«Турбуешся і клапоцішся пра многае…»

Шаснаццатая звычайная нядзеля, Год С (21.07.2019)

Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы. Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне». Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».

(Лк 10, 38–42)

«Турбуешся і клапоцішся пра многае…»

Ці ёсць яшчэ месца для гасціннасці ў эпоху інтэрнэту? Цяпер так лёгка заставацца на сувязі праз сацыяльныя сеткі: не трэба нават прыбіраць у пакоі, рыхтавацца да сустрэчы, дастаткова выбраць добры фон для званка і ўключыць відэакамеру. Мне ж падаецца, што сучасныя сродкі камунікацыі замест таго, каб зблізіць нас, ствараюць толькі ілюзію блізкасці, яшчэ больш аддаляючы нас адно ад аднаго. Бо навошта наведваць сябра, калі можна звязацца з ім па скайпе, навошта прыходзіць, калі можна проста патэлефанаваць?

Пан Езус прыходзіць да Марыі і Марты ў дом. Марта рупіцца, каб найлепш Яго прыняць, Марыя сядзіць каля Ягоных ног. І хоць Езус гаворыць, што Марыя выбрала добрую частку, якая ад яе не адымецца, паслуга Марты таксама важная, бо інакш мы не ўбачылі б кантрасту гэтага выбару.

Часам бывае няёмка запрасіць некага ў свой дом, бо мы засяроджваемся на тым, ЯК прыняць госця, а не на самой АСОБЕ запрошанага. Тым больш няёмка запрасіць Бога ў сваё жыццё, у ім жа такі непарадак! Мы паўтараем: «Пане Езу, пачакай крыху, я разбяруся з усімі клопатамі і праблемамі і тады Цябе запрашу…» А варта запрасіць Езуса неадкладна і, не зважаючы ні на што, ціха сесці каля Яго ног і ўважліва паслухаць, проста пабыць з Ім.


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла