Дзе ўзяць адказы

Трэцяя нядзеля Адвэнту, год С (16.12.2018)

І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?» Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае». Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце». Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёй платай».

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».

Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

(Лк 3, 10–18)

Дзе ўзяць адказы

Першае, пра што нам кажа нядзельнае Божае слова — гэта неабходнасць задаць пытанне адпаведнай асобе. «Што мы павінны рабіць?» — пытаюцца ў Яна Хрысціцеля розныя людзі. І хоць задаваць пытанні — гэта натуральна, многія не могуць гэтага зрабіць. Чаму? Некаторыя самі ведаюць (альбо лічаць, што ведаюць), што павінны рабіць у жыцці. Часам няма побач адпаведнага чалавека, які адкажа на пытанне так, як Ян Хрысціцель, пакажа накірунак, а не скарыстаецца магчымасцю прадэманстраваць свой розум і вышэйшасць, удзяляючы «мудрую» параду.

Людзі з нядзельнага Евангелля маюць магчымасць запытацца і атрымаць канкрэтны адказ. Як быць нам? Да Яна Хрысціцеля маглі б прыйсці студэнты, сужэнцы, адзінокія, пажылыя людзі, палітыкі, бізнесмены, святары і задаць тое самае пытанне: «Што мы павінны рабіць?» Але ці мы гатовыя, ці хочам мы шукаць адказу ў Прадвесніка Хрыста? Не трэба баяцца, што Ян затрымае ўвагу на сабе. Гэтак жа, як і ў часы, калі Хрыстус хадзіў па Палестыне, Ян толькі скіроўвае людзей далей, да Таго, хто мае адказ на пытанні, якія мы нават не адважваемся задаць. Таму пытаймася ў гэтага святога і ў нашыя часы: «Што мы павінны рабіць?».


Айцец Павел Мажэйка OP

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла