«Кожны, хто просіць, атрымлівае»

Сямнаццатая звычайнай нядзеля, год С (28.07.2019)

Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў.

Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце:

Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,
і не ўводзь нас у спакусу.

Затым сказаў ім: Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму. А той знутры скажа яму ў адказ: Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябра ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе.

І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць.
Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго.

(Лк 11, 1–13)

«Кожны, хто просіць, атрымлівае»

Верагодна, знойдзецца шмат вернікаў, якія, прынамсі ў сэрцы, дазволяць сабе не згадзіцца з узгаданымі словамі, бо не заўсёды знаходзяць ім пацверджанне ва ўласным вопыце малітвы: колькі просьбаў да Бога засталося няздзейсненымі! Аднак ведаем, што Езус ніколі не падманвае, у гэтым выпадку — таксама. Чаму ж тады часам застаюцца без водгуку нават вельмі пабожныя і правільныя, згодныя з Божай навукай, малітвы? Справа ў тым, што вельмі часта мы забываемся пра пэўныя ўмовы, ад якіх непасрэдна залежыць дзейснасць нашай малітвы. А менавіта: малітва павінна выплываць з глыбокай веры і быць настойлівай, аб чым і вучыць увесь фрагмент Евангелля паводле св. Лукі, асабліва словы: «з-за настойлівасці ягонай... дасць яму». А калі хто моліцца без вялікага пераканання аб моцы, дабрыні, міласэрнасці Бога, якія нам дае вера, або без упэўненасці ў важнасці таго, аб чым просіць, хто звяртаецца да Бога «на ўсялякі выпадак», або больш давярае сваім уласным намаганням, далёка не заўсёды згодным з хрысціянскімі нормамі, а больш адпаведным правілам грэшнага асяроддзя, хто, нарэшце, перастае маліцца, калі яго просьба не выконваецца адразу або ў пажаданы тэрмін — ці можна гаварыць, што ён выконвае ўмовы, дзеля якіх малітва бывае выслуханай? Натуральна, што тым больш Бог не будзе спаўняць тое, што нам прынясе шкоду, або што мы не зможам прыняць і добра выкарыстаць з-за адсутнасці асвячальнай ласкі! Адзінай просьбай, якую Ён абавязкова выканае, калі звяртаемся да Яго ў стане граху — гэта просьба аб прабачэнні, навяртанні і ўмацаванні веры, якая павінна абавязкова суправаджацца шчырым жалем за грахі і моцнай пастановай выправіцца, звязанай з гатоўнасцю нешта даць з сябе, ад нечага адмовіцца дзеля вышэйшай мэты. Дарэчы, гатоўнасць да ахвяры павінна прысутнічаць і тады, калі молімся ў стане ласкі і з моцнай верай, інакш нашай малітве будзе не хапаць істотнага элементу, які робіць нас падобнымі да Даўцы ўсялякіх дабротаў, без якога лёгка ператварыцца ў эгаіста, які хоча толькі атрымоўваць і нічога не даваць. Напрыклад, тая ж Пампейская навэнна вучыць пазбывацца эгаізму, ахвяруючы свой час, быць настойлівым і выразна ўсведамляць важнасць пастаўленай мэты.

Бог часам з выхаваўчым намерам можа чакаць з выкананнем просьбы, пакуль той, хто просіць, не будзе гатовы ў сваю чаргу да дару з сябе. Гэта не нейкі гандаль, як хтосьці мог бы падумаць. Проста здольнасць да дару з сябе вызваляе ў душы месца для дароў Духа Святога, намнога большых і каштоўнейшых, чым усе зямныя багацці. Нездарма Божы Сын вучыць: «Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго».


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла