У Мінску пройдзе 24-гадзінная адарацыя ў інтэнцыі абароны жыцця як адказ на выклікі «цывілізацыі смерці»

Нашыя сем’і знаходзяцца пад няспынным ціскам шматлікіх пагрозаў, якія святы Ян Павел ІІ назваў «цывілізацыяй смерці». Сёння Беларусь апынулася ў сусветных лідарах па колькасці разводаў, абортаў, венерычных захворванняў і алкагалізму. Сужэнская нявернасць і перадшлюбная нячыстасць сталі нормаю. З кожным годам расце адсотак бясплодных сужэнцаў.  Нашая краіна паволі вымірае, таму што беларусы ў большасці сваёй дазваляюць нарадзіцца толькі аднаму дзіцяці.


Прычынаю маладзетнасці звычайна называюць фінансавыя цяжкасці, хоць усім вядома, што самыя багатыя краіны — самыя маладзетныя. Гэта значыць, што прычыны знішчэння традыцыйнай хрысціянскай мадэлі сям’і знаходзяцца не ў фінансавым, а ў духоўным крызісе.

Да таго ж, апошнія месяцы ў Беларусі вельмі актывізаваліся прыхільнікі гендарнай ідэалогіі, якія свядома ці несвядома імкнуцца да знішчэння традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і прапаганды сексуальных вычварэнстваў. Выразна бачна, што такая сітуацыя мае свае вытокі ў глыбокім духоўным і маральным бязладдзі.

Таму мы, хрысціяне, павінны даць дзейсны духоўны адказ на гэтыя выклікі часу, тым больш цяпер, у Адвэнце, калі мы чуваем і разважаем над таямніцаю Святой Сям’і.

З гэтай нагоды айцы хрыстусоўцы прапануюць прыняць удзел у 24-гадзіннай адарацыі ў інтэнцыі абароны жыцця і сям’і, а таксама дзеля перапрашэння за жудасныя грахі супраць жыцця і сям’і, якія здзяйсняюцца на нашай зямлі: за аборты, кантрацэпцыю, штучнае апладненне, распусту, разводы, садомскі грэх, парнаграфію, знішчэнне цнатлівасці дзяцей.

Адарацыя распачнецца св. Імшою у 19.00 у чацвер, 20 снежня,
і скончыцца св. Імшою у 19.00 у пятніцу, 21 снежня.

Месца правядзення малітоўнага чування:
Рыма-каталіцкая парафія cв. Яна Евангеліста
і св. Максімільяна М. Кольбэ ў г. Мінску.
Адрас капліцы: вул. Матусевіча, 80.

Шчыра запрашаем да малітвы аб святасці беларускіх сем’яў!


Паводле jan.by

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла