Фігура арханёла Міхала працягвае падарожжа па Мінску

Ужо больш за месяц адбываецца перэгрынацыя фігуры арханёла Міхала ў Мінску. Перад фігураю арханёла ўжо маліліся парафіяне архікатэдры, касцёлаў на Залатой Горцы, у мікрараёнах Ангарская, Чыжоўка, Серабранка, а таксама фігура святога арханёла пабывала ў касцёле на Кальварыі, дзе людзі на працягу тыдня маліліся за Беларусь і ва ўласных інтэнцыях, асабліва за памерлых, для якіх нашыя малітвы з’яўляюцца адзіным ратункам у вечнасці.


10 лістапада, у суботу, фігура святога арханёла Міхала была перавезена з Кальварыі ў Апостальскую Нунцыятуру. Сустрэў арханёла Міхала Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і сёстры назарэтанкі, якія служаць у нунцыятуры. Пасля малітвы перад фігураю мы папрасілі арцыбіскупа адказаць на некаторыя пытанні для часопіса «Ave Maria» (інтэрв’ю з Яго Эксцэленцыяй чытайце ў № 12). На пытанне, ці не лічыць нунцый мэтазгодным, каб перэгрынацыя фігуры арханёла Міхала, мэтаю якой з’яўляецца малітва за Беларусь, адбылася ва ўсіх парафіях нашай краіны, прадстаўнік Папы адказаў:

«Думаю, што для гэтага не патрэбен дазвол Канферэнцыі Біскупаў, бо перэгрынацыя, як мы бачым, актыўна праходзіць па парафіях. Гэтага дастаткова, што парафіі праяўляюць ініцыятыву і запісваюцца ў праграму перэгрынацыі. Таму праз 2 ці 3 гады гэтая фігура наведае ўсе парафіі».

Фігура арханёла прабудзе ў Апостальскай Нунцыятуры да 14 лістапада, пасля чаго наведае парафію Св. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ў капліцы Душпастырскага цэнтра пры епіскапаце Беларусі на вул. Кальцова, 153, дзе таксама моляцца семінарысты падрыхтоўчага курса Міждыяцэзіяльнай Духоўнай семінарыі.


Вольга Качалка
Фота Мікалая Новікава

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла