Святы Аўрэлій Аўгустын. Жыццё і гісторыя навяртання

Святы Аўрэлій Аўгустын, Айцец і Настаўнік Касцёла, нарадзіўся 13 красавіка 354 г. у г. Тагасце (сёння Сук-Арас у Алжыры) рымскай правінцыі Нумідыя ў Паўночнай Афрыцы. Бацька яго працаваў чыноўнікам мясцовага муніцыпалітэта і быў паганцам. Ён прыняў хрост толькі перад смерцю. Маці ж Моніка была шчыраю хрысціянкаю і моцна паўплывала на духовае развіццё сына.


Пасля пачатковай адукацыі ў родным горадзе Аўгустын навучаўся ў граматычнай школе ў г. Мадаўры, а затым з 370 г. вывучаў рыторыку ў Картагене. Вывучэнне рыторыкі ў той час адпавядала сённяшняй вышэйшай адукацыі і далучала да свету літаратуры і філасофіі. Спакусы вялікага горада, якім на той час быў Картаген, не абмінулі эмацыйнага і ўражлівага юнака. Ён закахаўся ў жанчыну, імя якой невядома. Яна ў 372 г. нарадзіла яму сына Адэадата (лац. «дадзены Богам»). Недзе ў гэты ж час ён пазнаёміўся з дыялогам Цыцэрона «Гартэнзій», які натхніў яго на пошукі праўды і заняткі філасофіяй. Свае філасофскія веды ён паглыбляў чытаннем грэцкіх мысляроў, дзякуючы якім у яго абудзілася цікавасць да тэалагічных праблемаў.

Найстаражытнейшая выява св. Аўгустына з VІ ст.
Яе арыгінал знаходзіцца ў базыліцы св. Яна на Латэране (Рым).

Каля 374 г. пошукі праўды прывялі юнака да маніхейцаў, вучэнне якіх уяўляла з сябе эклектычную сумесь усходніх культаў з хрысціянствам. Пад уплывам маніхейства ён заставаўся каля 9 гадоў. У гэты час ён вярнуўся дадому ў Тагасту, дзе нейкі час выкладаў граматыку, а каля 376 г. перабраўся зноў у Картаген і там выкладаў рыторыку. Мабыць, у 380 ці 381 г. ён напісаў свой першы філасофскі твор «Пра прыгожае і адпаведнае», прасякнуты ідэямі маніхейства. Выкладаючы, Аўгустын шмат чытаў і ў ім паступова выспяваў духовы пералом. Яго ўжо не задавальняла дактрына маніхейцаў і пачынаў вабіць скептыцызм. Каб спраўдзіць свае сумненні і дапоўніць веды, у 383 г. ён накіраваўся ў Рым.

У Рыме Аўгустын прабыў нядоўга, бо хутка змог уладкавацца на пасаду прыдворнага рытара ў Медыяляне (сёння Мілан), дзе ў той час знаходзілася рэзідэнцыя імператара. Побыт у Медыяляне (з 384 г.) змяніў усё яго жыццё. Тут ён трапіў пад магутны ўплыў мясцовага біскупа Амбросія, будучага святога. Дзякуючы яму Аўгустын далучыўся да хрысціянскай тэалогіі і філасофіі неаплатонікаў. Казанні Амбросія, якія прыязджала паслухаць Аўгустынава маці Моніка, зрабілі на яго наймацнейшае ўражанне. Але не меншае ўражанне пакінулі і лісты апостала Паўла, якія даў яму чытаць духоўнік Амбросія. Набліжаўся момант навяртання. Візіт знаёмага, які распавёў Аўгустыну пра святых пустэльнікаў, стаў апошнім штуршком. На адзіноце, у садзе, ахоплены роспаччу і жалем, ён пачуў дзіцячы голас, што паўтараў: «Вазьмі, чытай!». Адкрыўшы лісты апостала Паўла, ён прачытаў: «Не ў абжорстве і ў п'янстве, не ў юрлівасці і распусце, не ў звадах і зайздрасці; але апранецеся ў Пана Езуса Хрыста і клопат пра цела не рабіце пажадлівасцю». Гэтыя словы сталі вырашальнымі ў навяртанні Аўгустына.

Каб лепш падрыхтавацца да хросту, ён з маці, сябрамі і вучнямі вырушыў у канцы 386 г. у ваколіцы Медыяляна, дзе яны жылі хрысціянскай абшчынаю да вясны 387 г. У пасхальную ноч з 24 на 25 красавіка Амбросій Медыялянскі ахрысціў Аўгустына, яго сына Адэадата і ягонага сябра Аліпія. Неўзабаве пасля гэтага памерла маці Аўгустына. Гэта апошні эпізод, пра які ён апавядае ў сваёй «Споведзі».

Восенню 388 г. Аўгустын вярнуўся дадому ў Тагасту, прадаў бацькоўскую маёмасць, а грошы раздаў убогім, пакінуўшы сабе толькі невялікі дом, дзе жыў з сябрамі манаскім жыццём. Ягонае пабожнае жыццё стала вядомым у акрузе. У 391 г. на жаданне жыхароў г. Гіпона Рэгія мясцовы біскуп Валерый пасвяціў яго ў святары. Аўгустын перабраўся ў Гіпон і заснаваў непадалёку ад яго кляштар, у якім пасяліўся разам са сваімі спадарожнікамі. Перад смерцю біскуп Валерый пажадаў мець Аўгустына сваім наступнікам і разам з двума іншымі біскупамі пасвяціў яго ў біскупскі сан. Апошні перыяд жыцця Аўгустына прайшоў у змаганні з данатысцкай і пелагіянскай ерасямі, у літаратурнай працы і ў занятках справамі дыяцэзіі і вернікаў, якім ён аддаваў бадай найбольш свайго часу. Памёр ён 28 жніўня 430 г. падчас аблогі Гіпона вандаламі.

З моманту стварэння першай сваёй працы і да самай смерці Аўгустын не пакідаў пісаць. Ягонаму пяру належыць надзвычай вялікая колькасць твораў (захавалася 83 з 93 напісаных) пераважна філасофскага, тэалагічнага, маральна-этычнага характару. Але найбольш папулярнымі з усяго напісанага ім сталі творы «Пра дзяржаву Божую» і «Споведзь». У першым Аўгустын накрэсліў шлях хрысціянскай гісторыялогіі, паказаўшы гісторыю чалавецтва як змаганне «дзяржавы Бога» і «дзяржавы Сатаны». «Споведзь» – гэта першая з захаваных аўтабіяграфіяў у еўрапейскай літаратуры. У гэтым творы ён з незвычайнай шчырасцю апавядае пра сваё духовае жыццё ад дзяцінства і хросту ў 387 г., апісвае гісторыю свайго навяртання, спыняючыся пры гэтым і на важных філасофска-тэалагічных пытыннях.

Аўгустын зрабіў важкі ўнёсак у развіццё хрысціянскай тэалогіі і філасофіі. Яго філасофія мае асаблівую каштоўнасць і пераканаўчасць таму, што яна палягае на ўласным духовым і разумовым досведзе, грунтуецца на веры. Бадай першым ён рызыкнуў заняцца праблемаю часу, якую ранейшыя філосафы звычайна абыходзілі маўчаннем. Шлях да спасціжэння сутнасці часу, накрэслены св. Аўгустынам, стаў прыцягальным і для ягоных філасофскіх нашчадкаў. Але ягоная канцэпцыя часу не губляе сваёй цікавасці і для мысляроў мяжы тысячагоддзяў, дзе час нібы сціскаецца, рыхтуючыся да перацякання ў новую эпоху, а нашая памяць, у якой жыве мінулае, і нашае чаканне, у якім нараджаецца будучыня, нібы павялічваюць свой прасцяг назад і ўперад ад няўлоўнага цяперашняга імгнення.

Споведзь. Святы Аўрэлій Аўгустын >>


Пераклад зроблены з выдання: Augustini Confessiones.
Ed. K. von Raumer. Gutersloh, 1876.
Алесь Жлутка
Надрукавана ў часопісе «Наша вера» №4, 2000 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла