«Шчаслівая тая, якая паверыла…»

Чацвёртая нядзеля Адвэнту, год С (23.12.2018)

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».

(Лк 1, 39–45)

«Шчаслівая тая, якая паверыла…»

«Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» — услед за маці Яна Хрысціцеля ўсе пакаленні верных хрысціянаў называюць сціплую небагатую дзяўчыну з правінцыі шчасліваю, нягледзячы на тое, што Яе зямное жыццё было вельмі далёкім ад таго ідэалу шчасця, які ставіць перад сабою свет, асабліва сучасны: замуж Яна выйшла зусім не за алігарха, уцехаў цялесных не зведала, а нарадзіла ва ўмовах, якія сёння не толькі б палічылі антысанітарнымі і недапушчальнымі для родаў, але многія прызналі б іх паказаннем для таго, каб адмовіцца ад дзіцяці. Рана страціўшы бацькоў і мужа, Яна пахавала і Адзінага Сына, бязвінна асуджанага на ганебную смерць, і засталася адна пад апекаю беспрацоўнага рыбака… Дзе ж усе тыя прыемнасці і раскошы, да якіх імкнуцца, у якіх бачаць шчасце не толькі нерэлігійныя людзі, але ўслед за імі і тыя, што лічаць сябе добрымі хрысціянамі?

Шчасце Панны Марыі ў тым, што паверыла Яна па-сапраўднаму, не так, як многія з нас: што больш, чым у Бога і Яго навуку, вераць у сваё ўяўленне аб Касцёле, супольнасці, верніках і малітве як сродку здабывання тых ці іншых зямных дабротаў цудоўным шляхам. Паверыла Яна не толькі ў магчымасць неверагоднага дзявочага зачацця і нараджэння (у чым хутка і пераканалася), але і ў іншае абяцанне Арханёла, якое споўнілася, здавалася б, дакладна наадварот: замест велічы і вечнага Валадарання Яе Сына на троне Давіда — Яго знеслаўленне, збіццё і пакутлівае кананне на крыжы. І нягледзячы на такі «падман», вера Яе засталася непахіснаю!

Як жа часта можна бачыць хрысціянаў, якія, сутыкнуўшыся з дрэнным прыкладам аднаверцаў (асабліва святароў), здрадаю, непрыняццем супольнасцю, расчараваўшыся ў сваіх спадзяваннях, перастаюць не толькі прыступаць да святых сакрамэнтаў і наведваць святыню, але нават маліцца, зусім губляючы кантакт з Богам… Але ці ад гэтага іх жыццё робіцца больш шчаслівым? Бо нават калі чалавек з галавою акунецца ў любімую справу ці цалкам прысвеціць сябе сям’і, дзецям, атрымліваючы ад гэтага асалоду і задавальненне, ён не пазбегне больш ці менш свядомага адчування, што ў кожны момант штосьці можа пайсці не так, а рана ці позна ўсяму прыйдзе канец. І што далей? Пустка, запоўніць якую можа толькі Бог. Усявышні дапускае ў чалавечым зямным жыцці пэўныя шчаслівыя хвіліны, але толькі як нейкае адлюстраванне мэты, да якой гэтым самым заахвочвае імкнуцца, не прывязваючыся да самаго адлюстравання.

Дапускае Ён таксама і выпрабаванні, каб спраўдзіліся нашыя цноты, у прыватнасці цнота веры. Бо калі цнота ёсць, выпрабаванне яе толькі ўмацуе, як паказвае прыклад Марыі. Калі ж сапраўдную веру замяняе яе сурагат, то і гэта выяўляецца.

Не трэба аднак спяшацца рабіць выснову, што наяўнасць духоўных або фізічных цярпенняў, цяжару і смутку, з якімі перажываюцца выпрабаванні, абавязкова сведчыць аб адсутнасці веры. Малітва аб тым, каб келіх горычы прайшоў міма, злучаная з падданнем сябе волі Айца (гл. Мц 26, 39; Мк 14, 36; Лк 22, 42) гарантуе, што нават перад абліччам вялізнага няшчасця чалавек не проста не страціць веры, але і ўмацуе яе. Гэтак адбылося ў жыцці Маці і прыкладнай Вучаніцы Уцелаўлёнага Бога і нашай Настаўніцы ў веры. Той самай веры, што вядзе да поўні шчасця, якою хоча ўсіх адарыць народжанае ў стайні Боскае Дзіця.


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла