«Той не можа быць Маім вучнем…»

Дваццаць трэцяя звычайная нядзеля. Год С (08.09.2019)

Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем. Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. 

Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”. Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем».

(Лк 14, 25–33)

«Той не можа быць Маім вучнем…»

Некалькі тыдняў таму я прачытаў сённяшні евангельскі фрагмент і пачаў самому сабе скардзіцца, што менавіта мне выпала яго каментаваць. Пан Езус можа лёгка вывесці чалавека з раўнавагі сваім габрэйскім спосабам выяўляць думкі. Увесь Божы закон і Евангеллі абапіраюцца на слова «любоў», а Пан Езус упарта гаворыць: «Хто не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем…» У Евангеллях ёсць некалькі падобных фрагментаў, калі Пан Езус замест любові і супакою гаворіць пра падзел, нянавісць і вайну. Каб зразумець Хрыста, трэба пазбыцца сектанцкага ўспрымання рэлігіі, вядомага нам з кінафільмаў або, на жаль, з уласнага досведу — калі нехта, абапіраючыся менавіта на гэтыя словы Пана Езуса, дзеля бітвы за святасць дазваляе сабе гвалт і прыгнёт у адносінах да тых, хто побач, часта нават да самых блізкіх. Пад выглядам падпарадкавання ўсяго Божай волі такі чалавек усё падпарадкуе свайму бачанню пабожнасці, а на самай справе —сабе самому. Ён як псіхапат, можа настолькі моцна адчуваць еднасць з Богам, што фраза з пабожнай песні «усё Табе хачу аддаць я і Табою толькі жыць» ператвараецца ў дзеянне, з адною заменаю: «усё сабе…». 

Але Пан Езус не заклікае нас да гвалту, не здымае з нас абавязкаў нашага грамадскага стану, паклікання, любові. Ён заклікае нас быць гатовымі сапраўды аддаць Яму ўсё. Не толькі тое, што ў нас ёсць, не толькі свае адносіны, але і тое, чым мы ёсць у самай глыбіні нашай істоты. Хрыстус заклікае нас не да гвалту, а да прыняцця праўды аб Уваскрасенні. У гэтага слова ёсць добры сінонім — Змёртвыхпаўстанне. 

Гаворачы пра Змёртвыхпаўстанне, мы не заўважаем у слове кораня «мёртвы». Але гэты корань у ім ёсць. Змёртвыхпаўстанне — не ўцяканне ад смерці, у ім ёсць згода на паміранне, сустрэча са смерцю, каб перамагчы яе. Пан Езус, гаворачы пра сваю хвалу і Валадарства, задае ўсхваляваным вучням і нам таксама пытанне: ці гатовыя мы памерці з Ім разам? Ці гатовыя мы, каб памерла ўсё, што для нас важнае, усё, што мы любім, каб атрымаць узамен новае, перамененае? Гэта не шлях недахопу любові. Наадварот, любоў — абавязковая ўмова. Але любоў павінна быць напоўненая даверам і вераю ў тое, што хоць гэты свет прамінае, нашае жыццё не скончваецца, а таксама перамяняецца. Пан Езус гаворыць нам пра смерць не для таго, каб мы забівалі, а для таго, каб разам з Ім адважна сустрэлі смерць і перамаглі яе Яго перамогаю. 


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла