Разважанні на Адвэнт. Прыняцце жаданага за сапраўднае

Мы працягваем друкаваць разважанні на Адвэнт. Гэтым разам прапануем вам, дарагія чытачы, разважанні вядомага пісьменніка Алена Ханта.


Яе завуць Марсі, і яна цудоўная жанчына. Марсі вельмі палкая ў сваёй веры, і чым бы яна ні займалася, яна заўсёды з Богам. А вось яе муж не такі. Ён не называе сябе атэістам, але ён кажа: «Ведаеце, што? На самай справе я не католік. На самай справе я не хрысціянін і я не зусім упэўнены, у што я веру». Але мне вельмі падабаецца, што калі яны разам, муж захапляецца вераю Марсі. Ён не абураецца, ён захапляецца! І ён кажа: «Ведаеш, Марсі, хацеў бы я мець тое, што ёсць у цябе. Цябе жыццё здзіўляе, а мяне збівае з ног».

Жыццё можа здзіўляць Марсі, але яно не збівае яе з ног. Яна ведае, што жыццё часам можа быць пустыняю. Але яна таксама ведае, Каму належыць будучыня. Вось такая надзея ў Марсі…

Калі мы сустракаем чалавека, то можам сказаць, ці ёсць у яго надзея, ці не, праўда? Мы можам проста ўбачыць надзею ў яго вачах. Яны будуць крыху ярчэйшымі і трохі больш аптымістычнымі. Выраз твару такога чалавека і ўсё ў ім як бы сведчыць, што ён мае надзею.

Як нам нагадвае папа Францішак, мы з упэўненасцю спадзяемся знайсці Бога. Іншымі словамі, мы хочам знайсці Езуса Хрыста і Яго валадарства. Гэтага мы чакаем... чакаем, што Езус прыйдзе да нас і прынясе сваё валадарства, не толькі ў свет, але і ў нашае жыццё, у нашыя адносіны, у нашу працу, у нашыя сэрцы. Усюды.

Ведаеце, некаторыя людзі думаюць, што надзея — гэта выдаваць жаданае за сапраўднае ці нейкі наіўны аптымізм, як у рамане Элінор Портэр «Поліанна». Але гэта не так.

Надзея выходзіць за рамкі нашых магчымасцяў і нашых уласных сілаў,
надзея і ёсць упэўненасць. Гэта ўпэўненасць у тым,
што ты і я ведаем, куды мы ідзем, і мы ведаем,
Хто ідзе разам з намі.

Езус прыходзіць да нас, каб ісці разам з намі на нашым шляху. Бог — месца прызначэння. І гэта дае нам надзею, якая цягне нас наперад, і мы пракладваем наш шлях да Бога.

Старажытныя габрэі мелі шмат розных імёнаў для Бога, і маё любімае — «Прыстанішча». Бог ёсць Прыстанішча. Ты і я рухаемся да Прыстанішча, і мы не самотныя на гэтым шляху: Езус вядзе нас да прыстанішча…

Жыццё можа здзіўляць нас, але яно ніколі-ніколі не зможа нас збіць з ног.

Заданне

Запішыце, дзе ў вашым жыцці вы можаце знайсці Бога.

Малітва

Пане Езу, я ведаю, што Ты ніколі не пакінеш мяне. Дапамажы мне з упэўненасцю сказаць: «Я маю надзею», таму што Бог побач са мною. Бог ідзе разам са мною.


Ален Хант — вядомы спікер у ЗША і аўтар бэстсэлераў.
Атрымаў адукацыю ў міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Mercer
(бакалаўр дзелавога адміністравання)
і ў прыватным даследчым універсітэце Emory
(магістр тэалогіі), а таксама ў Ельскім універсітэце
(доктар па Новаму Запавету).
Доктар Хант і яго жонка Аніта жывуць у Атланце.
У іх ёсць дзве дарослыя дачкі.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла