«Адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць…»

Дваццаць першая звычайная нядзеля, Год С (25.08.2019)

Накіроўваючыся ў Ерузалем, Ён праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» А Ён сказаў ім: «Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць. Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: “Пане, адчыні нам”. А Ён адкажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”. І пачнеце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. Але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон. Прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось, апошнія будуць першымі, а першыя будуць апошнімі».

(Лк 13, 22–30)

«Адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць…»

Напэўна, многія хрысціяне і не падумаюць, што гэтыя суровыя словы могуць быць скіраваныя да іх: маўляў, асабіста я жыву сумленна, а калі некаму давядзецца даць адпор у адказ на крыўду, дык гэта ж толькі справядлівая самаабарона. У многіх выпадках і сапраўды бывае так, аднак небяспека крыецца ў тым, што чалавек, які пазбягае асобных несправядлівых учынкаў, можа штодня працаваць і здабываць сродкі сабе на жыццё ў сферы, вельмі далёкай ад хрысціянскіх ідэалаў. Не патрэбныя доказы, каб разумець, што так званая «самая старажытная прафесія», вытворчасць і распаўсюджванне накркотыкаў, акультныя паслугі і іншыя падобныя заняткі несумяшчальныя з жыццём хрысціяніна, бо ў іх аснове ляжыць прамое парушэнне запаведзяў «не чужалож», «не забівай», «не май іншых багоў». На Божую міласэрнасць могуць спадзявацца толькі тыя, хто быў уцягнуты ў падобную дзейнасць насуперак уласнай волі і імкнецца пры першай магчымасці вырвацца з гэтай багны і пачаць новае жыццё.

Аднак у сучасным свеце мноства іншых небяспечных для збаўлення душы заняткаў і такіх спосабаў зарабляць, якія фактычна парушаюць Божы закон, хаваючыся пад маскаю прыстойнасці і клопату пра людзей. Як жа іх распазнаць? Найперш трэба памятаць: справядлівасць заснаваная на тым, што кожны атрымлівае паводле заслугаў - адпаведную ўзнагароду за дабро і адпаведнае пакаранне за зло. З гэтага вынікае, што калі за нейкую працу патрабуюць плату, якая значна перавышае духоўную або матэрыяльную якасць і карысць для спажыўца, не адпавядае сабекошту, працоўным затратам і кваліфікацыі выканаўцы, — гэта несправядлівасць. Калі махляры карыстаюцца залежнасцю або цяжкаю жыццёваю сітуацыяй «кліента», гэта яшчэ больш павялічвае іх адказнасць перад Богам, асабліва, калі іх дзейнасць вядзе да адмоўных наступстваў, пра якія ахвяра нават не здагадваецца.  

Такім чынам, дзейнасць, звязаная з настойлівым навязваннем нейкіх паслугаў або тавараў пры замоўчванні поўных выдаткаў на іх, асабліва, калі рэальная якасць і кошт гэтых паслугаў або тавараў ніжэй за заяўленыя, — гэта падман і крадзеж. Калі пад выглядам неабходных і карысных лекаў, вітамінаў або дадаткаў да ежы прадаюцца шкодныя для здароўя рэчывы або «лекі-пустышкі», праз якія хворы чалавек адмаўляецца ад сапраўднага лячэння, — гэта ўжо не толькі махлярства, але і парушэнне запаведзі «Не забівай». Тое ж датычыць «паслугаў», у выніку якіх людзі трапляюць у залежнасць, іх зацягваюць даўгі (пазыка пад неверагодныя працэнты, арганізацыя азартных гульняў і г.д.), і гэта ламае ім жыццё, штурхае на злачынства або даводзіць да самагубства.

Асобна стаяць заняткі, якія ўзніклі, калі сталі скарачацца працоўныя месцы там, дзе раней зарабляць на жыццё мела магчымасць мноства людзей. Магчыма, аўтары і прыхільнікі аўтаматызацыі і механізацыі кіраваліся добрымі намерамі, але не падумалі, як жыць тым, каго яны «ласкава вызвалілі» ад фізічнай або ручной працы, аддаўшы яе машынам і робатам. І каб неяк супрацьстаяць беспрацоўю, якое спрыяе пашырэнню злачыннасці і дармаедства, сталі стварацца новыя працоўныя месцы і прыдумвацца штучныя заняткі, якія не прыносяць ніякай рэальнай карысці і зводзяцца да памнажэння бюракратыі і жадання атрымліваць вялікія грошы за паперкі. А вартасць гэтых паперак, часовыя і матэрыяльныя затраты на іх афармленне зусім не адпавядаюць сумам, выстаўленым у рахунках. Ці можа хрысціянін са спакойным сумленнем займаць падобныя пасады? Толькі тады, калі сапраўды мае намер і рэальныя магчымасці нешта змяніць у гэтай сістэме ў лепшы бок…

У той жа час нельга згадзіцца з распаўсюджаным меркаваннем, што ўсе творчыя прафесіі — ад злога. Так, іх прадстаўнікі больш за іншых рызыкуюць стаць ахвярамі пыхі, зайздрасці, нячыстасці, дрэнных звычак, але ад гэтага не застрахаваныя, скажам, і прыбіральшчыцы… З іншага боку, без музыкі, спеваў, фільмаў, спектакляў жыццё было б вельмі сумным. Пытанне толькі ў тым, што нясе творчасць — Божае святло ці пякельныя спакусы. Таму тыя мастакі, артысты, музыкі, чыя дзейнасць будзе весці людзей да сапраўднага дабра і паказваць веліч і прыгажосць самога Творцы, не толькі самі дойдуць за збаўлення, але і спрычыняцца да навяртання іншых.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла