачу сустрэць Бога, то не павінен адкідаць таго, каму Бог выйшаў насустрач. Бога нельга сустрэць у абстрактнай ідэі, а толькі ў чалавеку.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла