«Слова сталася целам і пасялілася між намі…»

ІІ Нядзеля пасля Нараджэння Пана, Год А (05.01.2019)

Пахвала мудрасці — у ёй самой, і праслаўлена будзе яна сярод свайго народа. На сходзе Найвышэйшага яна адкрые вусны свае і перад Ягонай магутнасцю будзе ўсхваляць сябе:

Тады загадаў мне Стварыцель усяго, той, хто стварыў мяне, вызначыў месца для майго шатра і сказаў: У Якубе пасяліся і ў спадчыну прымі Ізраэль. Спрадвеку, з самага пачатку Ён стварыў мяне, і ніколі я не перастану існаваць. У святым шатры перад Ім я служыла і так умацавалася на Сіёне. Ён таксама даў мне адпачынак ва ўмілаваным горадзе, у Ерузалеме ўлада мая. Укаранілася я ў праслаўленым народзе, ва ўласнасці Пана, у спадчыне Ягонай.

(Сір 24, 1–2. 8–12)

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным.

Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых, не перастаю дзякаваць за вас, успамінаючы вас у сваіх малітвах, каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых.

(Эф 1, 3–6. 15–18)

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.

Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.

Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне». 

Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».

(Ян 1, 1–18)

«Слова сталася целам і пасялілася між намі…»

Аднойчы мне трапілася такая прыпавесць.

Неяк селянін вёз пшаніцу на збожжавы элеватар у бліжэйшае мястэчка. Па дарозе ён затрымаўся паесці і ў рэстаране апынуўся побач з групаю разбэшчаных юнакоў, якія лаяліся на кухара і дакучалі афіцыянтцы нясціплымі заўвагамі. Калі селяніну прынеслі замоўленую ежу, ён, схіліўшы голаў, прачытаў малітву. Тады адзін з маладзёнаў вырашыў з яго пакпіць і гучна звярнуўся да селяніна, імкнучыся, каб усе ў рэстаране яго пачулі: «Гэй, бацька, там, адкуль ты прыехаў, усе так чыняць?». Стары селянін павярнуўся да юнака і спакойным ясным голасам адказаў: «Не, сынку, жывёлы не чыняць»1

Немагчыма не заўважыць, наколькі шырока і паўсюдна ў грамадстве святкуецца Божае Нараджэнне, але ў святочных мерапрыемствах вельмі часта не ўзгадваецца віноўнік урачыстасці — сам Езус. Такі падыход уласцівы людзям, якія не вераць у таямніцу Божага Уцелаўлення. Не забываймася пра іх у малітве!

Нешта падобнае адбываецца і з нашым жаданнем захапляцца Божым стварэннем: усім светам, планетамі, нашаю Зямлёю і ўсім, што напаўняе яе. Людзі падарожнічаюць у самыя прыгожыя мясціны, радуюцца прыродзе, жывёлам, раслінам, але недахоп веры не дае ім звязаць прыгажосць створанага свету са Стварыцелем. Яны бачаць гаршчок, але забываюцца пра Ганчара, які выляпіў яго — так можна сказаць, перайначыўшы словы прарока. Вера ў чалавеку набліжае яго да Бога, а яе недахоп аддаляе ад Яго. Памятайма пра такіх людзей у малітве!

Сёння ў літургічных чытаннях мы слухаем пра Божую мудрасць, якая стварыла свет. Гэтая мудрасць — Слова Бога Айца, якое існавала да таго, як быў створаны сусвет, якое не мае ні пачатку, ні канца, ёсць Альфаю і Амегаю, Пачаткам і Канцом усяго. Пра гэтую мудрасць піша і святы Павел, кажучы, што яна мае глыбіню, вышыню, шырыню і даўжыню. Гэтаю спрадвечнаю Мудрасцю ёсць Езус, які нарадзіўся, быў укрыжаваны і ўваскрос, а Яго пазнаванне і еднасць з Ім Апостал лічыць галоўнаю мэтаю свайго жыцця, а ўсё іншае — гэта смецце. 

Селянін з прыпавесці, пра якую я ўзгадаў вышэй, усведамляе, што такое дары Божай мудрасці, а яго ўдзячнасць за ежу — знак сяброўства з Езусам. Ад Таго, хто з’яўляецца спрадвечнаю Мудрасцю, чалавек можа атрымаць дар веры і мудрасці. У Старым Запавеце мы чытаем, што Саламон прасіў Бога аб мудрасці, і Богу вельмі спадабалася гэтая просьба. Разам з мудрасцю ён атрымаў і ўсе іншыя дары. Кожны вернік пакліканы да сяброўства з Божаю Мудрасцю, з Езусам, Уцелаўлёным Словам, і чым бліжэйшае гэтае сяброўства, тым большаю мудрасцю — дарам Духа Святога — Бог адровае сваіх сяброў.  

Існуе некалькі спосабаў здабыць гэты Божы дар. Па-першае, трэба маліцца аб мудрасці — і тады Бог адорвае нас так шчодра, як мы і не спадзяваліся. Мудрасці трэба вучыцца на памылках, каб больш іх не рабіць, і найлепш — на чужых памылках, бо гэта не такі балючы досвед. Мы атрымліваем мудрасць, чытаючы Святое Пісанне. Варта памятаць, што мудрасць ідзе ад сэрца да сэрца (як і глупства), і таму вельмі важна сустракацца з мудрымі людзьмі і мудрымі кнігамі. Божая Мудрасць, Божае слова — гэта Божы Баранак, з’яўленне якога прадказаў яшчэ прарок Ісая, і пра якога мы чытаем у кнігах мудрасці Старога Запавету. Мудрасць — гэта імя другой Асобы Святой Тройцы, гэтую Асобу Нябесны Айцец дзеля нас прывёў у свет праз Дзеву Марыю. Гэтую Асобу, увасабленне Божай Мудрасці, святы Ян Хрысціцель пазнае, калі хрысціць народ у рацэ Ярдан, і праз яго словы мы ўсведамляем Яе прысутнасць і знаходзім Яе на Эўхарыстычным алтары, кажучы: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая». 

Падзякуем Пану Богу за перыяд Божага Нараджэння, які мы перажываем кожны год, праз які зноў набліжаемся да гэтай таямніцы. Няхай у нас расце любоў да Слова, якое пасялілася між намі, якое мае стваральную і збаўчую моц, з’яўляецца Любоўю і Мудрасцю. 


Айцец Раман Шульц ОР

1. Paul J. Wharton, „Opowiadania i przypowieści”, Wydawnictwo Księży Marianów, Warszawa, 1997, s. 28

 
старые отсос по звонку. Гифки. кабинет врача Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла