Разважанні на Адвэнт. Чакаць немагчымага

Запрашаем вас, дарагія чытачы, да роздумаў над сваім жыццём падчас Адвэнту. Прапануем вам разважанні вядомага пісьменніка і спікера Мэцью Кэлі пра расчараванне.


На каго ці на што мы ўскладаем нашу надзею? Калі на нейкую рэч альбо на каго-небудзь, хто не ў стане яе апраўдаць, то будзем кожны раз расчароўвацца. Не таму, што хтосьці не апраўдаў нашых спадзяванняў, а таму, што мы не на тых спадзяваліся. І калі такія расчараванні здараюцца з намі неаднойчы, мы можам страціць веру ў надзею. Мы можам страціць надзею на надзею.

І ў асабістых адносінах мы вельмі часта спадзяемся на іншага чалавека. Напрыклад, калі плануем шлюб або хочам наладзіць трывалыя адносіны, спадзеючыся, што іншы чалавек задаволіць нашы патрэбы, мы можам расчаравацца. Наша надзея можа не апраўдацца. Яна можа быць зламаная. А гэта жахліва.

Мы ўскладаем надзею на нейкія рэчы альбо спадзяёмся на наш жыццёвы досвед, альбо на людзей, і не спадзяёмся на Бога і вечнасць.

Я не памятаю, каб хтосьці гаварыў пра Неба. А гэта вялікае абяцанне надзеі, што Бог дае нам. Цяпер мы не дома, мы проста пілігрымы ў жыццёвым падарожжы. Мы можам уладкаваць наша жыццё так, быццам гэта і ёсць наш дом, пабудаваць вялікі будынак, зрабіць яго зручным і выгодным, абсталяваць усім неабходным і адчуваць, што мы дома. Але гэта памылка. Гэта не дом. Мы яшчэ не дома. Мы на шляху да яго. Мы пілігрымы. І калі мы пра гэта забываем, то вельмі лёгка можам страціць надзею.

Надзея робіць магчымым тое, што па-чалавечы здаецца немагчымым. З надзеяй мы ўпэўнена чакаем усяго ад Бога.

Малітва

Пане Езу, дапамажы мне паставіць Цябе ў цэнтр майго жыцця.


Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла