Навэнна да св. Людвіка Мартэна за людзей у дэпрэсіі

Св. Людвік Мартэн, бацька св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, быў цудоўным мужам і бацькам. Стаўшы ўдаўцом, ён адзін апекаваўся пяццю дочкамі, выхоўваючы іх у духу веры і любові. Напрыканцы свайго жыцця Людвік Мартэн пачаў губляць псіхічнае здароўе, не трацячы пры гэтым даверу да свайго Стварыцеля. Таму ён можа стаць верным заступнікам для кожнага, хто жыве ў дэпрэсіі або мае псіхічныя праблемы.


Гэтая цудоўная навэнна і іншыя малітвы змешчаны ў малітоўніку для моладзі «Пакаленне М», які нядаўна выйшаў у выдавецтве «ПРО ХРЫСТО».

Дзень 1

Святы Людвік, ты спазнаў у сваім жыцці вялікае шчасце, а таксама бязмежную роспач, але твая вера ніколі не пахіснулася. Дапамажы нам бачыць Бога ў нашых жыццёвых выпрабаваннях.

«Як доўга яшчэ, Пане,
будзеш вечна забываць пра мяне?
Як доўга яшчэ будзеш
адварочваць сваё аблічча?
Як доўга мне яшчэ насіць змаганні
ў душы маёй?
Смутак у сэрцы маім дзень за днём?
Як доўга яшчэ будзе ўзвышацца нада мною мой вораг?» (Пс 13, 2–3).

Пане, праз заступніцтва святога Людвіка Мартэна дапамажы падняцца тым, хто змагаецца з дэпрэсіяй, страхам, дэменцыяй і іншымі псіхічнымі праблемамі, і выведзі іх з цемры да Твайго найпрыгажэйшага святла. 

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Дзень 2

Святы Людвік, разам з Зэлі вы напоўнілі свой дом такою вялікаю любоўю, што далі Касцёлу святых дачок. Аднак нават найбольшая наша пабожнасць не здольная засцерагчы нас ад страты блізкіх і ад звязанага з ёю смутку. Будзем жа паўтараць разам
з тымі, хто, напоўнены болем, аплаквае памерлых:

«Мая душа знемагае ад смутку,
умацуй мяне сваім словам»
(Пс 119, 28).

Пане, праз заступніцтва святога Людвіка Мартэна дапамажы падняцца тым, хто змагаецца з дэпрэсіяй, страхам, дэменцыяй і іншымі псіхічнымі праблемамі, і выведзі іх з цемры да Твайго найпрыгажэйшага святла. 

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Дзень 3

Святы Людвік, ты быў выпрабаваны псіхічнаю хваробаю. Занясі нашыя малітвы да Нябеснага Айца, каб у нашых сэрцах і жыцці запанаваў спакой. 

«Ты — мая абарона,
захоўваеш мяне ад уціску,
атуляеш мяне радасцю выбаўлення» (Пс 32, 7).

Пане, праз заступніцтва святога Людвіка Мартэна дапамажы падняцца тым, хто змагаецца з дэпрэсіяй, страхам, дэменцыяй і іншымі псіхічнымі праблемамі, і выведзі іх з цемры да Твайго найпрыгажэйшага святла. 

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Дзень 4

Святы Людвік, твая дачка Тэрэза спазнала глыбокую дэпрэсію, праходзіла праз цёмную ноч веры і нават мела самагубныя думкі. Ты, аднак, застаўся для яе вернаю падтрымкаю. Дапамажы, каб мы гэтак, як ты, падтрымлівалі іншых, нягледзячы на ўласныя цяжкасці і недасканаласці.

«Схілі да мяне сваё вуха,
паспяшы, каб уратаваць мяне.
Будзь мне каменнай цвярдыняй,
домам прыстанішча,
каб уратаваць мяне» (Пс 31, 3).

Пане, праз заступніцтва святога Людвіка Мартэна дапамажы падняцца тым, хто змагаецца з дэпрэсіяй, страхам, дэменцыяй і іншымі псіхічнымі праблемамі, і выведзі іх з цемры да Твайго найпрыгажэйшага святла. 

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Дзень 5

Святы Людвік, няхай нашыя блізкія ніколі не забудуць словы тваёй дачкі Тэрэзы, якая сказала: «Аднаго слова, адной добрай усмешкі часам хапае для таго, каб узрадавалася адна засмучаная душа». Умацуй маіх блізкіх, якія церпяць па прычыне псіхічных хваробаў, а таксама тых, хто клапоціцца пра іх.

«Чаму сумуеш, душа мая,
чаго ты ўва мне стогнеш?
Спадзявайся на Бога,
бо яшчэ буду славіць Яго,
збаўленне майго аблічча і майго Бога» (Пс 42, 6–7).

Пане, праз заступніцтва святога Людвіка Мартэна дапамажы падняцца тым, хто змагаецца з дэпрэсіяй, страхам, дэменцыяй і іншымі псіхічнымі праблемамі, і выведзі іх з цемры да Твайго найпрыгажэйшага святла.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Дзень 6

Святы Людвік, мы хочам гэтак, як ты, з’яднаць сваё цярпенне з цярпеннем Хрыста і прабываць з Ім, несучы ўласны крыж.


«Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана,
і зламаных на духу Ён збаўляе»
(Пс 34, 19).

Пане, праз заступніцтва святога Людвіка Мартэна дапамажы падняцца тым, хто змагаецца з дэпрэсіяй, страхам, дэменцыяй і іншымі псіхічнымі праблемамі, і выведзі іх з цемры да Твайго найпрыгажэйшага святла.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Дзень 7

Святы Людвік, ты, зносячы цярпенні ад псіхічнай хваробы, адчуваў падтрымку сям’і, сяброў і тых, хто табою апекаваўся. Дапамажы ўсім, хто жыве побач з намі, адкрыць свае сэрцы на патрэбы людзей, якія пакутуюць з-за душэўнага разладу. Дапамажы нам па прыкладзе міласэрнага самараніна атуліць іх любоўю, перавязаць ім раны і падтрымаць у хвіліны выпрабаванняў.

«Я згорблены і моцна сагнуўся,
Цэлы дзень хаджу ў смутку […].
Я знясілены і зруйнаваны моцна,
скуголю ад стогну сэрца майго […].
Не пакідай мяне, Пане,
Божа мой, не аддаляйся ад мяне.
Паспяшы мне на дапамогу,
Пане, маё збаўленне»
(Пс 38, 7. 9. 22–23).

Пане, праз заступніцтва святога Людвіка Мартэна дапамажы падняцца тым, хто змагаецца з дэпрэсіяй, страхам, дэменцыяй і іншымі псіхічнымі праблемамі, і выведзі іх з цемры да Твайго найпрыгажэйшага святла. 

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Дзень 8

Святы Людвік, ты даверыўся Пану, хоць часам табе магло здавацца, што Ён маўчыць, бачачы выпрабаванні, праз якія табе давялося прайсці. Заступайся за нас, каб мы заўсёды спадзяваліся на міласэрнага Бога, які ніколі не забываецца пра нас, нават тады, калі мы адчуваем сябе цалкам пакінутымі. 

«Я спадзяюся на Тваю міласэрнасць;
узрадуецца маё сэрца
Твайму збаўленню.
Я заспяваю Пану,
бо Ён адарыў мяне шчасцем»
(Пс 13, 6).

Пане, праз заступніцтва святога Людвіка Мартэна дапамажы падняцца тым, хто змагаецца з дэпрэсіяй, страхам, дэменцыяй і іншымі псіхічнымі праблемамі, і выведзі іх з цемры да Твайго найпрыгажэйшага святла. 

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

Дзень 9

Святы Людвік, маліся за нас і за тых, хто жыве ў дэпрэсіі, страху і пакутуе ад псіхічных хваробаў, а таксама за тых, хто дапамагае ім.

«Дарогі яго я бачу і вылечу яго,
і вярну яго,
і вярну пацеху яму
і плакальшчыкам яго.
Ствараю Я супакой плодам вуснаў;
супакой таму, хто далёка,
і таму, хто блізка, — кажа Пан, —
і аздараўлю яго» (гл. Іс 57, 18–19).

Пане, праз заступніцтва святога Людвіка Мартэна дапамажы падняцца тым, хто змагаецца з дэпрэсіяй, страхам, дэменцыяй і іншымі псіхічнымі праблемамі, і выведзі іх з цемры да Твайго найпрыгажэйшага святла. 

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

 

1Св. Зэлі Мартэн, жонка св. Людвіка Мартэна.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла