У атмасферы ўзнёслага чакання

8 снежня ў Віцебскай дыяцэзіі распачаліся чарговыя традыцыйныя Дні хрысціянскай культуры. Сёлета адным з першых мерапрыемстваў, што мяркуецца правесці ў іх межах, стала перадкалядная вечарына «Ціхая ноч, Святая ноч». Таксама традыцыйная, бо ладзіцца яна ўжо трэці год запар.


Як і на папярэднія, шматлікія прадстаўнікі розных канфесій абласнога цэнтра сабраліся на гэту вечарыну ва ўтульнай актавай зале абласной бібліятэкі. Як і ў папярэдніх, актыўны ўдзел у ёй узялі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, канцлер дыяцэзіяльнай курыі Віктар Місевіч і ўпершыню – вікарый парафіі Святога Уладзіслава ў Віцебску а. Станіслаў Памыкала.

Распачаў прыгожае дзейства спевам «Ave Maria» ўзорны вакальна-харавы калектыў «Асоль» абласнога палаца дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Алены Фальковіч.

Затым з прывітальным словам да прысутных звярнуўся біскуп Алег Буткевіч. Ён адзначыў ролю такіх супольных мерапрыемстваў у справе духоўнага ўзрастання вернікаў і заклікаў усіх прысутных да дзейснага паяднання на шляху да захавання і памнажэння хрысціянскіх традыцый.

Галоўнае ўражанне, якое вынеслі з вечарыны яе ўдзельнікі, – гэта напоўненасць усяго, што дзеелася на сцэне, матывамі адчування Божае велічы, прыгажосці свету і неабходнасці захаваць гэтую прыгажосць для наступных пакаленняў.

Пра гэта сведчылі вельмі хораша прачытаныя на памяць верніцай грэка-каталіцкай парафіі Наталляй Плешчанка творы Святога Аўгустына і Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, вершы Васіля Зуёнка і Мар’яна Дуксы ў выкананні парафіяніна парафіі Езуса Міласэрнага Улада Каржанеўскага, поўная настальгіі па днях чакання свята ў маленстве імпрэсія Крыстыны Лялько «Радасць» у выкананні бібліятэкаркі Ларысы Рагачовай.

Своеасаблівага каларыту дадало імпрэзе выступленне сямейнага творчага тандэма ў складзе знанай паэткі Людмілы Сіманёнак і яе сына Сцяпана Серабро. Калі прафесійны падыход да справы маці – рэч цалкам прадказальная, то непасрэднае жаданне хлопчыка дашкольнага ўзросту зрабіць усё як след (а дэкламаваў ён верш Ларысы Геніюш «Святы вечар») не магло не выклікаць у гледачоў пачуцця замілаванасці.

Як заўсёды, самы актыўны ўдзел узяў у вечарыне дыяцэзіяльны хор «Hаsanna» пад кіраўніцтвам Святланы Шыдлоўскай. Заслугі гэтага спеўна-музычнага калектыву ўсім добра вядомыя. І тое, што яго выкананне з’яўляецца ўпрыгожаннем любой імпрэзы і сведчыць пра высокі ўзровень майстэрства і адказнасці перад публікай пацвердзілася і гэтым разам.

Завяршылася праграма перадкаляднае вечарыны заключным словам і спевам пад уласны акампанемент біскупа Алега Буткевіча. Затым узяла слова дырэктарка абласной бібліятэкі Таццяна Адамян. Яна шчыра падзякавала ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства і выказала надзею на працяг плённага супрацоўніцтва ў будучыні. 

Прыемным сюрпрызам сталіся для ўдзельнікаў і гасцей імпрэзы прэзенты ад дыяцэзіяльнай курыі і рэдакцыі газеты «Каталіцкі веснік» – календары на 2019 літургічны год, прысвечаныя 20-годдзю Віцебскай дыяцэзіі. А для святароў прыемнаю неспадзяванкаю – выстава кніг духоўнай літаратуры і цудоўны збор (выстава) адвэнтавых календароў у аддзеле замежнай літаратуры бібліятэкі.


Францішак Дубраўскі
Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла