Перапахаванне Кастуся Каліноўскага

22 лістапада ў Вільні адбылася надзвычай важная падзея для беларускай нацыі — перапахаванне Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў, герояў Беларусі, Польшчы, Літвы, якія змагаліся за незалежнасць ад Расійскай Імперыі.


Урачыстасць, арганізаваная літоўскім бокам, адбылася на самым высокім узроўні з удзелам прэзідэнтаў Літвы і Польшы, афіцыйных прадстаўнікоў беларускага, латвійскага, украінскага боку. Каля тысячы беларусаў прыехалі ў Вільню, каб развітацца з героямі нашай Бацькаўшчыны і засведчыць неабыякавасць да важных падзей 150-гадовай даўніны.

Ва ўрачыстасці перапахавання парэшткаў паўстанцаў удзельнічаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Міска-Магілёўскі, архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, і дэлегацыя беларускіх святароў. На цырымоніі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся са словам да прысутных ў віленскай катэдральнай базыліцы святога Станіслава і святога Уладзіслава:

«Божы Провід дазваляе нам браць удзел у перапахаванні парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў. Гара Гедыміна — сімвал Вільні — два гады таму адкрыла нам сваю таямніцу. Нарэшце скрытыя на працягу паўтараста гадоў парэшткі герояў паўстання былі адшуканыя і сёння з пашанай пераносяцца на месца вечнага спачынку на могілкі Роса ў Вільні.

У Бога няма выпадковасцяў. Магчыма, так трэба было, каб мы зноў узгадалі пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў трагічных абставінах, імкнучыся здабыць волю. <...>

Узгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнемся раздзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і павагі да яго правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася.

Мы таксама жадаем маліцца за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнанняў. Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў.

Сімвалічна, што перапахаванне парэшткаў паўстанцаў адбываецца ў Вільні — горадзе Божай Міласэрнасці. Cваімі малітвамі мы спадарожнічаем загінулым паўстанцам і даручаем іх душы міласэрнаму Богу».

Труны з парэшткамі паўстанцаў былі перанесены ў працэсіі на могілкі Роса ў каплічку, якая цяпер будзе адчыненая для наведвання і малітвы.

Паўстанне 1863-64 гадоў і адзін з яго кіраўнікоў Кастусь Каліноўскі сёння з’яўляюцца сімваламі незалежнасці Беларусі, самастойнага развіцця беларускай нацыі. Паўстанне прывяло да абуджэння самасвядомасці беларусаў, дало падмурак нацыянальнаму адраджэнню пачатку ХХ стагоддзя. Будзем жа з удзячнасцю ўспамінаць пра сваіх герояў і маліцца за іх паяднанне з Богам у небе!


Вольга Качалка паводле catholic.by
і іншых інтэрнэт-крыніцаў

Фота: Ірына Арахоўская belsat.eu

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла