«Адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты…»

Першая нядзеля Адвэнту, Год А (01.12.2019)

Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута.

Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Знайце ж тое, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.

(Мц 24, 37–44)

«Адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты…»

У сённяшнім евангельскім фрагменце Пан Езус гаворыць пра людзей, якія працуюць у полі і ў свіране на жорнах. Падобна, што праца тых дваіх у полі і тых дваіх на жорнах не вельмі адрознівалася і патрабавала аднолькавай пільнасці. Таму дзівіць, чаму адзін з працаўнікоў атрымлівае збаўленне, а другі — яшчэ не. Адказ на гэтае пытанне мы знойдзем толькі тады, калі ўбачым унутраны свет гэтых людзей, іх мэты і намеры.

Напрыклад, уявім трох мужчын. Кожны будуе дом. Усе трое — прафесіяналы, выконваюць працу старанна і якасна. Але кожны будуе дом па ўласных прычынах. Першы мужчына — старанны будаўнік, але яго ў асноўным цікавяць грошы, якія ён атрымае за сваю працу. Другі працуе з клопатам пра тое, каб сям’я, якая будзе жыць у гэтым доме, адчувала сябе ўтульна, — ён будуе дом так, як будаваў бы для самога сябе. А трэці будаўнік, што працуе гэтак жа якасна, як астатнія, працуе для Бога — дзеля пашырэння Яго хвалы. Усе тры дамы аднолькава добра збудаваныя, але матывацыя ў будаўнікоў вельмі адрозніваецца. Не выключана, што трэці будаўнік зусім не думае пра грошы і дабро сям’і, якая паселіцца ў гэтым доме.

Разумеючы, што розныя інтэнцыі могуць даць падобныя з выгляду вынікі, паразважайма, што гэта за будаўнік, у чыёй працы з’яўляюцца надпрыродныя матывы.

Гэта чалавек, які ўсведамляе сутнасць дару святога хросту. Гэты сакрамэнт яднае нас з Панам Езусам, і таму можна смела сказаць, што хрысціяне адрозніваюцца ад неахрышчаных людзей. У гэтым сэнсе кубак вады, пададзены хрысціянінам, мае вечную вартасць, якой не мае кубак вады, пададзены неахрышчаным чалавекам. Гэта, вядома ж, гэткі самы добры ўчынак, але ён іншы. Вядома, гэтая «іншасць» — не прычына для пыхі, а заклік паслужыць бліжняму, і гэтае служэнне мае звышнатуральную матывацыю.

Тэалогія ў гэтым кантэксце гаворыць пра чыстую інтэнцыю — гэта значыць, што добрыя ўчынкі робяцца дзеля таго, каб падабацца Богу, дзеля Яго хвалы. Еднасць з Езусам, атрыманая праз хрост і (трэба гэта падкрэсліць) усведамленне гэтай еднасці, робяць так, што нашыя ўчынкі ўжо належаць Хрысту, яны Ягоныя. Выходзіць, што нават учынак, якога ніхто не бачыць, атрымлівае зусім іншую вартасць. Так чынілі многія святыя, напрыклад, Францішак з Асізі. Калі ён навярнуўся да Бога, вакол яго пачало адбывацца шмат іншых навяртанняў. Гэта вынікала менавіта з «іншасці», да якой здольны хрысціянін, што усведамляе сваё пакліканне. Гэта новая тоеснасць, якая нагадвае ахрышчаным пра годнасць Божых дзяцей, якую яны атрымалі. Гэтая «іншасць» — бясконцы працэс ачышчэння матываў нашых учынкаў, бо цяпер мы належым ужо не сабе, а Езусу, які аддаў за нас сваё жыццё.

Будзем жа маліцца за тых, хто яшчэ не адкрыў для сябе гэтай «іншасці», якою кожнага з нас праз хрост адорвае Езус. Няхай Адвэнт, які пачынаецца сёння, ачысціць нашыя сэрцы ад інтэнцый, недастойных Божага дзіцяці. Езус сказаў: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5). Усведамленне еднасці з Езусам і неабходнасць Яго ласкі — адзіны спосаб дасягнуць таго, каб Езус узяў нас да сябе і дазволіў разам з Ім цешыцца вечнасцю. Адсутнасць чыстай інтэнцыі — гэта адданне сябе самога на пакуты чыстцовага агню, пакуль мы не навучымся любіць Бога шчыра і бескарысліва.


Айцец Раман Шульц ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла