Замкнёныя дзверы

Нядзеля Спаслання Духа Святога, год С (09.06.2019)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

 (Ян 20, 19–23)

Замкнёныя дзверы

Дзверы дома, якія Езус не адчыняў, а прайшоў праз іх толькі Яму вядомым спосабам, засталіся замкнёныя. Ён стаяў пасярэдзіне, каля вучняў, а дзверы, замкнёныя знутры, чакалі, пакуль іх шырока адчыняць. Вера і страх не могуць спалучацца, як і нязгода на змены.

Мы добра ведаем, што ў вучняў было шмат прычынаў схавацца: пагроза іх жыццю, пагроза зняволення, выгнання — усё ж яны былі вучнямі Езуса, які быў абвінавачаны ў блюзнерстве і забіты. Яны бачылі гэтую смерць і яшчэ не адышлі ад перажыванняў.

Яны памяталі, што, калі Езус вучыў, з пэўнага часу «адкрыта не казаў пра Яго» (Ян 7, 13), хоць многія «казалі, што Ён добры» (Ян 7, 12). А калі Езус ацаліў сляпога, ад Яго засланяліся няведаннем: «Хто адкрыў яму вочы, не ведаем» (Ян 9, 22). Хто ж тады мусіў адчыніць дзверы?

Гэта не належала рабіць Хрысту. Моцаю дароў Святога Духа Ён даў гэтаму пачатак — прыйшоў і даў вучням свой супакой! Ён паказаў ім рукі і бок, свае раны і пакуты, якіх сам па-чалавечы баяўся. Ён прыйшоў пераканаць іх, што разумее ўсё, але не адчыніў дзверы ў дом. Рух, змены ён пакінуў самім вучням.

Ёсць людзі, і свецкія, і духоўныя асобы, для якіх споведзь нярэдка бывае такім замкнёным ад страху домам. Ад іх жадання залежыць магчымасць адкрыцца перад Богам, ім не перашкаджае недахоп веры, але яны не могуць рашыцца на гэты крок. У чым жа праблема? Чаму яны не адчыняюць шырока дзвярэй?

Можа, яны ведаюць, што Езус замест іх не адчыніць замкнёнага сэрца. Ён не выканае замест іх працы над сабою, не выправіць, наколькі гэта магчыма, учыненае зло. Ці ад гэтага ўзгаданы сакрамэнт Касцёла становіцца безвыніковым? Зусім не. Моц Святога Духа не прыходзіць без нашага жадання. Мы не можам пабудаваць прабачэнне, супакой, новы пачатак на страху, і таксама не можам пабудаваць іх на пасіўным прыманні. Мы павінны дзейнічаць. Не ў адзіночку, а разам з Хрыстом, але адначасова самастойна, з даверам і ў свабодзе волі. Мы павінны жадаць зменаў і пачаць дзейнічаць, таму што Бог нічога не зробіць за нас. Гэтае жаданне — паварот ключа ў замкнёных дзвярах.


 Айцец Павел Зыбура ОР
Па матэрыялах партала
W Drodze

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла