«Добры чалавек будзе добрым да кожнай істоты». Інтэрв'ю пра бяздомных жывёлаў

Напэўна, кожны хрысціянін згодзіцца з тым, што Бог даў нам гэты свет у карыстанне і мы нясём за яго адказнасць. Але часам гэтыя ўзнёслыя словы разбіваюцца аб нашую рэальнасць, калі нават дапамагчы бяздомнай жывёлцы становіцца вялізнай праблемай, ад якой хочацца ўцячы. Я паразмаўляла на гэтую тэму з парафіянкай касцёла св. Барбары ў Віцебску Кацярынай Лаўрыненка, якая мае ў сабе чуласць не прайсці міма бездапаможнай жывёлы і кажа, што не можа іначай.


— Кацярына, раскажыце, калі ласка, адкуль у Вас такое чулае сэрца да бяздомных жывёлаў?

— Ёсць у мяне дзіцячы ўспамін, што нейкі час да нас прыходзіла есці котка. Яна трапіла ў капкан, засталася без лапкі, і мы ёй апекаваліся. Мы жылі на першым паверсе звычайнага дома, і бацька нават паставіў дошчачку, каб котка змагла прыходзіць да нас праз акно: мы адчынялі яго і кармілі жывёлу. Увогуле, колькі сябе памятаю, мае бацькі далі мне вельмі добры прыклад — яны  заўсёды шкадавалі бяздомных жывёлаў. Памятаю, як да бацькі на працы ўсё прыбіваліся нейкія сабакі. Сярод тых сабак, якія ўвязваліся за бацькам, мне ўспамінаецца Дружок. Сабачка быў вельмі ўдзячны за тое, што яго шкадавалі і кармілі. Я памятаю, як ён нават у моцныя маразы праводзіў мяне ва ўніверсітэт. Мой тата, светлай памяці, любіў распавядаць пра сваё дзяцінства, і, між іншым, я часта прыпамінаю такі эпізод. У галодныя пасляваенныя гады ва Украіне праз нейкія абставіны яго маці была вымушана прадаць іх карміліцу — казу Хімку. Тата ўспамінаў, як яна доўга азіралася і жаласна мекала, калі яе вялі новыя гаспадары… 

— А як выглядае Вашая дапамога жывёлам? Вы іх падбіраеце, і што робіце потым? 

— Шчыра кажучы, я не з’яўляюся тым актыўным валанцёрам, які прысвячае гэтаму вялікую колькасць часу і актыўна займаецца бяздомнымі катамі і сабакамі. Мая дапамога больш сціплая. Сапраўды, я неаднаразова падбірала бяздомных катоў, якіх вельмі люблю. Дзіўна, але мне чамусьці трапляюцца пераважна бяздомныя каты. Я прыношу іх дадому, адношу да ветэрынара, а пасля шукаю добрых гаспадароў. Але ж бяздомныя коцікі не пародзістыя, не заўсёды такія, як з прыгожых карцінак, таму гаспадароў знайсці часта вельмі цяжка – гэта вялікая праблема ў нашым грамадстве. А вось для мяне асабіста самая вялікая праблема ў тым, што пакуль лечыш, мыеш, даглядаеш, то вельмі прывязваешся да жывёлкі і, шчыра кажучы, неаднаразова я іх пакідала сабе. Вядома, гэта не ўсім зразумела. Але самае цікавае, што з трыма ці чатырма катамі ў хаце бывае лягчэй, чым нават з адным: каты вельмі любяць бавіцца разам, таму не трэба ім удзяляць шмат часу. 

Сярод усіх гісторый з падабранымі коцікамі найбольш мне запомнілася тая, калі я ішла па рынку і ўбачыла котку з кацянятамі, сярод якіх ляжала адно маленькае, худое, аднавокае кацяня. Спачатку я разгубілася, але потым зразумела, што калі я не паклапачуся пра яго, то ніхто іншы гэтага не зробіць. Я прынесла яго дадому, звазіла да ветэрынара, і гэта аказаўся вельмі добры і мілы коцік. На жаль, ён у хуткім часе памёр. Як часта бывае, падабраныя з вуліцы каты ўжо маюць вялікія праблемы са здароўем, ты да іх прывязваешся, а яны ўжо доўга не жывуць... 

— Калі мы на вуліцы бачым непатрэбных кацянятаў ці шчанятаў, то сэрца разрываецца, але часта праходзім міма... Няма куды іх дзець, няма на іх часу. Дзе Вы знаходзіце на гэта сілы?

— Сапраўды людзі часта зусім не дбаюць пра тое, куды ўладкаваць патомства сваёй коткі ці сабакі або проста выкідваюць сваіх жывёлаў, якія потым нараджаюць нікому не патрэбных кацянятаў і шчанятаў. Адзін чалавек пройдзе міма, думаючы, што нехта ім дапаможа, і другі зробіць тое ж самае... І ў выніку амаль ніхто жывёлкам не дапамагае. Гэта нейкае перакладанне адказнасці. Цяпер я вельмі добра ўсведамляю, што калі я не дапамагу, то, хутчэй за ўсё, і ніхто не дапаможа. Са свайго вопыту магу сказаць, што клопатаў з падабранай жывёлай не так шмат: часам найперш патрэбнае лячэнне, але ж знаходзіць чалавек час на прагляд тэлевізару, на размовы з сябрамі, дык чаму б і не паклапаціцца пра жывёлу? Вельмі часта гэта сапраўды проста выбар тваіх прыярытэтаў. 

— Вы як веруючая жанчына ці разважалі, адкуль у вас у сэрцы столькі спачування да жывёлаў? 

— Напэўна, я проста такі чалавек, я не змагу ўжо сябе змяніць. Пан Бог стварыў гэты свет, і чалавек як дзіця Божае перад усімі нясе адказнасць за тое, як ён распараджаецца гэтым светам. Нехта, напрыклад, сартыруе смецце, нехта ставіцца ашчадна да прыродных рэсурсаў. Я таксама стараюся ўсё гэта рабіць. Раз мы нясём адказнасць за гэты свет, то часам трэба і выпраўляць чыесьці памылкі. Ведаеце, мы з маёй маці сталі заўважаць, што ў нас нейкім цудам з’яўляюцца грошы на бяздомных жывёлаў, іх лячэнне і ежу. Ці гэта Божы Провід — не ведаю, але з Яго дапамогай мы стараемся рабіць тое, што магчыма зрабіць. Я не лічу тых грошай, якія аддала на дапамогу, у тым ліку і чалавеку. Зрэшты, калі Бог даў табе сілы і магчымасці, паставіў на тваім шляху некага ў патрэбе, то трэба і дапамагчы. І гэта лягчэй зрабіць, калі ставіш сябе на яго месца.

— Часам кажуць, што лепш дапамагаць людзям, чым жывёлам, маўляў, прасцей быць добрым з імі. З якімі папрокамі Вы сутыкаецеся найчасцей?

— Сапраўды, ёсць нейкі дзіўны стэрэатып, што людзі могуць вельмі любіць жывёлаў, але ненавідзець людзей. Я часцей сустракалася менавіта з тым, што такія абвінавачванні ідуць ад тых, хто нейкім чынам жадае апраўдацца ці, напрыклад, чалавека раздражняе, што нехта некаму дапамагае. Неаднаразова на валанцёрскіх форумах я бачыла, як хтосьці агрэсіўна пачынае казаць: а чаму вы дапамагаеце коцікам, а не дапамагаеце, напрыклад, хворым дзецям? Але самае дзіўнае, што на пытанне, а што ты сам зрабіў добрага пажылому чалавеку або хвораму дзіцяці, чалавек адказаць не можа, а, наадварот, становіцца яшчэ больш агрэсіўным. 

Я сутыкалася з людзьмі, якія спіхвалі на мяне адказнасць за бяздомных жывёлаў, бо, маўляў, ты ж займаешся імі! А часам дома можа быць проста карантын, хварэе кот і ты, на жаль, у гэты час узяць іншага ката не можаш, бо для яго гэта рызыка захварэць самому.  Што мяне вельмі засмучае, дык гэта нейкая агрэсія ў нашым грамадстве да тых, хто ратуе жывёлаў. Думаю, што любы валанцёр з гэтым сутыкаўся. Добры чалавек будзе добрым да кожнай істоты. Мне здаецца, калі ты сапраўды любіш людзей, то будзеш любіць і жывёлаў і не зможаш прайсці паўз бездапаможнага стварэння.

— Кацярына, дзякуй вялікі за размову, за Ваш досвед і добрае сэрца! 


Гутарыла Вольга Качалка
Фота Кацярыны Лаўрыненка

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла