Заслаўе сустрэла фігуру арханёла Міхала

Перэгрынацыя фігуры арханёла Міхала працягваецца. Некалькі дзён таму яна прыбыла ў капліцу Душпастырскага цэнтра пры епіскапаце Беларусі на вул. Кальцова, дзе моляцца вернікі парафіі Св. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно, а таксама семінарысты падрыхтоўчага курса Міждыяцэзіяльнай Духоўнай семінарыі.

Фігура арханёла Міхала — гэта толькі знак яго нябачнай прысутнасці, заступніцтва, дзейнага ўдзелу ў нашым жыцці. Але ў той жа час гэты знак нагадвае, што арханёл Міхал побач, што ён можа і хоча дапамагаць нам у духоўнай барацьбе. Мы запыталіся ў аднаго з семінарыстаў Аляксея Заічанкі пра яго ўражанні ад перэгрынацыі:

«Раней я няшмат чуў пра арханёла Міхала, не было такой нагоды, якая б падштурхнула мяне зацікавіцца асобаю князя нябеснага войска, — сказаў малады чалавек. — Думаю, невыпадкова фігура святога арханёла трапіла ў капліцу нашай семінарыі, бо менавіта тады пачалося больш цеснае знаёмства з арханёлам Міхалам: пасля кожнай святой Імшы мы супольна маліліся да яго, просячы заступніцтва».

Наступным месцам на шляху перэгрынацыі стала парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі. Падчас святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Пётр Врубель выказаў вялікую радасць з нагоды прыбыцця «дарагога госця» ў заслаўскі касцёл і дадаў:

«На працягу тыдня фігура арханёла Міхала застанецца разам з намі,
але я думаю, што ён застанецца ўжо назаўжды ў нашым касцёле,
калі мы будзем звяртацца да яго па дапамогу.
Таму што ён, з’яўляючыся князем нябеснага войска,
перамагае сатану, ён самы вялікі наш заступнік перад злом!».

У Заслаўі людзі будуць маліцца перад фігураю арханёла Міхала на працягу тыдня, пасля чаго яна пераедзе ў парафію ў Сухарава (Мінск), дзе служаць айцы марыяне. Будзем спадзявацца, што іншыя парафіі таксама запросяць да сябе фігуру святога заступніка, бо малітва да яго дае мноства пладоў у духоўным жыцці чалавека.


Вольга Качалка
Фота Віталія Палінеўскага
і Мікалая Новікава

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла