Не будзь хамелеонам!

Дваццатая звычайная нядзеля, Год С (18.08.2019)

Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся! Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца! Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві.

 (Лк 12, 49–53)

Не будзь хамелеонам!

 Як добра быць хрысціянінам, як хораша маліцца, якім супакоем напаўняе нас вера, надаючы сэнс нашаму існаванню! Ці можна гэтыя словы сказаць пра вас? Ці сапраўды жыццё хрысціяніна, католіка такое беспраблемнае і спакойнае? Чаму тады не ўсе людзі імкнуцца жыць Божым словам, станавіцца хрысціянамі, а калі становяцца, то хрысціянства можа не выходзіць за рамкі сцвярджэння «вера — гэта прыватная справа»? Бесканфліктнае хрысціянства, уніканне спрэчак любой цаной, шуканне кампрамісаў… Ці магчыма спалучыць алей з вадой? Часам здаецца, што ў беларускім грамадстве гэта магчыма: мы святкуем Хэлоўін і ўрачыстасць Усіх Святых, Вялікі Кастрычнік і свята Маці Божай Ружанцовай. Можна адначасова быць піянерам і міністрантам, складаць вянкі да помніка Леніну і быць у парафіяльнай радзе. Ведаеце, ёсць такая істота — хамелеон, ён змяняе колер у залежнасці ад атачэння. Вось і людзі могуць так змяняцца ў залежнасці ад асяроддзя. Толькі дзе тады сапраўднае «я»? Не так даўно сярод моладзі былі вельмі папулярныя розныя субкультуры. Маладзёны фарбавалі сабе валасы, рабілі пірсінг, арыгінальна апраналіся — усё для таго, каб выдзяляцца, каб паказаць: мы — іншыя. Хрысціянства — не субкультура, але нармальны хрысціянін, які усур’ёз успрымае Евангелле, жыве ім, нашмат больш адрозніваецца ад іншых, чым панк. Можа стацца, што ў некаторых сем’ях бацькам лягчэй прыняць, што сын або дачка зрабілі сабе татуіроўку, чым тое, што яны кожны дзень моляцца і чытаюць Біблію. А можа быць, што жонцы альбо мужу лягчэй прыняць няшчырасць і непавагу з боку сужэнца, чым прымірыцца з тым, што блізкі чалавек кожную нядзелю ходзіць на святую Імшу.

Перачытайце яшчэ раз сённяшні фрагмент Евангелля і адкажыце, дзе там хоць слова пра кампраміс? Пан Езус заклікае маліцца, любіць ворагаў і тых, хто нас пераследуе, але не заахвочвае станавіцца падобнымі да іх.

Прыгледзьцеся ўважліва да людзей, якія з вамі побач: да родных, сяброў, калегаў па вучобе і працы, суседзяў, знакамітых людзей, якіх вы лічыце для сябе аўтарытэтам. Вы б хацелі, каб яны сустрэлі Хрыста, каб пазнаёміліся з Ім? Напэўна, гэтага ў іх не атрымаецца, калі мы будзем хрысціянамі, якія толькі дастасоўваюцца да іншых людзей, як хамелеоны. 

Няхай жа Бог учыніць нас адважнымі сведкамі Евангелля і перамяняе нашыя сэрцы на ўзор свайго Сэрца, каб мы змянялі свет, а не свет змяняў нас.


 Айцец Павел Мажэйка ОР 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла