Якім можа стаць хрысціянін

Дваццаць сёмая звычайная нядзеля, Год С (06.10.2019)

З гэтай прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук. Таму што Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці. Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога,

Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, што ў Хрысце Езусе. Гэты прыгожы скарб захавай, дзякуючы Духу Святому, які жыве ў нас.

(2 Цім 1, 6–8. 13–14)

 Апосталы сказалі Пану: «Дадай нам веры!» А Пан сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць гэтай смакоўніцы: “Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, і яна б паслухалася вас. Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: “Як прыйдзеш, адразу сядай за стол?” Наадварот, ці не скажа яму: “Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты?” Ці будзе ён дзякаваць слугу гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? Таксама вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”». 

 (Лк 17, 5–10)

Якім можа стаць хрысціянін

Прапаную засяродзіцца на адным сказе з Паслання св. Паўла да Цімафея. У гэтым фрагменце апісваецца, якім можа стаць хрысціянін. Гэта неабавязкова, але магчыма. 

«Бог даў нам не духа боязі» — што за боязь? Гэта не тая боязь, што становіцца пачаткам мудрасці, а страх, які нараджае ў чалавеку рэлігійныя забабоны, — даволі частая з’ява. Некаторыя крытыкі рэлігіі гавораць, што рэлігійнасць — натуральны стан чалавека, які вынікае з няпэўнасці нашага лёсу. Жыццё нельга запланаваць, у ім шмат выпадковасцяў. Да таго ж, у старажытнасці людзі не маглі навукова растлумачыць многія прыродныя з’явы і думалі, што светам кіруюць нейкія бажкі, чыю прыхільнасць трэба заслугоўваць. Выходзіш у мора — складзі ахвяру Пасейдону. Але Бог даў нам не духа боязі, «але сілы, любові і разважнасці». Гэта вельмі прыцягальныя якасці, я сам хацеў бы стаць такім чалавекам. Спадзяюся, што не адзін я так думаю. Моцны чалавек — гэта чалавек упэўнены, стойкі, здольны кіраваць сваім лёсам. Гэта чалавек, які ведае, чаго хоча ад жыцця і ўмее пераадольваць цяжкасці. Гэта чалавек адважны, актыўны, яму можна давяраць, ён здольны падтрымаць. 

Але сіла можа адштурхнуць, выклікаць страх. Таму побач з сілаю св. Павел ставіць любоў. Менавіта спалучэнне сілы і дабрыні мае прыцягальнасць. Сілу можна выкарыстоўваць і на дабро, і на зло. Але сіла, спалучаная з любоўю, напаўняецца гэтаю любоўю. Было б цудоўна, калі б мы здолелі стаць такімі — моцнымі і добрымі. 

Да гэтага св. Павел дадае разважнасць — рацыянальнасць, уменне думаць і рабіць высновы. Разважны чалавек не верыць плёткам, варажбе, прадказанням, а цвёрда ступае па зямлі. Ён мысліць самастойна і творча, імкнецца зразумець тое, у што верыць. 

У Святым Пісанні шмат абяцанняў і запаведзяў. Гэты сказ з Паслання св. Паўла абяцае, што ўжо цяпер, ідучы за Хрыстом, мы можам развіць у сабе найлепшыя рысы, уласцівыя чалавеку. 


 Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле «W drodze»

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла