Разважанні на Адвэнт. Мы не самотныя

Мы працягваем друкаваць разважанні на Адвэнт. Прапануем вам, дарагія чытачы, разважанні вядомага пісьменніка Алена Ханта пра глыбокую Божую радасць, якая не залежыць ад жыццёвых абставінаў


Дрэнныя рэчы здараюцца, і яны здараюцца з кожным. Нават з добрымі людзьмі...

Ці ведаеце вы што-небудзь пра даўнейшыя рымскія вязніцы? О, гэта былі жахлівыя месцы. У іх было цёмна, вільготна і жудасна. Гэта былі вялізныя ямы або пячоры пад зямлёю, і ў іх быў толькі адзін уваход — адтуліна ў верхняй частцы. Ахоўнікі апускалі вязняў уніз на вяроўцы. Зразумела, унізе не было ніякай ежы. Ахоўнікі нічога не прыносілі. Адзіным выратаваннем для вязняў былі іх сябры або члены сям'і, якія маглі прыйсці іх наведаць. Яны спускалі ўніз на вяроўцы прынесеную з сабою ежу. Відавочна, што ўсе вязні былі галоднымі, і яны змагаліся за тое, каб дабрацца да ежы. Такім чынам, калі вязню ўдавалася дабрацца да ежы, і яна прызначалася для яго, у яго быў шанец выжыць.

Гэтыя месцы былі настолькі жудаснымі, цёмнымі і поўнымі пакутаў, што ў старажытных апісаннях людзі, якія траплялі ў тыя адтуліны ў зямлі, выкарыстоўвалі для апісання галашэнняў, стогнаў і агоніі вязняў тыя ж словы, якія выкарыстоўваюцца для апісання пекла. І вось у такой вязніцы скончыў сваё жыццё апостал Павел. Ён напісаў шмат сваіх лістоў (якія мы можам знайсці ў Новым Запавеце), з такіх месцаў, з рымскіх вязніцаў.

Ён напісаў ліст да Філіпянаў з рымскай вязніцы:

«Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!..
Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся,
але ў кожнай малітве і просьбе
з удзячнасцю адкрывайце вашыя жаданні перад Богам.
І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум,
будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе» (Флп 4, 4-7).

Як увогуле можна было нешта такое напісаць з цёмнага, сырога месца адчаю, месца смерці? З месца пакуты... У гэтым кароценькім лісце да Філіпянаў (у ім усяго чатыры раздзелы) святы Павел выкарыстоўвае слова «радасць» трынаццаць разоў. Што Павел ведаў? Што ён ведаў, аб чым ты і я, магчыма, забыліся?

Св. Павел ведаў, што ты і я ніколі не застанемся самотнымі. На самай справе, Езус прыйшоў да нас. Ён прыйшоў да нас, і Ён увайшоў у гэты свет і далучыўся да нашых пакутаў... Гэтая гісторыя пачынаецца з Адвэнту і Божага Нараджэння і вядзе нас да крыжа. Мы далучаемся да Яго. І часцей за ўсё мы гэта ўсведамляем у цяжкія часы, таму што ведаем, што Ён перажывае з намі нашы пакуты: Ён суцяшае нас, любіць, ачышчае і ратуе нас.

Пакуты — гэта не канец гісторыі, таму што мы ніколі не бываем самотнымі. Св. Павел спазнаў гэта даволі глыбока, настолькі, што бачачы смерць і адчай вакол сябе ў рымскай вязніцы, змог сказаць: «Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!».

Мы ніколі не бываем самотнымі. І ў гэтым ёсць надзея. Бог не забываецца пра нас. Бог абяцае, што будзе з намі заўсёды. Ён ніколі не пакіне нас.

Заданне

Прачытайце ўрывак з Бібліі: Ерамія 29, 11–14.

Малітва

Езу, давяраю Табе.


Ален Хант — вядомы спікер у ЗША і аўтар бэстсэлераў.
Атрымаў адукацыю ў міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Mercer
(бакалаўр дзелавога адміністравання)
і ў прыватным даследчым універсітэце Emory
(магістр тэалогіі), а таксама ў Ельскім універсітэце
(доктар па Новаму Запавету).
Доктар Хант і яго жонка Аніта жывуць у Атланце.
У іх ёсць дзве дарослыя дачкі.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла