(Не) дрэнна быць багатым

Дваццаць пятая звычайная нядзеля, год С (22.09.2019)

Езус казаў сваім вучням:

«Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”. Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”. Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?” Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”. Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”. І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення. 

І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. 

Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы ў вялікім. 

Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? 

Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».

Гэта слова Пана.

(Лк 16, 1–13)

(Не) дрэнна быць багатым

«О, каб вы так старанна выконвалі Божыя запаведзі, як клапоціцеся пра зямны дабрабыт і трымаецеся ўласных звычак!» Прыблізна ў такім духу трэба разумець дзіўную на першы погляд рэакцыю гаспадара на ўчынак несправядлівага эканома і дадзеную апошняму пахвалу. Менавіта яго спрыт і зацікаўленасць з’яўляюцца падставай гэтай пахвалы, а зусім не ашуканства, як хтосьці мог бы падумаць. Здабыванне ж сяброў нягоднай мамонай азначае не што іншае, як выкарыстанне матэрыяльных сродкаў толькі для добрых мэтаў, да ўсяго, што згоднае з воляй Божай. Чалавек не павінен, з аднаго боку, рабіць «бажка» з маёмасці. Але і пагарда да яе, што праяўляецца ў марнатраўстве, пусканні грошай «на вецер», не можа падабацца Богу. Існуюць, на жаль, людзі, якія здабылі грошы або вельмі лёгка, без асаблівых намаганняў, або несумленна, і таму зняважліва ацэньваюць тых, хто добрасумленнай працай не можа столькі зарабіць, і лічаць сябе годнымі выкідваць на пустыя, а нават на грэшныя рэчы і справы вялізныя сумы, якіх хапіла б на працяглае ўтрыманне некалькіх сем’яў або на пабудову, скажам, святыні. У той жа час хтосьці памірае ад цяжкай хваробы, не знайшоўшы сродкаў на лячэнне...

Але нават тады, калі чалавек багацее толькі дзякуючы сваёй працавітасці, накіраванай на памнажэнне духоўных або матэрыяльных багаццяў іншых людзей і свой дастатак успрымае як належную ўзнагароду, ён не павінен забывацца, што гэта Бог даў яму сілы, здольнасці, нарэшце, спрыяльныя ўмовы і сітуацыі, дзякуючы чаму ён мае тое, што мае. Удзячнасць адносна Даўцы ўсялякага дабра будзе праяўляцца ў тым, што такі чалавек адмовіцца ад пераканання, што мае права злоўжываць матэрыяльнымі сродкамі, якія пераўзыходзяць яго рэальныя патрэбы, навучыць сваіх блізкіх адказнасці і разумнай ашчаднасці і адкрыецца на патрэбы больш шырокага кола людзей, абдзеленых без уласнай віны.

Свядомасць таго, што ўсе мы з’яўляемся не гаспадарамі таго, што нам даў Бог (а няма нічога, што б мы мелі з іншых крыніцаў, справа толькі ў тым, наколькі сумленна мы штосьці атрымалі), а толькі распарадчыкамі, вызваляе ад прывязанасці да матэрыяльнага, нават калі яно дастаецца цяжкой працай і дазваляе без жалю дзяліцца ім з бліжнімі, што можна назваць выкананнем волі Бога і прыпадабненнем да Яго, які дорыць нам не толькі створаныя Ім даброты, але і самога сябе. Такім чынам, ужо цяпер мы вучымся прыняць у валоданне вечныя даброты будучага свету, які Бог дае ў спадчыну тым, хто не толькі верыць у Яго існаванне, але і застаецца верным у тым, што даручана нам на зямлі, хто не падманвае Яго высокага даверу.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла