Разважанні на Адвэнт. Выбіраючы надзею

Разважанні вядомага пісьменніка і спікера Мэцью Кэлі пра тое, што сілкуе нашую надзею


Адзін з неверагодных дароў, які Бог пастаянна спрабуе ўзмацніць у нас, гэта дар усведамлення. Ці мы ўсведамляем тое, што з намі на самай справе адбываецца?

Калі пяцігадовая дачка ці ўнучка падбягае да вас, сціскае ў абдымках і дорыць вам пацалунак, ці адчуваеце вы, які гэта неверагодны і асаблівы момант? Ці ўсведамляеце вы гэты момант?

Калі вы ідзяце ў касцёле да алтара, каб прыняць Езуса ў Эўхарыстыі, ці ўсведамляеце вы, што там адбываецца? Людзі вылечваліся ад смяротных хваробаў, толькі дакрануўшыся да адзення Езуса, а вы збіраецеся прыняць Яго самога — Яго Цела, Кроў, Душу і Боскасць у Эўхарыстыі. Калі б мы мелі хоць кропельку ўсведамлення таго, які гэта магутны дар, то ўжо адно гэта змяніла б нашае жыццё.

Кожная частка каталіцкай духоўнасці служыць таму, каб павялічыць наша ўсведамленне. Я хачу, каб вы сёння падумалі пра тое, ці ведаеце вы, што сілкуе вашу надзею?

Калі я праводжу час у малітве, я пачынаю інакш бачыць свет і сябе самога. Вас таксама бачу інакш. І гэта дае мне надзею. Малітва, сакрамэнты, чытанне Святога Пісання, разважанні пра жыццё Касцёла, пра гісторыю, думкі пра першых хрысціянаў — яны змянілі свет. Як гэта — быць адным з першых хрысціянаў? Усё гэта дае мне надзею.

Ці ўсведамляеце вы, што сілкуе вашу надзею, а што высмоктвае яе? Паспрабуйце пасля прагляду нейкага шоу па тэлебачанні спытаць сябе: «Ці адчуваю я сябе больш напоўненым надзеяй ці зусім безнадзейна?»

Уявіце сабе, што вы рыхтуеце вячэру разам з сябрамі. Вы сабраліся, вы гатуеце, разам ясце, размаўляеце. Гэта сапраўды вельмі добры момант. Гэта момант надзеі. Гэты час не толькі сілкуе нашыя целы, але і ўмацоўвае нашыя сэрцы, нашы розумы, нашы душы. Ён напаўняе нас надзеяй. І гэта проста выдатна.

Мы павінны ведаць, што высмоктвае і што сілкуе нашу надзею, каб урэшце маглі выбраць надзею.

Заданне

Запішыце, што высмоктвае і што сілкуе вашу надзею.

Малітва

Пане Езу, прашу Цябе, дай мне дар усведамлення. Дапамажы мне знаходзіць надзею ва ўсіх рэчах і падзеях, што адбываюцца са мною, у кожным уздыху, у кожнай размове, у любы момант з Табою.


Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла