Пра 50 гадоў жыцця і сваё другое «паўналецце» - размова з біскупам Юрыем Касабуцкім

Напярэдадні чарговай гадавіны біскупскага пасвячэння Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі — дома, у сваёй службовай кватэры ў курыі, дзе жыве з таго часу як стаў канцлерам. Не змянілася яго «рэзідэнцыя» і пасля біскупскага пасвячэння. Ён гасцінна запрашае ў невялікую залу, прапануе каву. За кубкам духмянага напою з цукеркамі пачынаем размову пра тое, з якім настроем біскуп Юрый сустракае свой 50-гадовы юбілей.


— Ваша Эксцэленцыя, распавядзіце, калі ласка, пра Ваша дзяцінства, пра сям’ю, бацькоў.

— Я паходжу з даволі звычайнай сям’і. Тата, Казімір, працаваў электрыкам, мама, Уладзіслава, усё жыццё была тэлеграфістам у раённым аддзеле сувязі ў Маладзечне. Я нарадзіўся ў Маладзечне, як і мая старэйшая сястра Алена. У нас была вельмі добрая сямейная атмасфера, напоўненая любоўю. Бацькі стараліся нас выхоўваць: усё, як звычайна, нічым мы асабліва не адрозніваліся ад іншых — звычайнае дзяцінства, звычайнае жыццё звычайных людзей.

Бацькі былі рэлігійнымі людзь­мі. У сям’і мы адзначалі касцёльныя святы, ездзілі ў касцёл у Краснае, бо ў Маладзечне святыні не было. Таму касцёл майго дзяцінства — гэта Уша, Краснае. Штонядзе­лі бываць там не атрымлівалася: з-за працоўнага графіку бацькам па нядзелях часта даво­дзілася працаваць, але, калі была магчымасць, то ехалі на Імшу. Гэтаму трэба было прысвяціць амаль увесь дзень: раніцай на электрычцы выяз­джалі, а вярталіся ўжо ў другой палове дня.

— А хто стаў для Вас першым прыкладам веры?

— Такім «рэлігійным асяродкам» у нас заўсёды была бабуля Яніна, маміна мама. У яе збіралася ўся сям’я, усе дзядзькі і цёткі. Пра яе варта распавесці асобна. Бабуля паходзіла з вёскі Аношкі, што ў даўгінаўскай парафіі. Падчас вайны загінуў яе муж, мой дзядуля, а ў яе на руках было трое маленькіх дзяцей. Яна ў другі раз выйшла замуж, і калі саветы пачалі зганяць усіх у калгасы, яны пераехалі ў горад, у Маладзечна, бо другі муж бабулі, дзядуля Ігналя, сказаў: «Я ў калхоз не пайду!» Так яны апынуліся ў Маладзечне, хоць да горада вяскоўцам было вельмі няпроста прызвычаіцца.

Сям’я таты паходзіць з Валожыншчыны, з вішнеўскай парафіі. Пасля вайны тата таксама прыехаў працаваць у Маладзечна. Тут яны з мамай пазнаёміліся і стварылі сям’ю, тут нарадзіліся дзеці: Алена і я.

— Нішто не азмрочвала шчаслівага дзяцінства?

— У дзяцінстве я вельмі не любіў хадзіць у дзіцячы садок. Кожны дзень для мяне гэта была «трагедыя». Ёсць такі жарт: у дарослага чалавека пытаюцца, ці была ў яго дзяцінстве найбольшая памылка, якую ён зразумеў, толькі стаўшы дарослым. Чалавек адказвае: «У дзяцінстве я лічыў, што спаць пасля абеду — гэта пакаранне» [смяецца]. Але тады гэта была для мяне сапраўды вялікая праблема, бо нас клалі прымусова спаць, а я ніколі не мог заснуць. Мне больш падабалася ў хаце, дзе было больш свабоды, дзе можна было гуляць на падворку з іншымі дзецьмі. У сем гадоў пайшоў у школу. Я вучыўся ў 8-й школе Маладзечна, якая знаходзілася побач з домам: «падарожжа» ад дома да школы займала прыкладна паўтары хвіліны.

— І ўжо ў школе Вы пачалі задумвацца, каб стаць святаром?

— Так, былі такія думкі. А пасля заканчэння школы я апынуўся на раздарожжы. Чым заняцца? У мяне было некалькі розных думак адносна будучай прафесіі. Адной з іх была і думка пра семінарыю, пра тое, каб стаць святаром, але адразу пасля школы ў тыя гады гэта было яшчэ вельмі складана. Я падзяліўся гэтай думкай з маім пробашчам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім, на што той адказаў: «Вельмі добра. Схадзі спачатку ў войска, а потым паедзеш у семінарыю ў Рыгу». Сапраўды, да арміі гэта тады было немагчыма.

— Думка пра святарства з’явілася пад уплывам святароў, якіх Вы сустрэлі ў дзяцінстве?

— Напэўна, так. Бабуля Яня і дзядуля Ігналя былі знаёмыя з ксяндзамі, у прыватнасці, з ксяндзом Станіславам Жуком з Касцяневічаў, з ксяндзом Янам Адамовічам. Святары нават спыняліся ў іх доме, калі прыязджалі ў Маладзечна па нейкіх справах.

Калі я быў малы, мяне старэйшыя часам страшылі ксяндзом: «Сядзі ў касцёле ціха, а то ксёндз будзе ругацца», маючы на ўва­зе ксяндзя Яна Адамовіча. Міністрантам я не быў: тады дзеці на Імшы не служылі, міністрантамі ў Красным былі толькі дарослыя мужчыны. А калі з’явіўся ксёндз Эдмунд, ён сам падыхо­дзіў да дзяцей, да маладых лю­дзей, пытаўся: «Хто ты? Адкуль?» Можа, мне цяжка было б самому пачаць размову са святаром, але, калі ён сам першы звяртаўся, то гэты бар’ер знікаў. З ім не баяліся паразмаўляць, ён ніколі нікога не адштурхнуў і такімі адносінамі многіх прывёў у Касцёл. 

Ксёндз Эдмунд стаў такім прыкладам святара, дзякуючы якому ў мяне ўзніклі думкі пра семінарыю, і, думаю, не ў мяне аднаго. У той час з Маладзечна былі яшчэ пакліканні: браты Сяргей і Юрый Бараўнёвы, Уладзіслаў Шышла, Уладзіслаў Лазар і нават у нейкай ступені Павел Халяўкін, які прыязджаў у Маладзечна да цёткі, вельмі пабожнай жанчыны, з якой разам хадзіў у касцёл. Ксёндз Эдмунд адыграў вялікую ролю ў нашым пакліканні, і мне ён таксама шмат дапамог, падтрымаў мяне, паказаў, як выглядае святарскае жыццё.

Неяк у нядзелю ён узяў нас з Сяргеем Бараўнёвым, каб мы разам з ім паехалі па парафіях, якія ксёндз Эдмунд тады абслугоўваў. Пяць Імшаў у розных месцах — больш ужо не атрымлівалася, бо людзей яшчэ трэба было паспавядаць. З-за затрымак мы спазняліся, і ў Маладзечна, дзе была апошняя Імша ў клубе чыгуначнікаў, мы маглі прыехаць на гадзіну-паўтары пазней. Але людзі не разыходзіліся і цярпліва чакалі, спявалі, маліліся. Таму і мы вывучылі на памяць шмат малітваў і касцёльных песень. Вядома, былі зусім іншыя часы. Калі мы так з ім паездзілі, пагля­дзелі, ксёндз Эдмунд пытаецца: «Ну як, не расчараваліся?» Не, не расчараваліся!

— А якія былі зацікаўленні ў прафесійнай сферы?

— Мяне цікавіла філалогія, замежныя мовы, але паступіць на перакладчыцкі факультэт у мінскі Інстытут замежных моў пасля школы таксама было нерэальна. Спачатку трэба было адслужыць у войску і мець накіраванне з адпаведных структураў. Карацей, шанцаў туды трапіць у мяне не было. Адзіны ў Савецкім Саюзе Інстытут замежных моў, куды бралі пасля школы, быў у Маскве, і я з аднакласнікам вырашыў з’ездзіць у сталіцу Савецкага Саюза. У прыёмнай камісіі ў мяне запыталіся: «Ты ад каго?» Я адказваю: «Сам ад сябе». На гэтым размова скончылася. У мяне нават дакументаў не ўзялі, а сказалі вяртацца дадому. З той паездкі ў Маскву ў мяне засталіся юнацкія ўспаміны і партрэт, намаляваны за дзесяць хвілін на Арбаце. Словам, я быў у пошуках і паступіў у Інстытут народнай гаспадаркі на гандлёвы факультэт. Падчас вучобы ў Мінску хадзіў у касцёл на Кальварыі. Правучыўся ў наргасе год, пасля чаго мяне прызвалі ў войска. Тады яшчэ ўсе ішлі служыць, ніякіх адтэрміновак не было, і гэта было нармальна: 18 гадоў спаўняецца і, калі праходзіш па здароўі, ідзеш служыць.

— Войска Вас загартавала?

— У пэўным сэнсе — так. Я служыў у Ленінградзе, у войсках супрацьпаветранай абароны, а калі вярнуўся, у дзяржаве ўжо поўным ходам ішлі перамены: адбывалася «перабудова». Адкрылася Гродзенская семінарыя, і я адразу з войска паступіў у семінарыю.

Канчаткова гэтае рашэнне даспела ў войску. Там былі цікавыя моманты. У нас была група літоўцаў, якія трымаліся асобна і дэманстрацыйна паказвалі што яны католікі, веруючыя, таму мне таксама было лягчэй перажагнацца, не хаваць, што я католік. Са мной служыў яшчэ адзін хлопец з Петразаводска, праваслаўны; яго дзед быў бацюшкам, і мы з ім сышліся.

Аднойчы на Вялікдзень, які ў той год супадаў у католікаў і праваслаўных, наш зампаліт паклікаў нас да сябе і кажа: «Я вам даю звальненне. У вас Пасха — вы ведаеце, куды схадзіць». А потым цішком дадаў: «І за мяне памаліцеся».

Па праўдзе кажучы, куды нам разам пайсці, мы не ведалі. Чулі, што ёсць на Неўскім Казанскі сабор, але што там музей атэізму, мы не ведалі. Зайшлі мы туды ў форме, салдатам квіткі не патрэбныя, сталі перад нейкімі мазаікамі, перажагналіся. Як на нас там усе глядзелі!..

Потым я падышоў у кіёск гарадской даведкі запытаць, дзе працуе касцёл. «Каталіцкі храм?» — жанчына ў кіёску так падазрона на мяне паглядзела і кажа: «Ідзі ты адсюль, не трэба мне твае пяць капеек». Пазней мне растлумачылі, дзе на Ковенскім завулку ёсць касцёл, і я туды, нарэшце, трапіў. Імшы там не было, але касцёл быў адчынены. Я зайшоў, памаліўся. Так выглядала маё рэлігійнае жыццё ў войску. А потым была семінарыя.

— А ў семінарыі было лягчэй, чым у войску?

— Думаю, не цяжэй. У Гродзен­скую семінарыю на наш курс — гэта быў другі набор — паступіла каля сарака кандыдатаў. Пераважная большасць была з Беларусі, было некалькі чалавек з Украіны, з якімі я вельмі пасябраваў, і гэтае сяброўства працягваецца да сённяшняга дня. Было таксама двое з Літвы: адзін — з Вільні, а другі — з Лаварышак, дзе размаўляюць па-беларуску, які не ведаў літоўскай мовы і таму паступіў у Гродна.

Калі мы паступілі, семінарыі перадалі ўжо ўвесь будынак. Там ішла перабудова, рамонт, каб прыстасаваць яго да патрэбаў семінарыі. Таму мы вельмі шмат працавалі разам з будаўнікамі і ўсімі, хто дабравольна прыходзіў дапамагаць. 

У семінарыі мне падабалася. Пасля войска я не бачыў праблемы ў дысцыпліне, хоць і не быў самым дысцыплінаваным семінарыстам. Мне падабалася штодзённая Імша, рэгулярная малітва, і ўсё было вельмі цікава. Сёння, калі юнак прыходзіць у семінарыю, ён ужо шмат ведае з катэхезы, а мая катэхеза — гэта тое, што мне рапавядала бабуля, і ў семінарыі я даведаўся шмат новага. Жыццё там было зусім іншым, і мне гэтае жыццё падабалася: я адчуваў, што гэта — маё.

— Якія былі Вашы першыя крокі ў святарстве?

— Усяго з майго курсу семінарыю скончылі 19 чалавек. З Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі нас было чацвёра: Аляксандр Чайкоўскі, Уладзіслаў Шышла, Ян Крэміс і я. Мы прымалі пасвячэнне зімой, 7 снежня 1996 года. У катэдры ў Мінску тады толькі разабралі паверхі, і ксёндз Антоній Клімантовіч, які тады быў вікарыем, падышоў да нас перад пасвячэннем і кажа: «Калі хочаце, каб касцёл прыгожа выглядаў, прэзбітэрый трэба пафарба­ваць». І мы разам з іншымі лю­дзьмі фарбавалі белым колерам па тынку.

Пасля пасвячэння я год працаваў вікарыем у Магілёве, дзе быў на практыцы пасля першага курсу семінарыі. На семінарыйных практыках я быў у розных парафіях: у Магілёве, у Дзераўной, у Далёкіх (цяпер гэта ўжо Віцебская дыяцэзія). Мне пашанцавала пазнаёміцца з рознымі супольнасцямі, рознымі святарамі: старэйшымі і маладымі, і гэта дапамагло мне потым у душпастырстве.

Божы Провід заўсёды кіруе, і Ён вёў мяне па жыцці. Першы асабісты досвед святарскага служэння ў Магілёве быў вельмі цікавым. Пробашч, ксёндз Ула­дзіслаў Блін, мне давяраў ва ўсіх справах. Тады на Магілёўшчыне ішло адраджэнне Касцёла, трэба было шмат ездзіць, збіраць сродкі, і ён мне таксама даваў такія заданні. 

Пасля Магілёва я атрымаў прызначэнне ў Вілейку. З гэтай парафіяй у мяне звязаныя вельмі прыемныя ўспаміны: гэта проста цудоўныя людзі! Для мяне яны сталі ўзорам парафіі. Там я як святар адчуваў, што працую для людзей, з якімі можна разам шмат чаго зрабіць. Я жыў у невялічкім пакоі над сакрыстыяй, і мы толькі рабілі нейкія захады, каб будаваць плябанію, але людзі ведалі, што можна прыйсці ў касцёл, і там заўсёды ёсць ксёндз. Гэта працягвалася некалькі гадоў, пасля чаго кардынал Казімір Свёнтэк вырашыў скіраваць мяне на далейшую вучобу, і я паехаў вучыцца ў Люблін.

— І потым зноў вярнуліся ў семінарыю?

— Так, потым быў прэфектам у семінарыі ў Пінску. Для мяне гэта было складана, я не бачыў сябе ў гэтай якасці. Прэфект — гэта той, хто ў семінарыі адказвае за дысцыпліну, а я ўжо казаў, што не быў самым дысцыплінаваным. Калі кардынал сказаў: «Будзеш прэфектам», я адказаў, што не бачу сябе ў гэтай ролі. Тады ён падвёў мяне да люстэрка ў сваёй хатцы ў Пінску і кажа: «Глядзі: вось ён, прэфект». Вядома, гэта быў жарт, бо ён не хацеў прымушаць, а чакаў, каб я сам згадзіўся.

Нялёгка гэта мне давалася: і выкладанне, і адказнасць за дысцыпліну. Але Бог хацеў, каб я праз гэта прайшоў. Гэты этап быў патрэбны, каб я чамусьці навучыўся, набыў такі досвед. Менавіта з гэтым перыядам звязаны яшчэ адзін цяжкі досвед. 

25 студзеня 2002 года я трапіў у аварыю. Каля года я правёў у розных шпіталях і вярнуўся ў семінарыю ўжо з зусім іншымі думкамі. Да гэтага я толькі ўсведамляў, што ўсё адбываецца з волі Божай, а цяпер пачаў адчуваць Божы Провід. Пасля аварыі я стаў па-іншаму на ўсё глядзець: калі Бог так хоча, значыць так і будзе. Супраціўляцца Божым планам не мае сэнсу. Таму, калі кардынал прапанаваў новае месца служэння, я ўжо не вагаўся.

— І тады Вы трапілі ў Мінск?

— Так, я стаў дырэктарам сакратарыяту епіскапату [Пастырскі цэнтр пры ККББ. — М.Г.], а праз год ён кажа мне: «Патрэбны канцлер». Я яму задаў пытанне: «А можа, усё ж кудысьці на парафію, каб з людзьмі працаваць?» А ён у адказ: «Я лічу, што ты павінен стаць канцлерам». І так я стаў канцлерам [курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. — М.Г.]. Праз год я атрымаў дэкрэт на Залатую Горку [парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску. — М.Г.]. Так распачаўся, як я кажу, «залаты» час майго святарскага жыцця. Душпастырская праца ў парафіі мне вельмі падабалася, бо я люблю працаваць з людзьмі. Было вельмі складана прыняць волю Божую, калі мяне забіралі з Залатой Горкі, каб зрабіць біскупам. Я яшчэ пажартаваў: «А можна я застануся на Залатой Горцы?»

Але жыццё біскупа зусім іншае. Я пачаў па-іншаму гля­дзець на многія рэчы, як і пасля аварыі. Дарэчы, маё біскупскае пасвячэнне было ў свята Навяртання святога апостала Паўла, 25 студзеня — у той самы дзень, што і аварыя, у якой я цудам застаўся жывы. Таму сёлета, у шостую гадавіну біскупства, я адзначыў таксама сваё «другое паўналецце» — 18 гадоў пасля аварыі.

— Біскупскае служэнне змяніла Вас і Вашыя адносіны з людзьмі?

— Быць дапаможным біскупам — гэта больш пастырскае служэнне, у меншай ступені адміністрацыйнае ў параўнанні з працаю дыяцэзіяльнага біскупа, хоць мы разам з арцыбіскупам праводзілі візітацыі парафій, падзяліўшы паміж сабою гэтую працу. Я бываю ў розных парафіях на ўрачыстасцях, удзяляю сакрамэнт канфірмацыі, але часам даводзіцца вырашаць і нейкія складаныя сітуацыі, канфліктныя.

Пасля таго як я стаў біскупам, мне здаецца, я асабліва не змяніўся, не стаў нейкім недасяжным, таму з сябрамі, з блізкімі людзьмі захаваліся нармальныя адносіны. Я не ствараю паміж сабою і людзьмі нейкай дыстанцыі, не лезу людзям у душу, а прымаю ўсё як ёсць.

* * *

…Паступова размова перахо­дзіць на іншыя тэмы, якія застаюцца за межамі нашага інтэрв’ю... Жадаю біскупу Юрыю Касабуцкаму, каб Божы Провід гэтак жа цудоўна кіраваў ім і ў наступныя 50 гадоў на карысць народу Божаму і на хвалу Богу, якому ён прысвяціў сваё жыццё.


Размаўляў дыякан Мікола Гракаў
Фота Віталія Палінеўскага і Мікалая Новікава

* * *

Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», а таксама выдавецтва «Про Хрысто» сардэчна віншуюць свайго былога кансультанта і цяперашняга старшыню Рады па сродках масавай камунікацыі біскупа Юрыя з залатым юбілеем. Жадаем Вам, шаноўны Эксцэленцыя, моцнага здароўя, шмат сілы і энергіі для Вашай пастырскай працы, асабліва ў справе евангелізацыі праз каталіцкія СМІ. Няхай Дух Святы шчодра спасылае Вам свае дары.

 

 
старые. проститутки брюнетки Красноярск. худые проститутки Екатеринбург. проститутки Курчатовский. Ночные бабочки: проститутки в Оренбурге Гифки. кабинет врача. Секс по материалам сайта . Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла