«Не застанецца каменя на камені…»

Трыццаць трэцяя звычайная нядзеля, Год С (17.11.2019)

Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: «Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны». Спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?» Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец». 

Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, жахлівыя з’явы і вялікія знакі з неба. Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, родныя і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя.

(Лк 21, 5–19)

«Не застанецца каменя на камені…»

Шчаслівага канца не будзе! Прынамсі не будзе такога шчаслівага канца, які мы ўяўляем: з сыходам на захад. Хутчэй гэта будзе выйсце на ўзыход сонца — Хрыста, які прыйдзе ў хвале. Будзе канец, які немагчыма ні апісаць, ні ўявіць. Яго можна толькі чакаць і маліцца.

А як вам святыня, якую паказвалі Езусу? Як вам ўсе яе прыгожыя каштоўныя камяні і дары? Няма іх. Прамінулі, каб хутчэй надышло новае. У гэтым захапленні святыняй чутнае рэха словаў апостала Пятра на гары Перамянення: «Добра нам тут быць» (Лк 9, 33). Трывай хвіліна, няхай усё застанецца, як ёсць! Пазнаеце ў гэтым сучасную «стабільнасць»? Нам добра і прыемна быць, напрыклад, сярод аднадумцаў у сацыяльных сетках, ці аднаверцаў у душпастырстве і няхай усё застанецца без зменаў. Так можа здавацца спачатку, пакуль мы не адкрыем, як нудна жыць без выклікаў. Зусім не трэба шукаць нейкіх незвычайных выпрабаванняў, дастаткова выйсці з зоны стабільнасці, ад якой не робіцца горш, але і не становіцца лепш, і выплыць на глыбіню. Ці не гэта часта паўтарае папа Францішак следам за Езусам?

Калі мы захочам вырушыць, на шляху нам спатрэбіцца ўменне распазнаваць сапраўднага Езуса і правільна чытаць знакі часу, пра што Ён сам гаворыць нам у Евангеллі. І яшчэ — шмат мужнасці. Але гэта ўжо дар Духа Святога, які шчодра адорвае тых, хто шчыра Яго просіць.


Айцец Павел Мажэйка ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла