Першая нядзеля Адвэнту, год С (02.12.2018)

Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне. Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.

(Лк 21, 25–28. 34–36)

Пачатак Адвэнту

Літургічныя чытанні, якімі распачынаецца час Адвэнту, паказваюць нам перспектыву сустрэчы з жывым Богам. Чалавек быў створаны па Божым вобразе і падабенстве, ён — адзінае зямное стварэнне, у якога ёсць свабодная воля і розум. Нашая задача — розумам, словамі і ўчынкамі як мага больш прыпадобніцца да Бога. Каб гэта стала магчымым, нам патрэбныя любоў і праўда, гэтыя два цудоўныя дары Духа Святога, якія ўдасканальваюць наш розум і нашую волю. Але каб чалавек мог узрастаць у гэтых двух Божых дарах, яму неабходна выхаваць у сабе пакору. Пакора — гэта цнота, супрацьлеглая ганарыстасці. А ганарыстасць або пыха — гэта першы з сямі галоўных грахоў і, на вялікі жаль, яна ўласцівая кожнаму чалавеку. Усе людзі пыхлівыя па натуры, папсаванай грахом. Таму, думаю, што ў час Адвэнту варта з Божаю дапамогаю пазмагацца за сябе, папрасіць аб пакоры.

Няпроста гаварыць і пісаць пра гэтую цноту, бо мы нячаста сустракаемся з ёю, гэта, хутчэй, выключыныя выпадкі. Калі і з’яўляецца нешта падобнае да яе, то гэта выглядае найчасцей карыкатурна. Цудоўна сказала пра гэта арабская святая, кармэлітка, св. Марыя ад Пана Езуса Укрыжаванага, якая жыла ў закрытым кляштары ў Бэтлееме: «У небе можна знайсці ўсе недахопы, апроч пыхі, а ў пекле — усе цноты, апроч пакоры». Пакора — гэта жыццё ў праўдзе. Пакора — гэта здольнасць заняць сваё месца, не ставячы сябе вышэй або ніжэй. Пакорны чалавек свабодны ад комплексу непаўнавартасці і «зорнай хваробы». Нехта геніяльна вызначыў, што пакора — гэта выкарыстанне ўсіх сваіх сілаў на служэнне Богу і людзям. «Пакору мы здабываем цяжкім шляхам, прымаючы прыніжэнні і знявагі, з якімі сутыкаемся» — так сказаў у гаміліі папа Францішак.

Ніхто не здолее дайсці да высокай ступені пакоры, не пазнаўшы глыбей Бога і не ўсталяваўшы з Ім прыязнасць. Гэтыя адносіны змяняюць мысленне чалавека, змяняюць нас знутры. Ёсць дзве асноўныя прычыны, якія матывуюць нас практыкавацца ў пакоры. Блізкасць з Богам дазваляе адкрыць, што Ён — наш Створца, а мы — Ягоныя стварэнні. Можна параўнаць нас з гліняным посудам, а Бога — з ганчаром, і зразумець, што мы цалкам залежым ад Яго. Па-другое, Бог святы, а мы — грэшнікі. У гэтым супастаўленні, на кантрасце мы таксама пачынаем правільна ўспрымаць сябе, фармуючы пакору. Разам з усім пералічаным пакора заключае ў сабе глыбокае перакананне і веру ў тое, што Бог нястрымна любіць нас, свае стварэнні, любіць грэшнікаў. Ён любіць кожнага з нас паасобку. І галоўны доказ гэтага ў тым, што Ён аддаў нам свайго Сына, які прыйшоў на зямлю, каб памерці пакутніцкай смерцю за нашыя грахі і нашую пыху.

Дык чым жа павінен стаць для нас Адвэнт? Часам, калі мы чакаем новай Божай ласкі, рыхтуемся да Божага Нараджэння не толькі знешне, але перадусім і ўнутрана! Гэтая падрыхтоўка заключаецца ў слуханні Божага Слова і ва ўдзеле ў ранішняй святой Імшы — Раратах. У Адвэнце мы не толькі робім генеральную прыборку свайго дома, але і прыбіраем душу, прымаючы ўдзел у рэкалекцыях і здзяйсняючы грунтоўную споведзь. На святы ў кухні пахне пірагамі і іншымі прысмакамі. Але самым важным пасілкам, які трэба перадусім прыняць у гэтыя дні, з’яўляецца святая Камунія.

Варта ўзгадаць пра старажытную традыцыю Адвэнту, якая існуе яшчэ з сярэднявечных часоў і нагадвае нам, што Адвэнт — час чакання, пакуль напрыканцы часоў Пан Езус прыйдзе ў хвале разам з анёламі і святымі. У тыя далёкія часы прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, пачынаючы ад слугаў і заканчваючы каралямі ўрачыста падыходзілі да алтара ў касцёле, трымаючы ў руках запаленую свечку. Гэтую свечку яны ставілі на алтар і гучна гаварылі: «Я гатовы да суда». Гэта яшчэ адна вельмі важная прычына для нашага навяртання. Трэба, каб Езус, які прыйдзе напрыканцы свету, застаў нас гатовымі і ў чуванні. Канец свету прыйдзе нечакана, як злодзей у дом. Гэта можа адбыцца нават заўтра. Я веру, што кожны з нас у Адвэнт зоймецца сабою і будзе імкнуцца пазбавіцца ад нейкіх дрэнных звычак.

Варта таксама працаваць супольна. Напрыклад, у нашай дамініканскай парафіі ў Магілёве мы прапанавалі вернікам увесь снежань чытаць Кнігу Прыпавесцяў са Старога Запавету. У гэтай кнізе 31 раздзел, і менавіта столькі дзён у снежні. Чытаючы натхнёныя Духам Святым тэксты Святога Пісання, мы жадаем у сябе дома, разам з сям’ёю маліцца адно за аднаго. Мы запрашаем вас далучыцца да ініцыятывы нашай парафіі. Няхай Дух Святы так фармуе нашыя сэрцы, каб у чысціні і пакоры яны сталі ўтульным жытлом і месцам добрага адпачынку для Пана Езуса, які хутка прыйдзе.


Айцец Раман Шульц ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Першую нядзелю Адвэнту, Год С:

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней