Кажы, Пане…

Трынаццатая звычайная нядзеля, Год С, (30.06.2019)

Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем. Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?» Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску.

Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго». А Ён сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі». А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага». 

(Лк 9, 51–62)

Кажы, Пане…

«Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага». Гэта Езус кажа чалавеку, які вырашыў пайсці за Ім, але спачатку хацеў развітацца з блізкімі людзьмі. Гучыць сурова. Тым больш, што акурат перад гэтым Езус быў такі цярплівы і міласэрны да упартых жыхароў самаранскай вёскі, якія адмовіліся пусціць Яго да сябе.

Але той чалавек, здаецца, усё ж заслужыў, каб Хрыстус так яму адказаў.

Менавіта так павінна адбывацца навяртанне: справа не толькі ў тым, каб адкінуць грэх, а яшчэ ў тым, каб рашуча пайсці за Панам Богам. Хатнія, пра якіх згадвае евангеліст, — гэта прыклад дабра, якое можа нас зняволіць і закрыць шлях да поўні свабоды. А толькі ў поўнай свабодзе можна любіць напоўніцу. Рэч не ў тым, каб пагарджаць хатнімі, Законам або целам, як піша святы Павел, а ў тым, каб усё аддаць Духу Святому. Не атрымаецца рабіць гэта, сціснуўшы кулакі. Трэба дазволіць Духу Святому вызваліць нас ад дабра, прывязанасцяў, звычак, якія абмяжоўваюць нас, перашкаджаюць быць апосталамі і нават проста хрысціянамі. Тады, дзякуючы Божай ласцы, мы станем больш шчодрымі і адкрытымі, каб, як Хрыстус у хвіліну смерці, не мець нават адзення. Мы ўбачым, што не мы выбіраем Бога, а Ён выбірае нас і кожнага кліча па імю. Слухайма ж Яго, паўтараючы: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой» (1 Вал 3, 9), дамо адказ на Яго натхненні.  Пойдзем жа туды, куды Ён пакліча нас, каб атрымаць жыццё ў Валадарстве нашага Айца, бо толькі Ён можа прывесці нас да сябе.


 Айцец Войцех Гамулка ОР

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла