«Ні ў чым не буду мець нястачы»

 

Васямнаццатая звычайная нядзеля, год С (4.08.2019)

Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». Але Ён адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне над вамі суддзёю або пасрэднікам?» І сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці». І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”. І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”. Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».

(Лк 12, 13–21 )

«Ні ў чым не буду мець нястачы»

Тыя, хто вывучае Святое Пісанне, заўважаюць, што ў Евангеллі паводле Лукі адчуваецца асаблівае стаўленне да бедных. Гэта адчуваецца паўсюль у тэксце, калі параўноўваць яго з Евангеллямі паводле Марка і Мацвея, вы можаце ўпэўніцца ў гэтым самі. Але я сцвярджаю, што Евангелле паводле Лукі мае асаблівае стаўленне і да багатых, што асабліва прасочваецца менавіта ў сёняшнім нядзельным урыўку.

Небяспека для багатых людзей апісваецца грэцкім словам «pleonexia», і яно значыць больш, чым проста «прагнасць». Гэта заўсёднае імкненне тых, хто валодае сусветнымі багаццямі, назапашваць яшчэ больш, і спалучэнне эгаізму і страху. Эгаізм праўяўляецца ў «pleonexia» праз тое, што багаты чалавек заўсёды скіраваны на сябе самога: у прыпавесці ён нават размаўляе толькі сам-насам, гэта сімвал таго, што пагоня за багаццем прымусіла яго забыцца пра іншых людзей. Ён не проста перастаў клапаціцца пра іншых людзей, а нібыта адрэзаў сябе ад іх, застаўшыся ў поўнай адзіноце. Гэты дурань не меў, з кім пагутарыць.

Вядома, што нашых багатых сучаснікаў часта атачаюць людзі, шчаслівыя, што лічацца іх сябрамі. Але сябры яны ці лісліўцы? Сапраўднае сяброўства патрабуе пэўнага роду роўнасці, узаемнай павагі, якую ставіць пад пагрозу эканамічная няроўнасць.

Ёсць шмат прыкладаў вядомых людзей, чыё багацце зрабіла іх самотнікамі, бо яны баяцца. Яны баяцца зтраціць тое, што маюць, і знаходзяць супакой толькі ў тым, каб няспынна назапашваць усё больш.

Падобны смутны стан можа напаткаць кожнага з нас, нават калі нашыя багацці даволі невялікія. Але Хрыстус прыйшоў, каб вызваліць нас ад страху, скіраваць нас адно да аднаго ў любові і шчодрасці. Замест таго, каб жадаць бясконцага назапашвання, мы, тыя, хто насычецца Хрыстоваю любоўю, можам сказаць разам з псальмістам «ні ў чым не буду мець нястачы» (Пс 23, 1).

Айцец Рычард Аўнсворт OP
Паводле матэрыялаў часопіса W drodze

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла