«Зграшыў я супраць неба і перад табою…»

Дваццаць чацвёртая звычайная нядзеля, Год С (15.09.2019)

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: «Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”. Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.

Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”. Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».

І сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі. 

А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца. 

А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».

(Лк 15, 1–32)

«Зграшыў я супраць неба і перад табою…»

У размове з Андрэа Тарнэллі папа Францішак дзеліцца такім досведам: «Кожны раз, калі я пераступаю парог турмы дзеля якой-небудзь службы або наведвання, мне прыходзіць такая думка: чаму яны, а не я? Я павінен быць тут, я заслугоўваю таго, каб быць тут. Іх падзенні павінны былі быць маімі, я не адчуваю сябе лепшым за тых, хто насупраць. Я заўважаю, што паўтараю і малюся так: чаму яны, а не я?»

Ці нарадзіліся адразу вы святымі? Не. Усе мы нараджаемся грэшнікамі. «Вось я ў беззаконні зачаты, і ў граху мяне нарадзіла маці» (Пс 51, 7) — нагадвае псальм. Ведаеце грэшніка Францішка з Асізі, грэшніка Ігнацыя з Лаёлы, Саўла з Тарсу, якія атрымалі прабачэнне? Можна сказаць, што святыя — гэта людзі, якія ўсвядомілі, якія яны грэшнікі, колькі ім было прабачана і якой цаной. І з гэтай хвіліны іх жыццё стала гімнам удзячнасці ўсемагутнаму і міласэрнаму Богу, які стукаеццца ў сэрца кожнага грэшніка.

У гэтую нядзелю мы слухаем прыпавесць пра марнатраўнага сына і міласэрнага айца. Усё заканчваецца добра: марнатраўны сын, перанёсшы розныя выпрабаванні, вяртаецца ў бацькоўскія абдымкі. Здаецца, што ён вяртаецца сам, але ці не стаіць за ягоным вяртаннем вялікае прагненне айца, каб гэта адбылося? Айцец не можа дачакацца і сам выбягае насустрач сыну з раскрытымі абдымкамі. Прагненне, сум і любоў айца прыцягваюць яго да сына, чаму тады яны не могуць прыцягнуць і сына да айца? Чаму прагненне Бога, каб мы аказаліся ў Яго абдымках, не можа прыцягнуць цябе, мяне?

Варта пачаць сваё вяртанне з усведамленя, наколькі мы прывязаныя да граху, у якім жывем, і разумення, што нам патрэбная дапамога. Гэта не справа выжывання або самаратавання. Папросім жа дапамогі ў міласэрнага Бога: «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога Жывога, злітуйся нада мною, грэшным!».


Айцец Павел Мажэйка ОР 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла