Пазнанне

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год С (16.06.2019)

Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.

(Ян 16, 12–15)

Пазнанне

Часам нам можа здавацца, што чым лепш нешта разумееш, тым больш упэўнена сябе адчуваеш. Але задумайцеся на хвіліну, ці разумееце вы, як працуе аўтамабіль або аўтобус, на якім вы ездзіце? Так, ёсць шчасліўцы, якія, убачыўшы чалавека, у якога сапсавалася машына, затрымаюцца і адважна возьмуцца вырашаць праблему. Але іх няшмат. А як дзейнічае ваш смартфон? Я не кажу аб праграмным забеспячэнні, ёсць цудоўныя праграмісты, якія за некалькі хвілін палепшаць працу любога дэвайса. Мяне больш цікавіць, што адбываецца ў самім смартфоне, калі палец дакранаецца да паверхні яго экрана? Якія працэсы запускае ўзаемадзеянне чалавека з прадуктамі тэхнічнага прагрэсу, напрыклад, са смартфонам, якім сёння ўмеюць карыстацца нават малыя дзеці? Большасць людзей не задае сабе падобных пытанняў. Большасць цікавіць толькі адно: ці працуе гэтая рэч? Калі не, тады яе месца на сметніку.

Гэтак адбываецца ў адносінах чалавек — рэч. А як будуюцца адносіны асоба — асоба, а дакладней: асоба — Асоба? Мы святкуем урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, але ці імкнемся мы пазнаць Бога? Таго Бога, у якога мы верым, да якога звяртаемся ў малітвах… Або, паспрабаваўшы даведацца нешта, мы хутка адступаем, зрабіўшы выснову, што гэта занадта складана і няхай такімі рэчамі займаюцца тэолагі? Можа, нам здаецца, што веды пра Бога ні для чаго не прыдадуцца ў жыцці? Дзе ў штодзённым жыцці мне патрэбныя тэалагічныя веды аб Найсвяцейшай Тройцы? Хіба што ў палеміцы у сацыяльных сетках, альбо для магчымасці пахваліцца ў размове з чалавекам, недасведчаным у гэтай тэме. Так лічаць многія.

Пан Езус абяцае прыйсце Духа, яЯкі навучыць нас праўдзе. Узгадайце абраз Тройцы Андрэя Рублёва. Глядач нібыта ўключаны ў абраз, запрошаны далучыцца да супольнасці Тройцы. Наш Бог ёсць Богам, які запрашае глыбей пазнаваць Яго, не трымае нас на адлегласці. Калі б Ён быў іншым, то не ўцелавіўся б дзве тысячы гадоў таму. Наш Бог хоча быць пазнаным, для гэтага Ён даў нам розум і чулае сэрца. Бог запрашае, а не прымушае. Што ты адкажаш Яму?


Айцец Павел Мажэйка ОР



 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла