Сябар дзяцей

У выдавецтве «Про Хрысто» ў пачатку мая, акурат перад прыняццем дзецьмі Першай святой Камуніі, выйшла кніга для дзяцей ксяндза Яна Твардоўскага «Першая Камунія з белым бантам» у перакладзе Ірыны Жарнасек. 

Ксёндз Ян Твардоўскі (1915–2006) — вядомы польскі святар-паэт. Ён таксама аўтар і многіх кніг для дзяцей. На працягу ўсяго свайго служэння ксёндз Ян шмат рыхтаваў дзяцей да Першай святой Камуніі, а ў часе самой урачыстасці скіроўваў да іх сваё слова. Простаю моваю ён тлумачыў ім складаныя рэчы: што такое Эўхарыстыя, што гэта значыць — прымаць святую Камунію, як любіць Пана Бога, чаму Езус з’яўляецца сябрам кожнага чалавека, што такое хрост, якім павінен быць хрысціянін у штодзённым жыцці.

Вялікай папулярнасцю сярод чытачоў карыстаюцца вершы Яна Твардоўскага, кнігі для дзяцей, а таксама рэлігійныя разважанні для дарослых. Ён заваяваў сэрцы чытачоў розных пакаленняў, у тым ліку і дзяцей — найбольш патрабавальных чытачоў. Сам ён любіў Бога, меў жывую веру, ахвотна пра гэта гаварыў і пісаў. Маральныя, этычныя, тэалагічныя праблемы з ягоных вуснаў не палохалі, бо рабіліся зразумелымі нават самым малодшым чытачам.

Першы зборнік апавяданняў і вершаў для дзяцей аўтар назваў «Zeszyt w kratkę. Rozmowy z dziećmi i nie tylko z dziećmi» («Сшытак у клетку. Размовы з дзецьмі і не толькі з дзецьмі», 1973). Размовы пра Бога і пра жыццё паводле Евангелля атрымліваліся ў яго не выкладаннем асноваў веры, але даверлівай размовай з сябрамі пра важныя рэчы. Кожны чалавек мае вольную волю і можа рабіць, што хоча, таму ксёндз Ян дапамагаў сваім сябрам адрозніваць дабро ад зла. Ведаў, што чалавек можа лёгка згубіцца ў свеце, таму ён дапамагаў людзям знаходзіць сваю дарогу да Пана Бога. Вучыў, як жыць і быць добрым. Сам шукаў сэнс жыцця ў Евангеллі і малітве. Кожнаму, хто да яго звяртаўся, ён даваў найкаштоўнейшае, што меў: свой час, зычлівасць, моцную веру ў Бога, прыязнае, даверлівае ўспрыманне свету і людзей.

Кожная кніга ксяндза Яна для дзяцей — у тым ліку і гэтая — урок веры, дабрыні, бескарыслівасці, адказнасці, чулага стаўлення да патрэбаў іншых, умення забывацца пра сябе, вернасці Богу і бацькам. Прырода ў ксяндза Яна — настаўніца, якая вучыць захапляцца Богам, які яе стварыў.

Ксёндз Ян Твардоўскі атрымаў шмат узнагародаў, ганаровых званняў. Сярод іх ён вельмі цаніў званне Кавалера Ордэну Усмешкі (1996), якім яго ўзнагародзіў адзіны ў свеце дзіцячы капітул. Пасмяротна ён уганараваны ўзнагародай Прэзідэнта Польшчы — Камандорскім Крыжам Ордэну Адраджэння Польшчы (2006). Асаблівае прызнанне творчасці ксяндза Яна Твардоўскага праявілася і ў тым, што яго выбралі апекуном школаў (ягонае імя нададзена каля 200 шко­лам Польшчы).

Кнігі ксяндза Яна Твардоўскага папулярныя ў многіх краінах свету. Яго вершы, разважанні, творы для дзяцей перакладзены на нямецкую, славацкую, фламандскую, балгарскую, француз­скую, украінскую, македонскую, ангельскую, чэшскую, венгерскую, габрэйскую, італьянскую, іспанскую, рускую мовы.

Кніга, якую мы аддаем цяпер дзецям, — гэта другая кніга ксян­дза Яна Твардоўскага на беларускай мове. У 2012 годзе ў Беларусі пабачыў свет зборнік вершаў на дзвюх мовах (польскай і беларускай) «Разам з Табою». Цяпер жа, дзякуючы выдавецтву «Про Хрысто», выходзіць у свет кніга для дзяцей. Спадзяемся, што яна дапаможа ім па-сапраўднаму, з любоўю ў сэрцы перажыць дзень Першай святой Камуніі, дапаможа ім убачыць найважнейшае ў гэтым дні. А калі прамінецца ўрачысты настрой, кніга будзе каштоўнай дарадчыцай у штодзённым жыцці і добрым правадніком па таямніцах веры.

Мебельная компания *Savio* изготавливает на заказ шкафы купе красноярск, а также любую корпусную мебель в Красноярске. квартира для, купить квартиру в киеве ежедневники краснодар, записную

Аляксандра Іваноўская

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла