Разважанні на Адвэнт. Па-за межамі кантролю

Мы працягваем друкаваць разважанні на Адвэнт. Прапануем вам разважанні вядомага пісьменніка Алена Ханта пра блізкасць Бога


Джэры Мэньюэл займаўся бейсболам і гуляў у вышэйшай лізе большую частку свайго жыцця. Уся яго кар'ера была звязана з бейсболам. Аднойчы ў яго бралі інтэрв'ю і запыталі: «Які момант у Вашай кар'еры быў вызначальным?» Ён адказаў: «Памятаю, я быў у пакоі, калі менеджэр каманды ўносіў канчатковыя змены ў спіс гульцоў. Кагосьці ён адпраўляў у ніжэйшую лігу, а некаторых выключаў з каманды ўвогуле. Прыйшоў хлопец, які быў запасным кэтчэрам, і яму сказалі, што ён звольнены. Яго кар'ера ў бейсболе скончана. Кэтчэр усміхнуўся і адказаў: «Нічога сабе! Гэта азначае, што ў Бога ёсць яшчэ нешта ў запасе для мяне!..» Калі Джэры пачуў словы кэтчэра, ён сказаў: «Я не ведаю, што ёсць у гэтага хлопца, але я таксама гэтага хачу».

Ведаеце, што Джэры ўбачыў у тым маладым гульцу, якога звольнілі з каманды і чыя кар'ера толькі што скончылася? Надзею... Надзея ведае, што ва ўсім дзейнічае Бог, і мы можам давяраць Яму. Большую частку падзеяў нашага жыцця мы не можам кантраляваць. Мець надзею — гэта не проста выдаваць жаданае за сапраўднае.

Мець надзею — гэта значыць прызнаваць,
што нешта здараецца па-за маім кантролем,
але я выбіраю давер да Бога.

У нас з маёю жонкаю Анітаю ёсць дзве дачкі. Як толькі нарадзілася другая дачка, наша сям'я пераехала ў іншы штат, каб я змог пайсці ў аспірантуру. У той час мы не ведалі, што з пераездам пачнуцца два самыя цяжкія гады нашага жыцця і нашага шлюбу.

На працягу гэтых двух гадоў я захварэў на язвавы каліт і не мог утрымліваць большай часткі спажытай ежы, а таму пачаў губляць вагу. Я схуднеў прыкладна да 57 кг. Гэта былі два гады пакутаў, а да ўсяго ў мяне яшчэ знайшлі меланому і давялося рабіць аперацыю. У гэтыя ж гады ў маёй жонкі здарыліся два выкідышы... Аднойчы пасля аперацыі, калі я ўжо пачаў ачуньваць, але яшчэ быў падлучаны да апаратаў, да мяне прыйшоў мой лепшы сябар, ксёндз Стывен, і сказаў: «Ален, ты не хочаш памаліцца разам са мною?» «Гэта было б выдатна», — адказаў я. І пакуль мы разам маліліся, я атрымаў такое глыбокае адчуванне прысутнасці Бога, такую ўпэўненасць... Разумееце, на працягу гэтых двух гадоў я задаваў сабе пытанне, дзе быў Бог, калі я пакутаваў, калі мая жонка і я сутыкаліся з рознымі фізічнымі цярпеннямі, якія прыходзілі адно за другім... Але цяпер, у гэтым пакоі, калі я пайшоў на папраўку, калі пачаў жыць зноў, падчас малітвы з маім сябрам, я атрымаў такое глыбокае адчуванне ўпэўненасці ад Бога! Гэта было так, быццам хтосьці прытуліў мяне і мне стала цёпла, і я пачуў: «Ален, я быў з вамі ўвесь гэты час».

Верце, Бог заўсёды з намі на жыццёвым шляху. Ведайце, што ўсё выходзіць на добрае для тых, хто любіць Бога, хто пакліканы па Яго Провідзе. А надзея дапамагае перажыць тое, што знаходзіцца па-за межамі нашага кантролю.

Малітва

Пане Езу, калі хістаецца мая вера, навучы мяне з надзеяй звяртацца да Цябе.


Ален Хант — вядомы спікер у ЗША і аўтар бэстсэлераў.
Атрымаў адукацыю ў міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Mercer
(бакалаўр дзелавога адміністравання)
і ў прыватным даследчым універсітэце Emory
(магістр тэалогіі), а таксама ў Ельскім універсітэце
(доктар па Новаму Запавету).
Доктар Хант і яго жонка Аніта жывуць у Атланце.
У іх ёсць дзве дарослыя дачкі.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла