«Заззяе ў цемры тваё святло…»

Пятая звычайная нядзеля, Год А (09.02.2020)

Дзяліся з галодным хлебам сваім, пускай у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, апрані яго і ад роднага свайго не хавайся.

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне.  Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я!

Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць беззаконне, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень.

(Іс 58, 7–10)

Я прыйшоў да вас, браты, не для таго, каб абвяшчаць вам Божую таямніцу ўзнёслым словам ці мудрасцю. Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага. Я стаў перад вамі ў слабасці, у страху і ў вялікім трымценні. А маё слова і прапаведаванне не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні Духа і моцы, каб вера вашая грунтавалася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай. 

(1 Кар 2, 1–5)

Вы   соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям. 

Вы   святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. 

(Мц 5, 13–16)

«Заззяе ў цемры тваё святло…»

Чытанні з кнігі прарока Ісаі і Евангелля паводле Мацвея, якія гучаць сёння ў літургіі, апісваюць адну і тую ж рэчаіснасць, аднак з двух розных бакоў. Урывак з кнігі прарока Ісаі — частка навучання аб тым, як перажываць пост. Пост — гэта практыка, якая павінна весці чалавека да асвячэння і еднасці з Богам. Але прарок паказвае, што такі шлях да Бога ідзе праз іншага чалавека. Бог — гэта стасункі. Бог — гэта любоў. Таму наш шлях да Яго палягае на тым, каб напоўніць усе свае стасункі любоўю. Калі ў нашых стасунках з іншымі людзьмі знікне эгаізм, калі мы выберам шлях любові, тады ў жыцці заяснее святло Божай прысутнасці. 

Пан Езус сёння гаворыць нам, што мы святло свету. Ён прамаўляе гэтыя словы на гары, адразу пасля казання аб благаслаўленнях. Благаслаўленні — гэта праграма хрысціянскага жыцця, але калі ставіцца да іх выключна як да задачы, пастаўленай перад намі Богам, яны стануць праклёнам. Ніводзін чалавек не мае сілы выканаць іх усе. Але Пан Езус не столькі загадвае нам выконваць іх, колькі паказвае праз іх шлях любові, якім вядзе нас Нябесны Айцец. Бог з’яўляецца для нас Даўцам усяго дабра. Ён — крыніца любові, якая павінна аб’явіцца ў нас і напоўніць нашыя стасункі з людзьмі. Таму тыя, з кім мы сустракаемся і хто адчувае нашую любоў, мусяць праславіць за гэта Бога Айца ў нябёсах. 

Пан Езус змяняе наш светапогляд. Сапраўды, святасць — гэта Божая прысутнасць у нашым жыцці. Але гэта не мы самі дасягаем яе з дапамогаю розных пабожных практыкаў, а атрымліваем яе задарма. Так, Божая прысутнасць аб’яўляецца ў нашай любові і ўчынках, але мы не з’яўляемся яе крыніцаю і вытокам. Мы не можам выпрацоўваць Божай ласкі, а можам толькі атрымаць яе і перадаць далей. Неабходна памятаць пра стасункі і сувязь з Богам, з якой вынікае ўсё добрае ў нас, уся нашая любоў. Неабходна дбаць пра тое, каб не страціць гэтай сувязі. Нашая залежнасць ад Бога не з’яўляецца абмежаваннем, а наадварот — толькі ў еднасці са Стварыцелем мы можам цалкам быць сабою. 


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней