Разважанні на Адвэнт. Цудоўная надзея

Усім патрэбна надзея. У рэшце рэшт, надзея вельмі добрая рэч, можа, нават самая лепшая. Нельга купіць надзею, але Бог шчодра адорыць васёю, калі вы папросіце. Без надзеі людзі не могуць жыць. А як вы будзеце адчуваць надзею падчас сёлетняга свята Божага Нараджэння? Мы прапануем вам, дарагія чытачы, разважанні сусветна вядомага амерыканскага спікера Мэцью Кэлі, пісьменніка і дырэктара партала Dynamic Catholic.


Адна з маіх любімых тэмаў — гаварыць пра мары і разважаць пра мары, таму што, акрамя свабоднай волі, на маю думку, — гэта адзін з самых дзейсных дароў, якія Бог дае нам. Мары і надзеі ідуць поруч. Але жыццё — цяжкая штука, праўда? Яно можа вельмі хутка высмактаць усю надзею з нашага жыцця.

Я памятаю, калі майму старэйшаму сыну, Уолтару, быў адзін год, у яго была астма. Аднойчы ноччу ён пачаў задыхацца. Мы далі яму лекі, але яны не дапамаглі, і яму па-ранейшаму было цяжка дыхаць. Нарэшце, мы завезлі яго ў аддзяленне хуткай дапамогі, і там дактары дапамаглі яму. Але яны сказалі, што пакінуць дзіця ў адзяленні на ноч. І я памятаю, як яны павялі нас у пакой, дзе сын збіраўся правесці ноч… Пакой быў у самым канцы дзіцячага крыла, і мы павінны былі прайсці міма ўсіх гэтых хворых дзяцей, каб трапіць туды. Некаторыя з гэтых дзяцей былі цяжка хворыя. Як бы вы сябе адчувалі як бацькі ў такой сітуацыі?..

У жыцці бывае ўсяляк. Часам здараюцца такія жорсткія моманты, што ў нас проста не застаецца надзеі. Менавіта ў такія моманты нам больш, чым калі-небудзь, трэба звярнуцца да Бога, звярнуцца да сяброў, звярнуцца да сям'і, звярнуцца да супольнасці, каб знайсці шлях наперад.

Ёсць моманты ў нашым жыцці, калі мы адчуваем у сабе неверагодную, дзіўную надзею. Але ёсць моманты, калі мы адчуваем вялікі адчай. Адзінае, што я зразумеў з узростам, — гэта тое, што Бог зацікаўлены кожным з нас як у чалавеку ўвогуле. Ён не проста зацікаўлены намі на працягу адной гадзіны, калі мы прыходзім у касцёл у нядзелю. Бог цікавіцца ўсім нашым жыццём, усім нашым жыццёвым досведам.

На працягу нашага падарожжа праз Адвэнт, мы будзем размаўляць пра надзею. Вы ведаеце, што наш Бог — гэта Бог таямніцы. Наш Бог — Бог нечаканасцяў. Наш Бог — Бог надзеі. Таму мы пачынаем наш шлях праз Адвэнт з надзеяй, каб мы маглі пасеяць зерне надзеі глыбока ў нашых сэрцах. Каб мы маглі быць пасланцамі надзеі, несучы яе ўсім, каго сустракаем на нашым шляху кожны дзень.

Заданне

Падумайце некалькі хвілінаў, як выглядала б вашае жыццё без надзеі.

Малітва

Пане Езу, дапамажы мне стаць чалавекам надзеі падчас Адвэнту. Запоўні ўвесь мой розум, маё цела і ўсю маю душу надзеяй.


Мэцью Кэлі
Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла