Каралеўская ўлада

Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год В (25.11.2018)

Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, паклікаў Езуса і сказаў Яму: «Ці Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?» Пілат адказаў: «Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што Ты зрабіў?» Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб Мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль». Пілат сказаў Яму: «Дык Ты кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас».

(Ян 18, 33–37) 

Каралеўская ўлада

«Ці Ты кароль юдэйскі?»… «Валадарства Маё не з гэтага свету»… Кароль, цар, імператар, адным словам, манарх — гэта той, хто фактычна, або прынамсі фармальна, трымае ў сваіх руках палітычную ўладу і кіруе дзяржаваю. У гісторыі Новага часу ёсць нямала прыкладаў, калі манархію — адзінаўладдзе — больш ці менш паспяхова імкнуліся замяніць іншым дзяржаўным ладам, які дазваляў бы кіраваць краінаю шырокаму колу людзей. Аднак ці жыццё самога народа станавілася ад гэтага лепшым? 

Аб’ектыўна кажучы, немагчыма, каб усе мелі аднолькавую ўладу, а сам па сабе той ці іншы спосаб кіравання не дае гарантыі дабрабыту і шчасця (або іх адсутнасці). У рэшце рэшт, усё залежыць ад таго, чым кіруюцца асобы, што маюць уладу або імкнуцца да яе: амбіцыямі і ўласнымі выгодамі ці жаданнем прынесці больш карысці сваім суайчыннікам, а таксама ад таго, якія маральныя і духоўныя каштоўнасці яны вызнаюць і распаўсюджваюць. Напрыклад, узгадайма, што пад уплывам старэйшынаў жыхары Ерузалема і наваколля самым «дэмакратычным» шляхам асудзілі на смерць Валадара сусвету, прамяняўшы Яго на злачынцу… 

Таму кожны хрысціянін павінен памятаць, што незалежна ад палітычнага ладу, пры якім яму давялося жыць, ён у першую чаргу з’яўляецца падданым Адзінага Вечнага Манарха, чые закон і ўлада нязменныя, і што толькі імі трэба кіравацца ў жыцці, каб яно не абярнулася катастрофаю для самога гэтага чалавека і іншых людзей. Добры хрысціянін заўсёды будзе добрым грамадзянінам і ніколі не парушыць дзяржаўнага або іншага ўстаноўленага людзьмі права, калі толькі яно не супярэчыць Божаму праву. Такім чынам, народаўладдзе, успрынятае як адсутнасць аб’ектыўных крытэрыяў праўды, дабра, справядлівасці, маралі, якое азначае права кожнага ўстанаўліваць свае ўласныя правілы і нормы (а менавіта так, на жаль, многія разумеюць дэмакратыю), нікога ніколі не зробіць па-сапраўднаму шчаслівым. 

З іншага боку, чалавеку як істоце не толькі духоўнай, але і цялеснай, лягчэй усведамляць і прымаць Божае панаванне тады, калі святыні выглядаюць годна і велічна, а літургія нагадвае ўрачыстую аўдыенцыю ў Боскага Манарха.

На жаль, некаторыя сёння ў Касцёле страцілі гэтую інтуіцыю, якая ажыўляла пабожнасць многіх пакаленняў хрысціянаў, і імкнуцца, згодна з «духам часу, дэмакратызаваць» Касцёл, пазбаўляючы месцы культу выгляду Божага дому і ператвараючы літургію ў «крэатыўную тусоўку», дзе часам пад гул барабанаў і гітараў «Кірые» або «Хвала на вышынях…» гучаць так, што замест пакорнай просьбы аб Божай міласэрнасці і годнага праслаўлення велічы Хрыста чуецца зусім іншае і здаецца, што на галаву Валадара вякоў зноў ускладаюць цярновую карону… Нават схіліць калені перад рэальна прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце Хрыстом некаторыя лічаць ганебным! Нібыта можна ўзвысіць уласную годнасць, адмаўляючы Богу ў належным ушанаванні і прафануючы святое! Стварэнне не можа падняцца, панізіўшы да свайго ўзроўню Творцу! Калі Кароль сам прыходзіць у жабрацкую халупу, каб забраць яе жыхароў у свой палац, вяршыняй неразумнасці будзе паставіцца да Яго па-панібрацку, паказаўшы Яму месца ў закінутым куце замест таго, каб, пакінуўшы жабрацкія лахманы і мізэрныя манаткі, апрануцца ў прынесеную Ім каралеўскую вопратку і з удзячнасцю і павагаю пайсці за Ім у Нябеснае Валадарства, выбіраючы шлях, якім Ён першы прайшоў. 

Прызнанне Хрыста Валадаром выяўляецца не ў дэкларацыях, а ва ўчынках, інспіраваных Яго навукаю, пакораю, жаданнем аддаць Яму ўсё самае лепшае, як гэта спрадвеку рабілася ў адносінах да Бога. А ўзамен мы атрымаем здольнасць быць валадарамі саміх сабе, вольнымі ад граху, згубных залежнасцяў і боязі не спадабацца людзям, а таксама права на ўдзел у Яго вечным панаванні. І гэта, у адрозненне ад зямной улады, даступна для кожнага з нас. 


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла