Вечнае шчасце

Дваццаць чацвёртая звычайная нядзеля, Год С (29.09.2019)

Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў. А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі прыходзілі і лізалі ягоныя струпы. Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны. У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. Усклікнуўшы, ён сказаў: «Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў мой язык, бо я пакутую ў полымі гэтым». Але Абрагам сказаў: «Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці». Тады сказаў ён: «Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты». Абрагам адказаў: «У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх». А той сказаў: «Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца». Тады Абрагам сказаў яму: «Калі Майсея і Прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць».

(Лк 16, 19–31)

Вечнае шчасце

Страх перад смерцю сам па сабе нядрэнны, нават наадварот, баяцца смерці — нармальна, бо смерць звязаная з невядомасцю, пераменамі. Людзі часам імкнуцца рознымі спосабамі падоўжыць сваё жыццё, але нават самыя сучасныя даследаванні ў галіне медыцыны не могуць даць нам вечнасці. Жыццё тут, на зямлі, заўсёды будзе прамінальным. Але чалавек пакліканы да вечнасці, і таму шукаць яе — нашая мэта. Святы Павел напрыканцы ліста да Цімафея заахвочвае нас: «Трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы» (1 Цім 6, 12). Але толькі Бог можа даць нам яго, бо толькі Ён — «адзіны несмяротны» (1 Цім 6, 16). 

Гісторыя багацея і беднага Лазара з сённяшняга евангельскага фрагмента павінна перасцерагаць нас ад таго, каб мы не змарнавалі сваіх шанцаў на вечнае жыццё. Гэта шчасце, якога не можа даць нам жыццё на зямлі, бо яно прамінае. І ў той жа прыпавесці мы знаходзім суцяшэнне, бо яна гаворыць, што, імкнучыся быць блізка Бога ў сваім жыцці і трымаючыся веры ў тое, што Ён спрадвеку аб’явіў нам, мы атрымаем узнагароду за руплівасць, з якою шукалі Яго самога. 

Не трэба чакаць, каб памерлы прыйшоў папярэдзіць нас, каб мы паверылі, бо гэта ўжо адбылося. Прыйшоў сам Езус Хрыстус. Ці паверылі мы Яму? 


Айцец Марыюш Куліг ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла