Уратаваць сваю душу

Дванаццатая звычайная нядзеля, Год С, (23.06.2019)

Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?» Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя – Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос». Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым». Але Ён, забараніўшы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.

А ўсім сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго.

(Лк 9, 18–24)

Уратаваць сваю душу

«Хто хоча душу сваю ўратаваць, загубіць яе. А хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той уратуе яе» (гл. Лк 9, 24). Душа кожнага чалавека — гэта створаная самім Богам у хвіліну зачацця непаўторная несмяротная духоўная форма яго цела, без якой апошняе не можа заставацца жывым. Магчыма, менавіта гэты ўплыў душы на жыццё цела і паслужыў прычынай замены ў сучасным перакладзе слова «душа», якое ўжываецца ў грэцкім арыгінале (ψυχή), на слова «жыццё». Здавалася б, у гэтым варыянце сэнс вышэйузгаданай фразы Збаўцы ўспрымаецца лепш: чалавек, які з усіх сілаў трымаецца за зямное жыццё і яго якасць, не грэбуючы дзеля гэтага грэшнымі сродкамі, рана ці позна ўсё ж не пазбегне смерці, а грэх не дазволіць яму ўвайсці ў краіну вечнага шчаслівага жыцця. А той, хто вышэй за зямное жыццё ставіць жыццё вечнае, якое Бог абяцаў тым, хто верны Яго навуцы, здольны выракацца, быць самаахвярным і, давяраючы Хрысту, не вагаецца прыняць мучаніцтва і атрымаць узнагароду ў вечнасці. Слушна, але арыгінальнае слова «душа» адкрывае ў словах Збаўцы глыбейшы сэнс, больш надзённы, хоць сам выраз у сучасных людзей можа выклікаць здзіўленне: «Ці можа быць заганным жаданне верніка збавіць сваю душу? Ці не дзеля гэтага Езус заснаваў Касцёл?». Безумоўна, так. Але не трэба забываецца, што пад уплывам першароднага граху чалавек далёка не заўсёды правільна разумее праўды веры і не заўсёды ўмела выкарыстоўвае сродкі збаўлення. Падаецца, заснавальнікі шматлікіх сектаў, упадаючы ў ерась, таксама кіраваліся высакароднымі намерамі збаўлення душаў, калі праз адсутнасць пакоры станавіліся на згубны шлях і вялі за сабою іншых. Колькі зла прыносіць бюракратычны падыход і да зямных, і да духоўных справаў! Як жа часта рэгулярная малітва і прыняцце сакрамэнтаў не прыносяць духоўнага плёну ад празмернай засяроджанасці на ўласнай асобе або, наадварот, — на супольнасці! У першым выпадку вернік замыкаецца на іншых, у тым ліку і на Бога, ставячы на першае месца ўласныя ўяўленні аб хрысціянскіх абавязках і спосабах іх выканання, не заўважаюючы момантаў, калі Бог жадае, каб ён замяніў адну добрую справу другою, больш патрэбнаю і актуальнаю. У другім выпадку чалавеку пагражае аслабленне асабістага кантакту з адзіным Даўцам збаўлення і ўсіх дабротаў, калі зямныя справы і чалавечыя адносіны становяцца важнейшымі за духоўныя абавязкі. А гэтыя абавязкі, у сваю чаргу, часта падмяняюцца эмацыйнымі перажываннямі, без глыбокага ўваходжання ў Божую рэчаіснасць. І ў адным, і ў другім выпадку людзі знаходзяцца ў няволі ўласных уяўленняў аб шляхах збаўлення, і адысці ад іх не могуць… Пан Езус заклікае не баяцца «загубіць» душу, выходзячы за межы тых уяўленняў. Штодня браць свой крыж і ісці за Ім — гэта значыць браць прыклад з Езуса, які не баяўся пераследу за праўду, не пазбягаў магчымасці несці дабро бліжнім і не чакаў ад іх удзячнасці… А сілы для гэтага трэба браць з засяроджанай,, шчырай і глыбока асабістай малітвы да Нябеснага Айца, якая ляжыць у аснове любой супольнай малітвы.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла