Валадарыць разам з Валадаром

Трыццаць чацвёртая звычайная нядзеля, Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год С (24.11.2019)

А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!» І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі». 

Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці Ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі». 

(Лк 23, 35–43)

Валадарыць разам з Валадаром

Кожны чалавек мае годнасць, якая, на жаль, пад уплывам першароднага граху ператвараецца ў ганарыстасць. А тая ў сваю чаргу стварае ілюзію, што галоўнае, да чаго трэба імкнуцца, — гэта багацце, выгоды, улада і звязаная з імі пэўная незалежнасць, магчымасць уплываць на людзей і падзеі. Іх прывабнасць многіх засляпляе, і яны забываюцца пра адказнасць за тое, як і дзеля чаго гэта ўсё выкарыстоўваецца. А каму больш дадзена, з таго больш спаганяецца. Многія людзі, сапраўды годныя высокіх кіраўнічых пасадаў, пазбягаюць іх, баючыся вялікай адказнасці, пра якую нават не задумваюцца барацьбіты за выгоднае месца пад сонцам. 

Сапраўды, усялякая ўлада, і не толькі палітычная, — гэта крыж, самаахвярнасць дзеля дабра бліжніх, што выразна паказаў на Галгоце Валадар над усімі Валадарамі. І хоць не кожнаму дадзена кіраваць іншымі людзьмі, кожны пакліканы перш за ўсё панаваць над самім сабою, сваімі жаданнямі, інстынктамі, поглядамі, выхоўваючы сябе паводле Божага закону, пацверджанага Крывёю Заканадаўцы. Менавіта гэтаму закону падлягаюць у рэшце рэшт і зямныя валадары, толькі не ўсе, на жаль, хочуць пра гэта ведаць і памятаць. 

Дабрабыт і супакой на зямлі залежаць толькі ад таго, наколькі ўсе людзі будуць верна выконваць Закон, устаноўлены Стварыцелем сусвету. Усе беды — ад непаслухмянасці Яму. І хоць аднаму чалавеку цяжка або зусім немагчыма паўплываць на тое, каб іншыя захоўвалі запаведзі, кожны абавязаны падпарадкоўвацца Валадару, чыя ўлада — не з гэтага свету, але тут Ён дае нам моц стаць Яго саўдзельнікамі ў вечным панаванні над светам, пачатак чаму дае супрацоўніцтва з ласкаю на зямлі. І пакуль чалавек яшчэ жыве, ён можа, як злачынец на крыжы, адмовіцца ад панавання граху і аддаць сябе ў рукі Міласэрнаму Валадару, адзінаму, хто адкрывае рай і дае ўсё тое, чаго людзі так прагнуць на зямлі. 


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла